Для "тэрарыста" Вярбіцкага пракурор запрасіў дзевяць з паловай гадоў калоніі Дапоўнена
У судзе Смаргонскага раёна 11 сакавіка працягваўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай на жыхара Гальшанаў Івана Вярбіцкага.
Яго вінавацяць адразу па некалькіх сур’ёзных артыкулах: падбухторванне да акта тэрарызму, незаконныя набыццё, захоўванне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама знішчэнне афіцыйных дакументаў.
Справу разглядае суддзя Людміла Пятрова, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Сяргей Кавальчук.
Як паведамляла пракуратура Ашмянскага раёна, згодна з матэрыяламі справы 14 кастрычніка 2020 года ў мэтах дэстабілізацыі грамадскага парадку грамадзянін размясціў у адной з груп Telegram-канала тэкставыя паведамленні, у якіх утрымліваліся заклікі да пашкоджання «кактэйлямі Молатава» будынка КДБ і падпалу пракуратуры Ашмянскага раёна.
У гэты ж дзень і ў тым жа Telegram-чаце пад нікам «Dimon D» ён размясціў паведамленне з заклікамі да пашкоджання і знішчэння маёмасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў шляхам падпалу транспартных сродкаў, якія належаць ім.
Сёння ў судовым пасяджэнні пракурор Кавальчук запрасіў для Вярбіцкага дзевяць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
«Заўтра ідзём штурмаваць мясцовы КДБ». У Смаргоні пачаўся суд над гальшанскім “тэрарыстам”
Апошняе слова Вярбіцкага пасля перапынку не заслухана.
Суддзя Пятрова аб'явіла аб пераносе судовага пасяджэння на 16 сакавіка "па тэхнічных прычынах".