Шмат катоў і першыя сняжынкі... Як жыве Ірына Шчасная ў калоніі
Роўна год таму – 18 лістапада 2020 года – затрымалі Ірыну Шчасную. Яна прайшла допыты ў СК, СІЗА-1 у Мінску і суд у Магілёве, дзе ёй вынеслі прысуд у чатыры гады калоніі. Цяпер дзяўчына знаходзіцца ў ПК-4 (горад Гомель). "Вясне" ўдалося даведацца, як яна жыве і што адчувае.
Складанасці
У калоніі Ірына Шчасная працуе швачкай – яна робіць дэталі адзення для работнікаў "МАПІДа" (будаўнічае прадпрыемства РБ). Адзін тыдзень Ірына працуе ў першую змену, а ў наступны – у другую.
У сваіх лістах Ірына паведамляла, што ёй было цяжка ўліцца ў рэжым. Бо ў ім адсутнічае вольны час: акрамя працы ёсць розныя дзяжурствы і прафілактычныя гутаркі са зняволенымі, якія трэба наведваць. Таксама няма магчымасці пабыць адной: у атрадзе і на працы – усюды і заўсёды яе атачаюць людзі (зняволеныя, канваіры, ахоўнікі).
Складанымі з'яўляюцца і бытавыя ўмовы. Напрыклад, у душ дзяўчат водзяць толькі адзін раз у тыдзень. Ёсць і праблемы з харчаваннем: хоць кормяць нядрэнна, аднак Ірына не есць мяса (акрамя курыцы) – а ў порцыях яно часта прысутнічае.
"Когда (если) выйду отсюда, то никогда не буду есть мясо!!!", – напісала яна ў адным са сваіх лістоў.
Зняволеныя атрымліваюць перадачы – аднак дзяліцца імі адзін з адным, частаваць кагосьці і частавацца самому строга забаронена. За гэта можна атрымаць спагнанне, аж да штрафнога ізалятара.
Радасці
На тэрыторыі калоніі жыве шмат катоў (аднак у рукі яны не даюцца). Ірыну гэта вельмі радуе: на волі яна дапамагала жывёлам, а дома ў яе ёсць кот і кошка. У адным з сваіх лістоў Ірына напісала:
"Гэта эстэтычная асалода – назіраць за катамі, асабліва за маленькімі кацянятамі".
Сям'я
Ірына Шчасная вельмі перажывае за сваю сям'ю. Свайго 11-гадовага сына яна не бачыла ўжо год. Пасля затрымання Ірыны яе муж разам з сынам з'ехаў у іншую краіну. Ірына была гэтаму рада – бо гэта гарантуе бяспеку.
"Я ўпэўненая, што людзям на волі пацяжэй". Гісторыя палітзняволенай Ірыны Шчаснай: лісты, турма, салідарнасць і сям'я
Перажывае палітвзняволеная дзяўчына і за бацьку, бо той сур'ёзна хварэе на анкалогію. Ён прайшоў доўгае лячэнне, і Ірына баіцца, што, магчыма, да яе несвоечасова даходзяць навіны пра стан яго здароўя.
Падтрымка
Ірына вельмі ўдзячная за цёплыя словы і падтрымку, якія ёй аказваюць незнаёмыя людзі ў лістах. З многімі з іх яна перапісваецца на пастаяннай аснове. З некаторымі завязалася перапіска яшчэ з часоў знаходжання ў СІЗА. Дзяўчына не чакала, што ў Беларусі ёсць столькі неабыякавых людзей, якія могуць так магутна падтрымаць сваім словам.
Момант
На мінулым тыдні Ірына ўбачыла першы снег. Яна ішла на працу ў першую змену – і раніцай, у цемры разгледзела сняжынкі.
Ірына на імгненне забылася, што яна ў калоніі: цёмнае неба, на іх фоне сняжынкі, якія апускаюцца на твар – у той момант яна адчула кавалачак свабоды і шчасця. Але потым Ірына апамяталася – і пайшла на працу.