У межах ініцыятывы #WeStandBYyou беларускімі вязнямі будуць апекавацца “хросныя” з Бундэстага
Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся новыя дэпутаты нямецкага парламента. У межах ініцыятывы беларускімі вязнямі будуць апекавацца “хросныя” з Бундэстага. Усяго на дадзены момант удзельнікамі кампаніі салідарнасці з'яўляюцца 89 дэпутатаў парламентаў Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Бельгіі, Нідэрландаў, а таксама дэпутаты Еўрапарламента.
Фларыян Хан, прадстаўнік ХДС/ХСС па пытаннях еўрапейскай палітыкі ў нямецкім Бундэстагу, стаў “хросным” Сяргея Брыля. Ён заявіў:
“Выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі. Трэба меркаваць, што значная частка, калі не большасць людзей у Беларусі, галасавала не за стары рэжым, а за новы дэмакратычны пачатак. Таму мы ў Германіі і Еўропе павінны быць гатовыя ў будучыні аказваць большую падтрымку жыхарам Беларусі на шляху да дэмакратыі. Таму я заклікаю да неадкладнага спынення гвалту, вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, такіх як Сяргей Брыль, і новых дэмакратычных выбараў у Беларусі”.
Сюзана Міттаг, дэпутатка Бундэстага ад сацыял-дэмакратаў, стала “хроснай” Святланы Купрэевай.
“Я падтрымліваю заклік вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі, асабліва зняволеных жанчын”, — сказала яна.
Мануэла Ротман, дэпутатка Бундэстага Германіі ад групы “Альянс90/Зялёныя”, стала “хроснай” Марыі Несцеравай. Яна заявіла:
“Мая павага ўсім дэманстрантам, такім як Марыя Несцерава, якія, нягледзячы на пагрозы і гвалт, мірна пратэстуюць супраць дзяржаўнага тэрору рэжыму Лукашэнкі. Пагрозы, тэрор і парушэнні правоў чалавека не могуць здушыць імкненне да свабоды, дэмакратыі і вяршэнства закона. Ваша мужнасць узорная і натхняльная. Я заклікаю неадкладна вызваліць усіх людзей, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды сходаў у паслявыбарчы перыяд”.
Дэпутатка Бундэстага Катрын Штафлер стала “хроснай” Дзмітрыя Канапелькі і заявіла:
“Выклікае жах тое, што грубае парушэнне правоў чалавека здзяйсняецца на межах ЕС. Патрабуецца вялікая мужнасць, каб стаць на шлях лепшай будучыні і дэмакратыі ў Беларусі. Гэтую мужнасць праявіў Дзмітрый Канапелька, як і многія іншыя. Вы можаце быць упэўнены, што мы падтрымаем іх на гэтым шляху!”
Дэпутатка Бундэстага Сабін Пошман стала “хроснай” Яраслава Збароўскага. Яна заявіла:
“Германія і Еўропа не могуць проста сядзець, склаўшы рукі, у той час як парушаюцца правы чалавека. Таму, будучы дэмакратычна абранай дэпутаткай парламента, я салідарная з такімі палітычнымі зняволенымі, як Яраслаў Збароўскі, і патрабую іх неадкладнага вызвалення”.
Дэпутат Бундэстага Фалька Морс стаў “хросным” Марка Салонікава. Ён заявіў:
“Марк Салонікаў — малады чалавек, які выйшаў на вуліцу ўсяго толькі, каб абараніць свае правы, і ў адказ быў жорстка пазбаўлены свабоды. Разам са сваімі суграмадзянамі ён мірна змагаўся за дэмакратыю і зараз знаходзіцца за яе ў турме. Гэта невыносна чуць. Я запэўніваю яго і яго паплечнікаў у сваёй салідарнасці”.
Дэпутат Бундэстага Ёган Саатхоф стаў “хросным” Дзяніса Болтуця. Ён заявіў:
“Народ Беларусі праяўляе незвычайную мужнасць, проста патрабуючы правядзення свабодных і сумленных выбараў, каб мець магчымасць вызначыць сваю будучыню. Зусім недапушчальна, што сілавікі адказваюць на гэта гвалтам, запалохваннем і арыштамі. Палітвязні, такія як Дзяніс Болтуць, павінны быць неадкладна вызвалены!”
Дэпутатка Бундэстага Катрын Лангензіпэн стала “хроснай” Антона Бяленскага. Яна заявіла:
“Як дэмакратка і еўрапейка, я салідарная з пратэстоўцамі ў Беларусі. Я заклікаю да канчатковага прызнання відавочнай фальсіфікацыі выбараў 9 жніўня і да хуткага правядзення новых выбараў. Лукашэнка павінен саступіць, каб не паглыбляць крызіс усёй краіны. Палітычныя зняволеныя, такія як Антон Бяленскі, нарэшце павінны быць вызвалены. У той жа час ЕС і іншыя краіны павінны працягваць аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі шляхам санкцый. Мы таксама павінны абмеркаваць пытанні рэканструкцыі краіны з беларускім грамадзянскім насельніцтвам, каб Беларусь мела перспектыву ў будучыні. Да таго часу я застаюся пры сваёй пазіцыі: апошняя дыктатура на еўрапейскім кантыненце павінна нарэшце ўпасці!”
Андрэас Штэер стаў “хросным” Яўгена Афнагеля. З нагоды свайго рашэння ён заявіў:
“Фотаздымкі падзеяў апошніх месяцаў пасля прэзідэнцкіх выбараў шакуюць: жорсткі гвалт сілавікоў супраць відавочна мірных дэманстрантаў. І, згодна з усім, што мы ведаем ад былых зняволеных і з паведамленняў няўрадавых арганізацый, страшныя рэчы часта адбываюцца і ў зняволенні. Зняволеныя не толькі не маюць доступу да юрыдычнай дапамогі - яны пастаянна падвяргаюцца небяспецы фізічных і псіхалагічных катаванняў. Незалежнае юрыдычнае расследаванне любых абвінавачванняў таксама не гарантавана, і абвінавачванні выглядаюць палітычна сфабрыкаванымі. Таму беларускія ўлады мусяць неадкладна вызваліць Яўгена Афнагеля і ўсіх астатніх палітвязняў”.
Дэпутатка Бундэстага Сандра Бубендорфер-Ліхт стала “хроснай” Міхаіла Калішука і заявіла:
“Ужо амаль чатыры месяцы многія рызыкуюць сваім эканамічным існаваннем, здароўем і жыццём дзеля права самім вызначаць сваю будучыню. Адзін з тых, каму давялося заплаціць за гэта вялікую цану, — Міхаіл Калішук. Германія і Еўропа стаяць на баку Міхаіла і ўсяго дэмакратычнага руху ў Беларусі. Жыве Беларусь!”
Дэпутат Бундэстага Олівер Лукшыч стаў “хросным” Ягора Канецкага і заявіў:
“Тое, што адбываецца ў Беларусі, абуральна: фальсіфікацыя выбараў, падаўленне прэсы і свабода слова, масавыя арышты прадстаўнікоў апазіцыі і актывістаў грамадзянскай супольнасці. Але рэпрэсіі не спыняць імкненне людзей да пераменаў. ЕС і Германія не павінны апускаць рукі, але мусяць сачыць за паводзінамі ўрада. Грамадзянскай супольнасці Беларусі неабходна тэрмінова дапамагчы. Таму я вырашыў стаць “хросным” аднаго з палітвязняў Ягора Канецкага і буду дамагацца яго вызвалення”.
Дэпутатка Бундэстага Мар’а-Ліза Фёлерс стала “хроснай” Андрэя Папова. З гэтай нагоды яна заявіла:
“Мы бачым, што адбываецца ў вашай краіне! І мы цалкам асуджаем тое, што там робіць спадар Лукашэнка. Я захапляюся мужнасцю і сілай, з якой Андрэй Папоў і ўсе яго суграмадзяне змагаюцца за свабоду і дэмакратыю, рызыкуючы сваім жыццём. Апазіцыйны рух у Беларусі заслугоўвае ўсёй нашай салідарнасці і падтрымкі. Не здавайцеся! #WeStandBYyou”.
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
Еўрапейскія праваабаронцы заклікаюць спыніць рэпрэсіі супраць беларускіх студэнтаў