Раніцай 16 ліпеня з ператрусамі прыйшлі да незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне 16 ліпеня. Трэці дзень запар адбываецца атака сілавікоў на праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў, культурных і грамадскіх дзеячаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
З ператрусамі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны": наступ на НДА ў Беларусі працягваецца
Затрыманні і ператрусы ў Беларусі працягваюцца 15 ліпеня
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне 15 ліпеня.
Раніцай 16 ліпеня прыйшлі да журналістаў "Белсата", "Радыё Свабода" і фрылансераў.
Мінск
Затрымалі былую журналістку Свабоды Інэсу Студзінскую, у яе кватэры быў ператрус, паведамляе яе сын "Свабодзе".
У Ганны Галёта раніцай адбыўся ператрус. Яе затрымалі паводле 293 артыкулу КК. Ганна Галёта вяла на «Белсаце» праграму-антыфэйк «Лукавыя навіны».
З ператрусам прыйшлі да журналіста "Радыё Свабода" Валянціна Жданко, піша само выданне.
У офіс "Радыё Свабода" прыехалі сілавікі. Яны вылаламалі дзверы офіса і пачалі вобшук.
Стала вядома, што з ператрусам прыйшлі да журналісткі Хрысціны Чарняўскай.
Дапоўнена: У яе канфіскавалі тэхніку. Журналістка пасля ператрусв на волі.
Да журналіста "Белсат" Ігара Ільяша прыйшлі сілавікі, піша "Еўрарадыё". Прычыны пакуль невядомыя.
*Ігар — муж журналісткі Кацярыны Андреевой, якую асудзілі за стрым з "плошчы Пераменаў" з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнка. А таксама суаўтар кнігі "Беларусі Данбас", якую улады прызналі "экстрымісцкай".
Дапоўнена: Пасля вобшуку Ігара павезлі ў Следчы камітэт. Яго затрымалі ў сувязі з крымінальнымі справамі, але яго статус (сведка ці абвінавачаны) невядомы. Справы паводле артыкулаў за «Масавыя беспарадкі» (293 КК РБ) і «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (342 КК РБ). Вядома, што сілавікі груба абыходзіліся з журналістам, спрабавалі прынізіць, мацярыліся, піша @belsat.
Таксама з ператрусам у Мінску прыйшлі да журналісткі Галіны Абакунчык. Пасля ператрусу яна на волі.
У дырэктаркі "Экадома" Марыны Дубінай праходзіць ператрус, паведамляюць падпісчыкі "Белсат". Ператрус праводзіцца па месцы прапіскі ў рамках артыкулаў 293 і 342 КК РБ (масавыя беспарадкі і арганізацыя дзеянняў парушаюць грамадскі парадак). Сама Марына цяпер не дома.
Затрыманы журналіст "Радыё Свабода" Алег Груздзіловіч. У яго кватэры адбыўся ператрус, пасля якога забралі ўсю тэхніку. Алега ў кайданках вывелі дзевяць чалавек.
У праваабаронцы Галіны Усцінавай на лецішчы адбываецца ператрус. Галіна — член праўлення "Прававой ініцыятывы".
З вобшукам прыйшлі ў кватэру журналісткі Любові Лунёвай. Таксама ператрус правялі ў яе на лецішчы. Любоў Лунёва на волі.
На кватэры па прапісцы журналісткі Марыі Арцыбашавай выламалі дзверы. Яе ў гэты момант у кватэры не было.
З ператрусам прыйшлі ў офіс праваабарончай арганізацыі "ТаймАкт".
У сябра праўлення "Прававой ініцыятывы" Яўгена Пугача таксама прайшоў ператрус. Сілавікі канфіскавалі тэхніку. Яўген на волі, піша The Village Беларусь.
У старшыні «Правовой инициативы» Вікторыі Фёдаравай прайшоў ператрус па месцы рэгістрацыі. Сілавікі прыйшлі ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта «масавых беспарадках». Сама Вікторыя за мяжой.
У Мінску ў кватэры на пр. Незалежнасці затрымалі Марыю Семяновіч. Падрабязнасці высвятляюцца.
У старшыні «Таварыства беларускай мовы» Алены Анісім сёння таксама прайшоў ператрус. Пра гэта Алена напісала ў Facebook. «Пакуль я была на працы, раніцай дома прайшоў вобшук. Мае хлопцы, хвалюючыся за мяне, паведамілі пра гэта падчас абеду. Забралі ноўтбук...»
Праходзіць ператрус у кватэры падпалкоўніка запаса Сяргея Шпака. У жніўні 2020 года Сяргей быў адным з афіцэраў, які здымаўся ў відэазвароце да дзеючых вайскоўцаў Рэспублікі Беларусь.
У Мінску ў офісе Прафсаюза РЭП сёння адбыўся ператрус. Узламалі металічныя дзверы, выбілі другія дзверы, забралі ўсю тэхніку, а памяшканне апячаталі.
Затрыманы журналіст "Радыё Свабода" Алесь Дашчынскі.
Брэст
У бацькоў берасцейскага журналіста Алеся Ляўчука прайшоў вобшук, паводле ч.1 арт 342, за падзеі 13 верасня – «Карагодная справа». Вобшук праводзіў ГУБАЗіК, нічога не забралі.
Вобшук таксама прайшоў ў журналісткі Міланы Харытонавай, піша "Белсат". Паведамляюць, што сілавікі выламалі дзверы, забралі стары ноўт, камеру, некалькі старых тэлефонаў і банкаўскі карты.
Пінск
Супрацоўнікі берасцейскага крымінальнага вышуку прыходзілі ў Пінску да журналіста Віктара Ярашука, піша "Белсат". Вядома, што журналіст праходзіць сведкам у межах крымінальнай справы. Міліцыянты забралі кампʼютар і мабільны тэлефон. Віктар Ярашук на волі.
Стала вядома, што ператрусы сёння прайшлі таксама ў кватэрах пінскага журналіста Андрэя Якімуша і ягонай маці. Сам Андрэй не ў Беларусі, піша @bajby.
Гродна
У Гродне сілавікі прыйшлі да журналіста Паўла Мажэйкі. Пасля ператрусу Павел застаецца на волі.
У гарадзенскага журналіста "Белсата" Аляксея Кайрыса таксама ператрус. Пасля сканчэння ператрусу Аляксей на волі.
Вобшук прайшоў у фатографа-фрылансера з Гродна Аляксандра Саенкі.
Сёння стала вядома, што 15 ліпеня адбыўся ператрус на лецішчы ў намесніка старшыні партыі БНФ Вадзіма Саранчукова. Ён цяпер часова выконвае абавязкі старшыні партыі пасля арышту Рыгора Кастусёва. Саранчукоў цяпер недасяжны.
Супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам да грамадскай актыісткі Лізы Бялятка ў межах крымінальнай справы аб тэрарызме. Таксма ператрус праходзіць у яе сятры Юліі Рыбалка.
Гомель
Сілавікі шукаюць кіраўніка гомельскай філіі БАЖ, журналіста Міколу Бянько, хоць журналіст з сям'ёй нікуды не хаваецца. Прыходзілі ў кватэру родных Міколы, а таксама на ранейшы адрас журналіста. Таксама Міколу тэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам АБЭП.
У 7:50 у Гомелі пра ператрус паведаміў журналіст Яўген Меркіс. Пры ператрусе канфіскавалі тэхніку, 2 ноўтбукі, мабільныя тэлефоны, налепкі. Затым яго павезлі на допыт у Следчы камітэт. Зараз ён на волі.
У гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай прайшоў ператрус, у яе забралі тэхніку і тэлефон. Таксама яе вазілі на допыт у ГУБАЗ. Зараз Шчыракова на волі.
Светлагорск
У Светлагорску з працы супрацоўнікі КДБ забралі актывістку Алену Наўмовіч. Яе павезлі дамой на вобшук. Падчас ператрусу шукалі выбуховыя рэчывы, зброю, экстрэмісцкія матэрыялы. У выніку нічога не знайшлі, Алена на волі.
Рэчыца
Праваабаронцу "Вясны" з Рэчыцы Валерыя Пуціцкага сёння выклікалі ў КДБ на гутарку. Пасля гэтага ў яго дома правялі ператрус у межах крымінальнай справ аб тэрарызме. У выніку нічога вынята не было. Пуціцкі на волі. Статуса ў межах крымінальнай справы ён не мае.
Затрыманы журналіст і праваабаронца з Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў. У Калінкавічах, дзе ў Андрэя кватэра, быў вобшук. Як мінімум адзін з тых, хто затрымліваў — супрацоўнік КДБ.
Дапоўнена: Увечары яго вызвалілі з КДБ.
Івацэвічы
Затрымалі журналіста з Івацэвічаў Сяргея Скулаўца, піша "Белсат". Ранкам да яго дамоў прыехаў мікрааўтобус – і Сяргея забралі імаверна супрацоўнікі міліцыі. Апошнія 5 гадзінаў сувязі з ім няма.
Дапоўнена: Скулаўца вызвалілі пасля допыту.
Вызваленні
Палітзняволенага праваабаронцу "Вясны" Віктара Сазонава ўвечары 15 ліпеня выпусцілі з ІЧУ пад падпіску аб невыезде. У яго статус падазраванага.
Гомельскага валанцёра Іллю Міронава праз 8 дзён выпусцілі з гомельскага ІЧУ. З Гомельскага ІЧУ яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Міронаву ў час яго знаходжання ў камеры не выдалі бялізну і матрац, а таксама не бралі ад маці ваду.
На волю выйшла Марыя Вайтовіч — былая кандыдатка ў дэпутаты з Бараўлянаў, маці траіх непаўналетніх дзяцей. Яе падазравалі ў «сувязі з тэрарыстычнай ячэйкаю», але вызвалілі без прад'яўлення абвінавачвання.
Бухгалтарка "Нашай Нівы" Вольга Раковіч вызвалена з ізалятара на Акрэсціна, куды тыдзень таму яе змясцілі ў статусе падазраванай па крымінальнай справе па арт. 342 КК (Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак).
Інфармацыя дапаўняецца.