Сарвалі з будынка сцяг і падпалілі. Пракурор запрасіў “хатнюю хімію”
У судзе Першамайскага раёна Мінска 2 лютага працягваўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да маладых жыхароў Мінска Ангеліны Бібік і Мацвея Копача. Іх вінавацяць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 370 (Здзек над дзяржаўнымі сімваламі) і ч. 2 арт 339 (Хуліганства, здзейсненае групай асоб).
Справу разглядае суддзя Таццяна Ліннік, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Худаешка.
Як устаноўлена следствам, абвінавачаныя - маладыя хлопец і дзяўчына 7 лістапада 2020 года ўначы сарвалі разам з флагштокам на вуліцы Куйбышава дзяржаўны сцяг. Затым сталі яго таптаць нагамі, пляваць на яго, а на завяршэнне падпалілі сцяг з дапамогай гаручай вадкасці. Гэтыя дзеянні здымаліся на мабільныя тэлефоны іх знаёмымі.
Была нанесеная матэрыяльная шкода ЖРЭА Савецкага раёна г. Мінска. Абвінавачаныя выплацілі яе па 39 рублёў 78 капеек кожны.
У Мінску судзяць за спалены дзяржаўны сцяг
На судовым пасяджэнні 2 лютага адбыліся спрэчкі бакоў, выступ дзярржабвінаваўцы, адвакатаў, прагучала апошняе слова абвінавачваных.
Пракурор Худаешка прапанаваў выключыць з абвінавачвання артыкул пра хуліганства, здзейсненае групай асоб і пакінуць толькі здзек над дзяржаўным сцягам ( арт.370 КК РБ).
Урэшце ён запрасіў для Ангеліны Бібік і Мацвея Копача па аднаму году абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
Прысуд будзе вынесены 4 лютага.