"Рэпарцёры без межаў" прызналі Беларусь самай небяспечнай для журналістаў краінай Еўропы
"Рэпарцёры без межаў" прызналі Беларусь самай небяспечнай краінай для працы журналістаў у Еўропе. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе арганізацыі. Арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" адрасуе 15 рэкамендацый мясцовым уладам і міжнародным інстанцыям і, у прыватнасці, просіць Еўрапейскі Саюз замарозіць усе выплаты па лініі фінансавай дапамогі свайму суседу пакуль там парушаюцца правы чалавека.
За чатыры месяцы ў Беларусі:
- зафіксавалі 449 выпадкаў парушэння свабоды слова,
- арыштавалі 368 журналістаў,
- палову арыштаваных асудзілі,
- 80 журналістаў заключылі на тэрмін не менш трох дзён,
- 7 журналістаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасці або атрымалі пагрозы такога пераследу,
- 62 журналісты сталі ахвярамі гвалту, жорсткага абыходжання і нават катаванняў падчас утрымання пад вартай.
- "Рэпарцёры без межаў" распрацавалі спіс рэкамендацый, накіраваных на спыненне пераследу журналістаў.
Сярод патрабаванняў да беларускіх уладаў:
- гарантаваць бяспеку журналістам, асудзіць вінаватых у парушэнні свабоды слова, жорсткім абыходжанні, гвалце і катаваннях;
- спрасціць акрэдытацыю замежных журналістаў;
- спыніць цэнзуру і блакаванне навінавых сайтаў і блогаў;
- вярнуць незалежным выданням доступ да друку і распаўсюду;
- адмяніць абавязак весці ўлік і раскрываць звесткі каментатараў;
- спыніць крымінальны і адміністрацыйны пераслед журналістаў, перагледзець прысуды;
- паспрыяць візіту ў Беларусь дакладчыка АБСЭ і экспэртаў ААН;
- прызнаць юрысдыкцыю Еўрапейскага суда па правах чалавека.
Да еўрапейскіх інстытутаў "Рэпарцёры без межаў" звярнуліся з заклікам падтрымліваць журналістаў і свабоду слова ў Беларусі. А таксама ўвесці санкцыі супраць беларускіх уладаў і замарозіць фінансавую дапамогу.
Беларусь займае 153-е месца з 180 краін у сусветным рэйтынгу свабоды прэсы "Рэпарцёры без межаў" за 2020 год.