viasna on patreon

За травень па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 109 чалавек

2021 2021-06-01T11:28:00+0300 2021-10-01T15:04:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest_palitviazna_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Палітзняволеныя па справе "масавых беспарадкаў" у Бресце на абвяшчэнні прысуду. Фота: "Берасцейская вясна"

Палітзняволеныя па справе "масавых беспарадкаў" у Бресце на абвяшчэнні прысуду. Фота: "Берасцейская вясна"

Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае фіксаваць рост колькасці ўзбуджаных крымінальных спраў, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праявы пратэсту. Тэндэнцыя да крыміналізацыі любых праяў нязгоды са згубіўшай пасля падзей жніўня 2020 года легітымнасць аўтарытарнай вертыкаллю ўлады пагаршае палітычны крызіс і даводзіць маштаб масавых парушэнняў правоў чалавека ў цэнтры Еўропы да гуманітарнай катастрофы.

21 траўня Генпракуратура назвала колькасць асуджаных па «пратэставых» крымінальных справах – 682 чалавека. Да гэтай катэгорыі крымінальных спраў Генеральная пракуратура адносіць факты ўдзелу ў масавых беспарадках, здзяйсненні дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак і звязаных з невыкананнем законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады, гвалту і пагрозы яго ўжывання да праваахоўнікаў, іх публічнай абразы, апаганьвання надпісамі чужой маёмасці, хуліганства, знявагі да дзяржаўнай сімволікі.

Па стане на 1 чэрвеня колькасць палітвязняў складае 449 чалавек. За месяц колькасць палітычных зняволеных узрасла на 99 чалавекАсуджана на дадзены момант 280 палітвязняў, у дачыненні да 43 – ідзе судовае разбіральніцтва. 126 палітвязняў чакаюць разгляду іх спраў у судзе.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома не менш чым пра 109 асуджаных за травень па «пратэсных» крымінальных справах.

Геаграфія прысудаў па «пратэсных» крымінальных справах

Варта адзначыць, што найбольшая колькасць грамадзян асуджаецца па палітычна матываваных крымінальных справах у гарадах, дзе пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання ў жніўні 2020 года насілі самы масавы характар. Геаграфія асуджаных у траўні, пра якія вядома ПЦ «Вясна», выглядае наступным чынам:

  • Мінск – 30 чалавек;
  • Берасцейская вобласць – 50 чалавек (Берасце, Жабінка, Пружаны, Кобрын, Баранавічы, Ивацэвічі);
  • Магілёўская вобласць – 11 чалавек (Магілёў, Бабруйск, Асіповічы);
  • Гомельская вобласць – 6 чалавек (Гомель);
  • Мінская вобласць – 6 чалавек (Маладзечна, Смалявічы, Жодзіна, Мінскі раён);
  • Віцебская вобласць – 4 чалавекі (Віцебск, Орша);
  • Гарадзенская вобласць – 2 чалавекі (Гародня).

Віды і памеры пакарання

Сумарна за травень па палітычна матываваных крымінальных справах, вядомых ПЦ «Вясна», суды вынеслі:

  • 252 гады пазбаўлення волі;
  • 49 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»);
  • 49 гадоў 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»);
  • 6 месяцаў арышту;
  • 300 базавых велічынь штрафа (у якасці дадатковага пакарання ўжываўся да аднаго асуджанага).

Дадатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення спецыяльнага звання «капітан міліцыі запасу» ўжыта да палітзняволенага Сяргея Коршуна - фігуранта справы «Армія з народам». Воінскага звання «капітан» пазбаўлены Дзяніс Урадпалітвязень, які раскрыў план сілавікоў па падаўленні выступленняў на Дзень Волі.

Пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, ўжывалася ў траўні ў 53,21% прысудах. Абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – у 21.1% выпадках. Абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – 23.86%. Арышт ўжываўся ў 1,83% прысудах.

Такім чынам, пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем ўжывалася ў 100% выпадках пры вынясенні прысудаў па «пратэсных» крымiнальных справах у траўні.

Назіранне ва ўмовах «справы Вясны»

ПЦ «Вясна» ажыццяўляе пастаянны маніторынг крымінальных справаў, якія маюць палітычны складнік. Чацвёрты месяц ідзе расследаванне крымінальнай справы па факце дзейнасці Праваабарончага цэнтру «Вясна», узбуджанай пасля масавых ператрусаў па ўсёй краіне ў жылых памяшканнях актывістаў грамадзянскай супольнасці ў сярэдзіне лютага. Працяглы час на допыты выклікаюць грамадзянаў, якія звярталіся да праваабаронцаў па дапамогу пасля рэпрэсій.

Адвольныя затрыманні

12 траўня Магілёўскі абласны суд пачаў разгляд у закрытым рэжыме крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў у дачыненні да Паўла Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі». Рэзананс дадзеная справа выклікала ў сувязі з тым, што сустаршыня БХД Севярынец у чэрвені мінулага году быў падвергнуты працягламу адміністрацыйнаму арышту за акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй, г. зн. фактычна ён быў пазбаўлены волі да пачатку тых дзеянняў, якія былі крыміналізаваныя ўладамі і кваліфікаваныя як масавыя беспарадкі.

У першы дзень паседжання каля будынка суда сабралося шмат людзей, у тым ліку і журналісты. Праваахоўныя органы затрымалі двух журналістаў, Аляксандра Буракова і Уладзіміра Лапцэвіча, якіх пасля падверглі арышту на 20 сутак за асвятленне падзей, якія адбываліся каля будынку суда, дзе слухалася справа аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў.

Затрыманні адбываліся ў дзень пачатку судовага разбіральніцтва па «справе студэнтаў».  МУС паведаміла пра затрыманне не менш за 14 чалавек, якія нібыта не падпарадкаваліся законным патрабаванням міліцыі разысціся ад будынка суда. Сярод затрыманых - палітык Анатоль Лябедзька, журналістка TUT.BY Любоў Каспяровіч, студэнтка БДУІР Ксенія Аляшко, студэнты БДУ Савелій Дубовік, Вольга Вайтовіч, Віктар Палтаржыцкі, Міраслава Булгакава, Любоў Дашчынская.

Галоснасць судовага разбіральніцтва 

Беларускія ўлады паўсюдна хаваюць ад грамадскасці інфармацыю аб ходзе разгляду крымінальных спраў, якія маюць шырокі грамадскі рэзананс.

У першы дзень разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да Таццяны Туравец ў залю судовага пасяджэння было дапушчана толькі чацвёра слухачоў.  Жанчына асуджаная да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за гвалт над супрацоўнікамі міліцыі.

У першы дзень разгляду «справы студэнтаў» у залю пасяджэння змаглі трапіць толькі сваякі абвінавачаных. Каля будынка суда сабралася шмат людзей, якія жадалі трапіць на разгляд справы. На працэс не змаглі трапіць прадстаўнікі незалежных СМІ. Прадстаўніца прэс-службы Мінгарсуда «злавіла» партал TUT.BY на хлусні ў сувязі з тым, што затрыманая журналістка Любоў Каспяровіч не атрымоўвала акрэдытацыю на дадзены працэс. Журналістка была падвергнутая арышту на 15 сутак.

На абвяшчэнне прысуду другой частцы фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Берасці не змаглі трапіць каля 20 чалавек. 

У першы дзень разгляду крымінальнай справы аб масавых беспарадках над трэцяй часткай абвінавачаных у Берасці ў залю судовага пасяджэння не было дапушчана шмат слухачоў з ліку сваякоў, пасля чаго самі абвінавачаныя ўчынілі «бунт». Суд абвясціў перапынак, пасля чаго на працэс змаглі трапіць прадстаўнікі незалежнай прэсы. Пасля гэтага інцыдэнту праблем з допускам у залю слухачоў не зафіксавана.

Па «карагоднай справе» ў Брэсце над чацвёртай партыяй абвінавачаных у першы дзень не патрапілі шмат слухачоў, на другі дзень сітуацыя паўтарылася - не патрапіла каля дзесяці чалавек у залю судовага пасяджэння. Частку слухачоў не пусцілі на разгляд крымінальнай справы над пятай партыяй фігурантаў па «карагоднай справе» ў Брэсце.

У закрытым судовым паседжанні праходзіла разбіральніцтва ў дачыненні да фігуранта «справы Аўтуховіча» Уладзіміра Гундарава, асуджанага да трох гадоў пазбаўлення волі за пагрозы ў адрас следчага ў ходзе ператрусу ў яго жылым памяшканні..

У закрытым судовым пасяджэнні слухалася крымінальная справа над сустаршынём аргкамітэту БХД Паўлам Севярынцам, блогерам Дзмітрыем Казловым, грамадскай актывісткай Ірынай Шчаснай, актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім і Андрэем Войнічам. Усе палітвязні асуджаныя да вялікіх тэрмінаў пазбаўлення волі нібыта за падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках і іх фінансаванні.

У закрытым судовым пасяджэнні разгледжаная крымінальная справа палітвязня Дзяніса Урада, асуджанага на 18 гадоў пазбаўлення волі і пазбаўлення воінскага звання «капітан» за здраду дзяржаве.

У закрытым судовым пасяджэнні ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска слухаецца крымінальная справа ў дачыненні да Сакалова В. Л., які абвінавачваецца ў публічнай абразе прэзідэнта (ч. 2 арт. 368 КК), паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта (ч. 2 арт. 367 КК), абразе службовай асобы  (арт. 369 КК) і абразе суддзі (арт. 391 КК).

Адміністратараў telegram-канала «Водители 97» Дзяніса Гуціна, Ганну Вішняк, Вікторыю Кульшу і Таццяну Шкробат судзяць у закрытым судовым пасяджэнні.

У закрытым судовым паседжанні праходзіў разгляд крымінальнай справы над старшынём Бабруйскага аддзялення Беларускага незалежнага прафсаюзу Сяргеем Гурло. Ён асуджаны за абразу двух супрацоўнікаў міліцыі да аднаго з паловай году абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

«Катавальнае» правасуддзе

Падчас разгляду палітычна матываваных крымінальных спраў становіцца вядома, што да шмат якіх фігурантаў спраў ужываліся забароненыя метады вядзення следства, аднак суды пакідаюць такія факты, нават пры наяўнасці медыцынскіх дакументаў, без ацэнкі.

У ходзе разгляду крымінальнай справы Таццяны Туравец высветлілася, што падчас затрымання супрацоўнікі міліцыі ўжывалі да яе фізічную сілу. У матэрыялах справы маюцца медыцынскія дакументы, якія пацвярджаюць факт прычынення абвінавачванай цялесных пашкоджанняў.

Аб катаваннях заявілі фігуранты справы аб спробе падпалу Табакеркі ў Бабруйску. Абвінавачаныя заявілі, што пасля затрымання да іх ўжывалі фізічную сілу. У медыцынскіх дакументах Аляксандра Назаровіча значыліся перыарбітальныя гематомы абодвух вачэй, а таксама на вуху - зачытваў у судовым паседжанні абаронца абвінавачанага.

Пра збіццё ў будынку УУС распавядаў і абвінавачаны Аляксандр Мар'ясаў

«Білі ў ноч затрымання. Рукамі і дручкамі, бронекамізэлькамі, здзекаваліся. Гэта працягвалася гадзіны чатыры. Патрабавалі паказанні, - казаў мужчына. - Некаторыя былі ў масках, некаторыя - без. Па прозвішчах не ведаю. Апазнаць змагу. Цялесныя пашкоджанні задакументаваныя ў шпіталях імя Морзана і БШК, куды мяне адвезлі самі ж супрацоўнікі міліцыі».

Прэс-служба МУС публікавала момант затрымання фігурантаў крымінальнай справы разам з іх прызнальнымі паказаннямі адразу пасля затрымання. У судзе абвінавачаныя заявілі пра тое, што перад прызнальнымі паказаннямі на камеру іх збівалі на працягу некалькіх гадзінаў.  Вынікі медыцынскага агляду аднаго з абвінавачаных далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы.

Крымінальная справа па абвінавачванні валанцёраў штаба Віктара Бабарыкі ў масавых беспарадках цягнецца з красавіка. Сваякі палітвязня Ігара Ярмолава заявілі ў судзе аб тым, што «абвінавачанага затрымлівалі дома і жорстка збілі: мэдыкі канстатавалі прабітае лёгкае і зламанае рабро».

На адным з паседжанняў мама Ігара Ярмолава заявіла:

«Мы знайшлі яго збітым, з страсеннем галаўнога мозгу, у гематомах. У яго былі зламаныя рэбры, прабіта лёгкае (плача). Тыя бандыты, якія ўварваліся да яго, яны ўзламалі дзверы, яны не прадставіліся, ён не аказваў ніякага супраціву, а яго проста жорстка білі. Яны білі яго ў машыне, калі вазілі, і потым, калі яго ў мяшку чорным вадзілі па двары збітага. Гэта ўсё гаворыць аб тым, што проста нечалавечы гвалт быў здзейснены над маім сынам. Усе заявы, усе скаргі ў пракуратуру і адпаведныя органы дагэтуль не знайшлі ніякага руху».

У апошнім слове палітвязень Ігар Ярмолаў заявіў пра ціск на следстве:

«На мяне таксама аказваўся ціск у СІЗА КДБ. Першы тыдзень да заключэння я правёў у шпіталі. І мабыць за гэты тыдзень аператыўнікі сталі трохі мякчэй. Калі мяне толькі прывезлі туды ў дзень затрымання ўжо з паламанымі рэбрамі, пнеўматораксам і страсеннем мозгу, аператыўныя супрацоўнікі, задаючы пытанні і атрымліваючы задавальняючыя іх адказы, сказалі, што зараз засунуць мне дручок прама ў <нецэнзурная лаянка>, і там у двары КДБ пачалі сілком здзіраць з мяне джынсы. Пасля вяртання са шпіталя кіраўнік аператыўнай групы ўсяго толькі пагражаў мне, што калі я не раскажу тое, што мне загадаюць, мяне адправяць у такую ​​зону, дзе, паводле яго слоў, мяне «будуць дзерці ззаду з раніцы да вечара». Яго падначалены крыху пазней казаў, што цыганы на этапе адбяруць маю кашулю, а на зоне мне кожны тыдзень будуць зашываць ачко. І дадаткова пагражаў ўздзейнічаць на мяне фізічна. Пасля гэтага я перастаў апранаць кашулю на сустрэчы. Яшчэ ў жніўні я распавёў пра гэтыя гутаркі адвакату, не цяпер гэтая інфармацыя з'яўляецца. Таму я цалкам веру, што Карэцкі мог пісаць заяву пад ціскам і пад дыктоўку. Ну і так, ніхто з іх не выканаў свае пагрозы, дзякуй Богу».

Пра катаванні заявіў палітвязень Валадар Цурупанаў ў ходзе судовага разбіральніцтва па крымінальнай справе аб ухіленні ад адбыцця пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу (арт. 415 УК). У судовым разглядзе палітвязень сказаў, што утрымліваўся напярэдадні судовага пасяджэння ў халоднай камеры. Ён быў пазбаўлены магчымасці рыхтавацца да працэсу, бо яму далі абмежаваную колькасць паперы. Двойчы за ноч супрацоўнікі ўздымалі яго і патрабавалі назваць імя і прозвішча. Акрамя таго, пасцельную бялізну выдалі толькі на ноч, а, відэаназіранне захоплівала нават туалет, у якім да таго ж быў няспраўны механізм змыву.

Пра катаванні па справе аб масавых беспарадках заявіў палітвязень Данііл Бандарук, які распавёў, што «22 жніўня, калі супрацоўнікі затрымалі мяне разам з Маркам на працы, яны везлі нас у маршрутцы і збівалі. У мяне нават ёсць фатаграфія з апухлаю шчакой і пашкоджаннямі рукі. У той момант яны прымусілі нас даць тыя паказанні».

Некалькі разоў суддзя перапытаў, збіваў следчы ці нехта іншы. Данііл тлумачыў, што следчы не браў удзел у збіцці, але «проста сам казаў, што трэба гаварыць». А да гэтага «невядомыя ў масках» збілі яго і Марка, пагражалі, і казалі, што збіццё не скончацца «пакуль не раскажаце ўсё, як было». Рашэннем суда палітвязень Данііл Бандарук асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Па гэтай жа крымінальнай справе аб катаваннях заявіў яшчэ адзін палітвязень Міхаіл Калішук, якога на адзін з працэсаў не даставілі для ўдзелу ў пасяджэнні. Паводле яго слоў, яго абражаў канваір, заламваў рукі, разбілі брыво, білі электрошокерам, запырскалі твар пярцовым балонам.  Палітвязень асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Пра катаванні з моманту затрымання стала вядома ў судзе над палітвязнем Аляксеем Санчуком. Па словах іншых затрыманых музыкаў, пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіК збівалі Аляксея і патрабавалі пароль ад тэлефона. Сам Аляксей на судзе заяўляў пра маральны ўціск. Суд Маскоўскага раёна Мінска асудзіў музыканта да шасці гадоў пазбаўлення волі за групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і за падрыхтоўку да масавых беспарадкаў.

Пра факты ціску ў ходзе папярэдняга расследавання заяўлялі сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, справа якіх разглядалася судом Чыгуначнага раёна Гомеля. Таццяна Канеўская, Юрый Уласаў, Дзмітрый Івашкоў і Аляксандр Шабалін на адным з паседжанняў распавялі пра гвалт над імі з боку міліцыі і следства. Дадзенае судовае разбіральніцтва фактычна праходзіла ў закрытым рэжыме, прадстаўнікоў СМІ і сваякоў не пускалі ў залю. Усе фігуранты асуджаныя да вялікіх тэрмінаў пазбаўлення волі.

У судовым пасяджэнні абвінавачаны Яўген Зялкоўскі распавёў пра тое, што яго ў будынку тэрытарыяльнага аддзелу ўнутраных спраў цягалі за ногі па лесвіцы. Мужчына асуджаны на тры з паловай гады за ўстаноўку на пустках Гомеля двух БЧБ-сцягоў з нібыта выбуховымі прыладамі.

Пасля абвяшчэння прысуду Паўлу Севярынцу і астатнім актывістам, асуджаныя адрэагавалі на вялікія тэрміны пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі словамі «Верым, можам, пераможам». За гэта Паўла Севярынца на працягу сутак трымалі ў адстойніку.

У перыяд разгляду «справы Ціханоўскага» палітвязня Дзмітрыя Фурманава ў гарадзенскай турме №1 змясцілі ў карцэр.

Прэзумпцыя невінаватасці

Дзяржаўныя СМІ называюць фігурантаў крымінальных спраў вінаватымі яшчэ да вынясення прысуду па крымінальнай справе, а часам ад службовых асобаў агучваецца заўчасная ацэнка дзеянняў абвінавачаных і адназначная выснова аб вінаватасці да паступлення справы ў суд.  Разам з тым, падобныя дзеянні не сумяшчальныя з прэзумпцыяй невінаватасці, паколькі да ўступлення ў сілу выраку суда прэзумпцыя невінаватасці не падлягае ніякім абмежаванням.

12 траўня па дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1», у дзень пачатку разгляду справы Паўла Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі», вядучая праграмы навінаў назвала абвінавачаных «экстрэмісцкай групай па арганізацыі белмайдана і падрыхтоўцы дзяржперавароту ў Беларусі». Варта адзначыць, што з прэс-рэлізу Генеральнай пракуратуры аб вынясенні прысуду фігурантам вынікае, што дзеянні, якія прадугледжваюць адказнасць за захоп дзяржаўнай улады, нават не ставіліся ў віну фігурантам справы.

Стандарт прэзумпцыі невінаватасці таксама прадугледжвае, што «у ходзе судовага разбіральніцтва падсудныя па агульнаму правілу не павінны быць закаваныя ў кайданкі або ўтрымлівацца ў клетках або якім-небудзь іншым чынам паўставаць на судзе ў абліччы, якое паказвае на тое, што яны могуць быць небяспечнымі злачынцамі».

4 траўня па дзяржаўным канале «Беларусь 1» у навінавым рэпартажы абвінавачаныя Таццяна Канеўская, Юрый Уласаў, Дзмітрый Івашкоў і Аляксандр Шабалін паказаныя змешчанымі ў металічнай клетцы. Усе чацвёра фігурантаў прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

12 траўня па дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў рэпартаж з суду над абвінавачанай ў распальванні сацыяльнай варожасці за паведамленні ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» Міяй Міткевіч, у якім яна знаходзілася ў металічнай клетцы. Мія Міткевіч асуджаная на тры гады пазбаўлення волі і прызнаная палітзняволенай.

Абуральным чынам стандарт прэзумпцыі невінаватасці парушаны ў дачыненні да палітвязня Дзяніса Урада. Па тэлеканале «Беларусь 1» вядучая навінаў Кацярына Ціхамірава, распавядаючы пра абставіны крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязня, за паўтара месяца да вынясення прысуду Вярхоўным судом заўчасна вызначыла лёс крымінальнай справы: «яго чакае артыкул здрада радзіме і турэмныя засценкі».

У момант вынясення прысуду Ціхану Осіпаву, асуджанаму Мінгарсудом да 11 гадоў пазбаўлення волі за масавыя беспарадкі, ілжывае паведамленне аб здзяйсненні злачынства ў выглядзе ўгону яго транспартнага сродка і замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў, абвінавачаны слухаў рэзалютыўную частку прысуду з закутымі ў кайданкі рукамі за спіной. Супрацоўнікі канвою на момант абвяшчэння прысуду адабралі ў абвінавачанага акуляры, у якіх ён знаходзіўся ўвесь перыяд разгляду крымінальнай справы. Аналітыкі ПЦ «Вясна» па выніках маніторынгу крымінальнай справы прыйшлі да адназначнай высновы аб тым, што ў крымінальным пераследзе Ціхана Осіпава маецца палітычны матыў з боку ўладаў.

Адным з самых рэзанансных выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага пераследу стала пасадка самалёта кампаніі «Ryanair», што ляцеў над тэрыторыяй Беларусі, на борце якога знаходзіўся Раман Пратасевіч. Высокую занепакоенасць у Праваабарончага цэнтра «Вясна» выклікае мова варожасці, якой суправаджаюцца выступы вышэйшых афіцыйных асобаў, што каментуюць крымінальны пераслед блогера.

26 траўня ў ходзе выступлення Аляксандра Лукашэнкі перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі, распавядаючы пра абставіны затрымання Рамана Пратасевіча, ён назваў яго «экстрэмістам», пасля чаго сказаў: «Вопыт найміту ў яго вялікі - падонак, які забіваў людзей на паўднёвым ўсходзе Украіны». «Ён і яго саўдзельнікі таксама збіраліся зладзіць бойню і крывавы мяцеж», - выказаўся Лукашэнка пра Рамана Пратасевіча. Аляксандр Лукашэнка, матывуючы пасадку самалёта «Ryanair» і наступнае затрыманне блогера, патлумачыў гэта тым, што «ў самалёце знаходзіўся тэрарыст».

У ходзе гэтага ж мерапрыемства старшыня КДБ Іван Церцель, каментуючы сітуацыю з затрыманнем Рамана Пратасевіча, заявіў: «Бясспрэчна, што дадзеная асоба ў поўнай меры адпавядае вызначэнню тэрарыста-баевіка-найміта, удзельніка крывавых падзей у складзе сумнавядомага батальёна «Азоў», звязанага з бясчынствами і гібеллю мірнага насельніцтва на паўднёвым усходзе Украіны».

26 траўня на дзяржаўным тэлеканале «АНТ» выйшла перадача «ОбъективНо»: Што ж адбылося ў самалёце Ryanair?/ Ці журналіст Пратасевіч?/ Санкцыі Захаду супраць Беларусі. У ходзе дыскусіі ўдзельнікаў праграмы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч выказаўся пра Рамана Пратасевіча, дэманстратыўна прымяншаючы прэзумпцыю невінаватасці ў дачыненні да палітвязня: «Пратасевіч, якога назвалі нібыта журналістам і блогерам, а на самой справе гэта тэрарыст, які ваяваў у батальёне «Азоў», забіваючы людзей».

Крымінальны пераслед па палітычных матывах. Беларусь 2020-2021 гг.

Гэты даклад стаў чарговым у серыі дакладаў, закліканых павысіць інфармаванасць грамадскасці, нацыянальных і міжнародных інстытутаў, дзяржаўных органаў аб парушэннях правоў чалавека ў 2020-2021 гадах у Беларусі падчас выбараў прэзідэнта і поствыбарчы перыяд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства