viasna on patreon

"Галасаваў супраць Лукашэнкі". Пракурор запрасіў тры гады "хіміі" для Алега Мазгова

2021 2021-01-28T17:09:19+0300 2021-10-01T16:00:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mazgou_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Ленінскага раёна Мінска разглядае крымінальную справу 26-гадовага спартсмена Алега Мазгова, якогда ўтрымлівалі пад вартай тры месяцы, а потым вызвалілі пад асабістае паручальніцтва. За ўдзел у мітынгу 9 жніўня яго абвінавачвалі па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), але потым справу перакваліфікавалі на ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яго абвінавачваюць ў тым, што стаяў у счэпцы і выкрыкваў лозунгі. 28 студзеня пракурор у судзе запрасіў для Алега тры гады "хіміі". Справу разглядае суддзя Юлія Шут.

Алег Мазгоў у судзе 28 студзеня. Фота: spring96.org
Алег Мазгоў у судзе 28 студзеня. Фота: spring96.org

Алега Мазгова абвінавачваюць у тым, што ён прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 9 жніўня, выходзіў на праезную частку, перакрываў рух транспарту супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, прымушаў вадзіцеляў Мінсктранса ажыццяўляць вымушаную стаянку. У судовых спрэчках пракурор Рамановіч заявіў:

"Абвінавачаны галасаваў супраць Аляксандра Лукашэнкі, што, зрэшты, з'яўляецца яго правам, але пацвярджае пратэсны характар яго дзеянняў".

Паводле абвінавачвання, Мазгоў дзейнічаў у вячэрні час, яго актыўныя дзеянні суправаджаліся грубым парушэннем грамадскага парадку. Дзяржабвінаваўца лічыць, што віна Мазгова даказана цалкам, таму просіць суд пакараць яго трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Сваю віну па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Алег прызнаў цалкам. 

Адвакатка Алега Мазгова звярнула ўвагу на шэраг змякчальных абставінаў: прызнаў віну, раскаяўся ў зробленым, жонка чакае дзіця.

Таксама абаронца Мазгова звярнула ўвагу, што першапачаткова справа супраць яго ўзбуджалася па арт. 293 Крымінальнага кодэкса:

"Праз тры месяцы органы следства па ўзгадненні з пракуратурай палічылі магчымым змяніць яму меру стрымання. Гэта сведчыць аб тым, што органы праводзячы масу дзеянняў, пераканаліся ў тым, што падабаронны не ўяўляе небяспеку і можа быць вызвалены. Ён не прымаў больш ўдзелу ў масавых мерапрыемстваў. Фактаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў яго няма. Следчы орган палічыў магчымым знаходжанне яго на волі".

Па арт. 293 Крымінальнага кодэкса Мазгоў не прызнаваў віну, сітуацыя змянілася, калі яго справу перакваліфікавалі на арт. 342 Крымінальнага кодэкса. А ў счэпках стаялі і лозунгі выкрыквалі тысячы людзей, якія выходзілі са жніўня мінулага года. Па сутнасці, віна Мазгова падцвярджаецца фатаграфіяй, дзе ён стаіць у счэпцы. Але па словах абвінавачанага, ён прастаяў у ёй толькі некалькі хвілін.

Пракурор не згодны з адвакаткай: абвінавачаны знаходзіўся тры гадзіны на месцы здарэння:

"Чаму пасажыры павінны пакутаваць і абмяжоўваць правы на свабоднае перамяшчэнне па горадзе? Чаму жыхары дамоў, у якіх ёсць маленькія дзеці, павінны адчуваць дыскамфорт і адчуваць усім сваім слыхам шум і ДАІ на вуліцы? Былі парушаныя законныя правы грамадзян".

Адвакатка падкрэсліла, што жыхары горада, калі і не могуць спаць, то гэта не па віне Мазгова. 

Прысуд будзе абвешчаны 1 лютага.

Пастаяў у счэпцы – крымінальная справа. Гісторыя палітвязня Алега Мазгова

За ўдзел у мітынгу 9 жніўня ён абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Санкцыя гэтай нормы прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў. Жонка Алега распавяла яго гісторыю "Вясне".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства