viasna on patreon

Падтрымка не мае межаў: як пісаць лісты палітвязням не з Беларусі

2021 2021-01-15T14:23:30+0300 2021-01-15T18:00:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/solidarity.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя: Human Constanta

Ілюстрацыя: Human Constanta

“Вясна” падрыхтавала адказы на пытанні, якія часта ўзнікаюць у замежнікаў і замежніц падчас напісання лістоў палітвязням.

Вы прачынаецеся, скроліце стужку навінаў, адказваеце сябрам у мэсэнджэрах, ідзеце ў кавярню, па дарозе размаўляеце з суседзямі – безліч камунікацый са знешнім светам толькі за адну раніцу. Ваш ліст і размовы з адвакатам – усе сродкі зносін са знешнім светам для палітвязня за ўвесь тэрмін зняволення. Таму важна быць для вязняў гэтай сувяззю і падтрымкай. Да таго ж лісты – канкрэтны мэсэдж рэжыму: ніводнае парушэнне правоў чалавека недапушчальнае і будзе адсочвацца замежнай супольнасцю.

Але палітзняволеныя ў Беларусі сутыкаюцца з масавымі парушэннямі сваіх правоў, у тым ліку ім аддаюць далёка не ўсе лісты, якія ім дасылаюць. Прычынай цэнзуры можа быць суб'ектыўны фактар, калі незразумела, чаму тыя ці іншыя лісты не трапілі да адрасата. Але тым не менш існуюць пэўныя выпрацаваныя правілы, якія павялічваюць шанцы вашага ліста быць атрыманым.

Каб працэс быў больш простым для замежнікаў і замежніц, мы падрыхтавалі адказы на тыя пытані, якія ўзнікаюць часцей за ўсё. Спадзяемся, яны дапамогуць зрабіць першы крок у салідарнасці з палітычнымі зняволеннымі Беларусі.     

На якой мове трэба пісаць лісты?

Лісты трэба пісаць выключна на беларускай або рускай мове: у іншым выпадку палітзняволеныя не атрымаюць ліст.

Як замежнік ці замежніца можа напісаць ліст на рускай або беларускай мове?

Можна скарыстацца анлайн-перакладчыкамі кшталту Google, а таксама выкарыстаць нашыя шаблоны, адмыслова падрыхтаваныя для гэтых мэтаў.

Шаблон на дзень народзінаў:

1. Добры дзень, (імя)!

Мяне завуць (імя), я пішу вам з (горад) з самымі шчырымі віншаваннямі з Днём Народзінаў!

Нават за дзясяткі і сотні кіламетраў пра Вас, Вашую смеласць і годнасць ведаюць ды натхняюцца многія-многія людзі. Дзякуй за годны прыклад!

Зычу Вам не падаць духам і мець трывалае здароўе. З Днём Народзінаў!

2. Вітаю, (імя)!

Я даведаўся пра Вас у (горад/краіна), хоць бы гэта і далёка ад Беларусі. Чаму? Таму што гісторыі пра годных беларусаў і іх смеласць лётаюць па ўсім свеце, натхняючы дзясяткі і сотні чалавек!

Я хачу павіншаваць Вас з Днём Народзінаў і пажадаць усяго, што адгукаецца ў сэрцы! Будзьце шчаслівыя!

Шаблон, каб падтрымаць:

1. Шаноўны_ая (імя)!

Я захапляюся Вашай смеласцю! Ведайце, што пра Вас ведаюць далёка за межамі Беларусі і падтрымліваюць!

Прыміце ад (краіна) самыя шчырыя словы салідарнасці!

(Імя, горад, дата)

2. Добры дзень, (імя)!

Я пішу вам з (краіна, горад). Мы тут пра вас шмат гутарым і захапляемся. Упэўнены, вы неверагодна моцны чалавек. І годны прыклад для нас усіх!

Трымайцеся, разам мы зможам многае!

(Імя, горад, дата)

Яшчэ шаблоны можна падглядзець тут.

Як правільна пазначыць імя і адрас вязня? На якой мове?

Імя і адрас лепш пісаць на беларускай або рускай мове: так сартыроўка адбудзецца хутчэй – адпаведна, ліст дойдзе больш аператыўна. Да таго ж, не ва ўсіх выпадках вядомая дакладная транслітэрацыя імя. Але калі яно будзе напісанае лацінкай, гэта не павінна выклікаць непаразуменняў.

Ці можна дасылаць марку і капэрту з лістом, каб палітвязні маглі адказаць?

Гэта слушнае рашэнне. Не ва ўсіх палітвязняў дастаткова капэртаў, тым больш – марак, якія можна дасылаць за мяжу. Даведайцеся ў аддзяленні паштовай сувязі, якія марка і капэрта дакладна дойдуць з Беларусі ў вашую краіну і ўкладзіце іх у ваш ліст. Таксама варта ўкласці аркуш чыстай паперы, каб чалавек мог вам адказаць.

Ці існуе цэнзура? Ці ўсе лісты прапускаюць?

Усе ўваходныя, выходныя лісты абавязкова чытае нейкі асобны чалавек, звычайна — цэнзар. Ён на сваё меркаванне можа нешта прапусціць, можа нешта выкрэсліць, а можа наогул ліст цалкам не прапусціць. Уявіце, што ў вашым чаціке ўдзельнічае нехта трэці: калі яму будзе нешта незразумела, то ён можа гэта выдаліць ці наогул не аддаць ліст.

Што дакладна не аддадуць чалавеку?

Лісты, выкананыя тайнапісам, шыфрам, з ужываннем іншых умоўнасцяў або жаргону, а таксама якія носяць цынічны характар, накіраваныя на прычыненне шкоды дзяржаўным органам, грамадскіх аб'яднанняў і асобных грамадзян альбо якія змяшчаюць звесткi, што складаюць дзяржаўную, службовую таямніцу.

Што яшчэ не варта пісаць у лісце? Ці можна пісаць навіны?

  • Калі чалавек знаходзіцца на этапе следства, то не варта абмяркоўваць з ім крымінальную справа. Не ўзгадвайце ў лістах іншых людзей, якія неяк могуць быць звязаныя з гэтай справай.
  • Не ўжывайце ў лістах выразы, якія могуць палічыць экстрэмізмам.
  • Пазбягайце палітычных тэм.
  • Не выкарыстоўвайце ў тэксце мацюкі, лаянку, абрэвіятуры, замежныя словы.
  • Пазбягайце розных алегарычных метафарычных выказванняў, таму што яны могуць быць расцэненыя як зашыфраванае паведамленне або інструкцыя да нечага.
  • Навіны можна пісаць абстрагаваныя: напрыклад, калі вы дакладна ведаеце, што зняволенны цікавіцца футболам, можна абмеркаваць з ім апошнія падзеі ў футбольным свеце.

Але як бы ні прытрымлівацца правілаў, цэнзура — гэта тая рэч, якая, на жаль, не працуе па нейкіх пэўных крытэрыях.

Што можна пісаць?

Па-першае, павітайцеся з чалавекам і крыху распавядзіце пра сябе. Па-другое, добра, калі вы знойдзеце тэму, абмеркаваць якую вязню будзе даспадобы. Крыху больш пра палітычных зняволенных можна даведацца тут. Невялікі туторыял, аб чым пісаць, можна пачытаць тут. Калі нават так нічога не прыдумляецца, распавядзіце, як прайшоў ваш дзень, што новага вы ўбачылі, прачыталі, пачулі: гэты набытак можа стаць не толькі вашым. Можна напісаць пра свае падарожжы, уражанні, эмоцыі. Альбо вобразна апісаць тое, што ў вязняў няма магчымасці ўбачыць: нават такія побытавыя рэчы, як сварка птушак за вакном. Таксама варта прастаўляць дату і нумараваць лісты.

001_pisma.jpg
Малюнак: takiedela.ru

Цягам якога часу лісты даходзяць да вязняў?

Тэрмін залежыць ад краіны і мер, якія там прынятыя ў звязку з каронавірусам. Напрыклад, з Украіны ліст звычайна даходзіць цягам тыдня, з Грузіі – месяца. Дакладны тэрмін трэба ўдакладняць у паштовых аддзяленнях вашай краіны, але памятайце, што ён можа расцягнуцца праз цэнзуру.

Ці можна дасылаць надрукаваныя лісты альбо трэба пісаць ад рукі?

Лепш пісаць лісты ад рукі: так яго верагоднасць дайсці вышэйшая. Калі па нейкіх абставінах вы не можаце пісаць ад рукі, запоўніце гэтую форму: каманда валанцёраў і валанцёрак Майстэрні паштовак салідарнасці ў хуткім часе падпіша паштоўку і дашле вязням.

Спасылка вядзе на беларускамоўную форму: калі ласка, скарыстайцеся гугл-перакладчыкам, каб зарыентавацца ў ёй. У першым пытанні вам трэба вызначыцца з адрасатам, у другім – напісаць тэкст ліста, у трэцім – пры жаданні пазначыць зваротны адрас.


Лісты для палітвязняў асабліва важныя. Там, за калючым дротам на іх ідзе пастаянны маральны і псіхалагічны ціск: "Ты не маеш рацыю, пра цябе ўсе забыліся, ты нікому не патрэбны". Яно можа душыць людзей. І таму лісты ў такой сітуацыі вельмі дапамагаюць. Гэта такі акт салідарнасці і падтрымкі. Па сутнасці, гэта адзіны спосаб данесці да іх, што мы падтрымліваем іх, і верым у тое, што яны рабілі і робяць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства