Лаўрэатам прэміі “За свабоду думкі” імя Сахарава названая дэмакратычная апазіцыя Беларусі
Прэзідыум Еўрапейскага парламента назваў 22 кастрычніка лаўрэата прэміі "За свабоду думкі" імя Андрэя Сахарава за 2020 год. Прэмію сёлета атрымала дэмакратычная апазіцыя Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнай радай, ініцыятывай адважных жанчын, а таксама палітыкамі і дзеячамі грамадзянскай супольнасці
У шорт-ліст прэміі "За свабоду думкі" ў гэтым годзе ўвайшлі:
- “Дэмакратычная апазіцыя Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнай радай, ініцыятывай адважных жанчын, а таксама палітыкамі і дзеячамі грамадзянскай супольнасці”;
- Абаронцы навакольнага асяроддзя Гуапінола і Берта Касерэс з Гандураса;
- Арцыбіскуп Наджыб Муса Міхаэль з Іраку.
У складзе “Дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, прадстаўленай Каардынацыйнай радай, ініцыятывай адважных жанчын, а таксама палітыкамі і дзеячамі грамадзянскай супольнасці” 10 вядомых асоб:
Святлана Ціханоўская, былая кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі;
Святлана Алексіевіч, пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры;
Марыя Калеснікава, палітычная дзяячка, сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады, кіраўніца выбарчага штаба Віктара Бабарыкі, палітвязень;
Вольга Кавалькова, грамадска-палітычная дзеячка; сустаршыня БХД, сябра Каардынацыйнай Рады;
Вераніка Цапкала, грамадская актывістка, палітык, прадстаўнік аб'яднанага штаба Святланы Ціханоўскай;
Сяргей Ціханоўскі, відэаблогер, аўтар YouTube-канала «Страна для жизни», грамадскі дзеяч, палітвязень;
Алесь Бяляцкі, грамадскі дзеяч, праваабаронца, былы палітвязень і вязень сумлення
Сяргей Дылеўскі, лідар стачкама Мінскага трактарнага завода, сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады;
Сцяпан Пуціла, журналіст, аўтар папулярных грамадска-палітычных каналаў у Беларусі;
Мікалай Статкевіч, грамадскі дзяяч, палітык, палітвязень.
Афіцыйнае ўручэнне прэміі адбудзецца 16 снежня ў Страсбургу.
Сябры Еўрапейскага парламента могуць вылучаць кандыдатаў на прэмію Сахарава ў верасні кожнага года. Кожны кандыдат павінен заручыцца падтрымкай як мінімум 40 членаў парламента, і кожны асобны дэпутат можа падтрымаць толькі адну кандыдатуру.
Прэмія "За свабоду думкі", названая ў гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, была заснавана ў Еўрапейскім парламенце ў 1988 годзе, яе прысуджаюць людзям або грамадскім арганізацыям, якія вызначыліся ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў. Раней прэмію імя Андрэя Сахарава сярод беларускіх арганізацый і асоб атрымалі Беларуская асацыяцыя журналістаў (2004) і палітык Аляксандр Мілінкевіч (2006).