63-гадовая жыхарка Брэста, якая правяла 18 сутак у ІЧУ, стала падазраванай па крымінальнай справе аб беспарадках
У дачыненні да 63-гадовай пенсіянеркі Алены Гнаўк, якая на мінулым тыдні выйшла пасля 18 сутак у ізалятары часовага ўтрымання, распачалі крымінальную справу. Пра гэта паведаміла Tut.by яе дачка Аляксандра. Па словах сваякоў, пенсіянерка праходзіць падазраванай па артыкуле за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (342 Крымінальнага кодэкса).
Што канкрэтна ставіцца ў віну Алене Пятроўне, невядома: яе адвакат з ім яшчэ не сустракаўся.
Дачка затрыманай Аляксандра лічыць, што падставай для крымінальнага пераследу маглі паслужыць падзеі 13 верасня. У нядзелю дэманстранты вадзілі карагоды на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Разганялі людзей вадамётам. Паводле звестак на канец верасня, па гэтым факце было заведзена 20 крымінальных спраў.
«Справа карагодаў» у Брэсце. Што вядома цяпер?
Па каментар Tut.by звярнуўся да афіцыйнага прадстаўніка СК па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Іванюка. На момант публікацыі адказу ад яго мы так і не атрымалі.
Зараз Алена Пятроўна зноў у ІЧУ. Яе затрымалі ў нядзелю, 25 кастрычніка, каля Цэнтральнага ўнівермага. У сераду яе чарговым разам будуць судзіць паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, паведаміла TUT.BY Аляксандра.
Алену Гнаўк судзілі ўжо пяць разоў. Спачатку яна адбыла 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — нядзельным маршы 4 кастрычніка. Тэрмін гэтага заключэння скончыўся 19 кастрычніка. Прычым пакуль Алена была ў ІЧУ, яе судзілі яшчэ два разы, але кожны раз справу адпраўлялі на дапрацоўку.
Пасля арышту на волю яна не выйшла: у той жа дзень Гнаўк судзілі чацвёрты раз — ужо за марш 30 жніўня. Справу зноў адправілі на дапрацоўку — і адразу пасля суда Гнаўк ўзялі пад варту яшчэ раз. 22 кастрычніка, на пятым судзе, Алену Пятроўну нарэшце аштрафавалі на 30 базавых (810 рублёў) і адпусцілі дадому.