viasna on patreon

Баранавічы: год "хіміі" — за "здзек" над сцягам. Шкода склала 2 рубля 44 капейкі

2021 2021-06-01T12:03:14+0300 2021-06-01T12:04:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_admin_erohina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Ілюстрацыйнае фота spring96.org

31 траўня суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна вынес прысуд 21-гадоваму Вячаславу Уласевічу. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову — "хіміі".

Суд таксама абавязаў спагнаць з Уласевіча працэсуальныя выдаткі ў суме васьмі капеек.

Справу разглядала суддзя А. В. Раманюк, абвінавачванне прадстаўляла Святлана Пасемка.

Вячаслава Уласевіча прызналі вінаватым у тым, што трэцяга красавіка 2021 года каля 5.25-5.26 раніцы ён у стане алкагольнага ап'янення зняў сцяг з будынка па вуліцы Леніна. Пасля ён пранёс яго на некаторую адлегласць і кінуў на зямлю, з-за чаго дрэўка зламалася на тры часткі і пашкодзілася палатніна: шкода ў памеры 2 рублі 44 капейкі кампенсаваная абвінавачаным цалкам.

Каля 16 гадзін Уласевічу патэлефанавалі з Баранавіцкага ГАУС і запрасілі на сустрэчу: ён прыехаў, добраахвотна даў паказанні і напісаў яўку з павіннай. Яго затрымалі на трое сутак: з 3 па 6 красавіка — гэта час суд зачел ў тэрмін адбыцця пакарання з разліку "суткі за двое".

У судзе Вячаслаў таксама прызнаў віну. Да матэрыялаў справы была далучаная станоўчая характарыстыка з месца працы з хадайніцтвам да суду аб прымяненні максімальна мяккага пакарання, каб абвінавачаны мог працягваць сваю працоўную дзейнасць — папраўчыя работы.

Пракурор адзначыла, што абвінавачаны здзейсніў здзек над дзяржаўным сцягам і сімвалам Рэспублікі Беларусь і запрасіў адзін год абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу — хіміі — столькі і прызначыў суд. Пракурор палічыў змякчальнай віну кампенсацыю шкоды ў 2,44 рубля, але не яўку з павіннай, паколькі яна была напісаная пасля ўзбуджэння крымінальнай справы.

Адвакат прасіў улічыць, што абвінавачаны ўпершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, пакрыццё шкоды, а станоўчыя характарыстыкі і прызначыць пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ.

У апошнім слове Вячаслаў Уласевіч папрасіў прабачэння перад маці, прызнаў, што здзейсніў учынак па дурасці, і папрасіў не караць яго моцна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства