“Привлечённые”

2016 2016-12-06T14:23:30+0300 2016-12-06T14:29:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zbor_bulby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота TUT.BY

Ілюстрацыйнае фота TUT.BY

На працягу апошняга тыдня я ўважліва сачыў за грамадзянскім працэсам па пазове бацькі 13-гадовай дзяўчынкі, якая загінула падчас працы па зборы бульбы на полі аграпрадпрыемства “Усход-Агра” ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці.  

Гэтая жахлівая ахвяра, няшчаснае загінуўшае дзіцё, стала для мяне сімвалам прымусовай працы ў Беларусі. Маё сэрца бацькі проста разрываецца на часткі. Бедная Віка, бедныя яе бацькі…

Сам суд між тым прадэманстраваў усю сутнасць і маштабнасць выбудаванай дзяржаўнай сістэмы прымусовай працы. Удзельнікі працэсу, сведкі, якіх апытвае суддзя, у прысутнасці пракурора распавядаюць, як на практыцы функцыянуе сістэма дзяржаўнага прыгону. Іншае слова і падабраць цяжа. Так, менавіта прыгону, ёмістае беларускае слова найлепей адлюстроўвае гэтую з’яву.

Вось дырэктар прадпрыемства “Усход-Агра” (на полі гэтага прадпрыемства збірала бульбу 13-гадовая Віка) Аляксандр Жыгарэнка, просценька так, па-гаспадарску, тлумачыць, што за дапамогай у прыборцы ўраджаю яны ўжо не першы год звяртаюцца ў райвыканкам. Там, у райвыканкаме, вызначаюць “арганізацыі-памошнікі”. Ніякіх дамоваў ніхто ні з кім не заключае, працу не аплочвае, бо “ўсё ідзе, як шэўская дапамога”. Няма словаў! А я думаю, што гэта нам у рукі за распараджэнні выканкамаў трапляюць, у якіх іх старшыні ў загадным парадку абавязваюць усіх кіраўнікоў прадпрыемстваў раёну накіроўваць сваіх супрацоўнікаў на прыборку кукурузы ці нарыхтоўку сена, альбо на санітарную ачыстку лесапаласы (у залежнасці ад сезону і патрэбаў сельгаспрадпрыемстваў). Ну а кіраўнікі прадпрыемстваў, звыкла ўзяўшы пад казырок, накіроўваюць сваіх супрацоўнікаў на бясплатную працу на палеткі. Накіроўваюць таксама ў загадным парадку - паспрабуй не паедзь на чарговую “бульбу”.  І пляваць на тое, што Працоўны кодэкс забараняе наймальніку патрабаваць ад працаўніка выканання працы, неабумоўленай працоўнай дамовай, і што прыборка бульбы ці кукурузы ну ніяк не з’яўляецца стыхійным бедствам ці катасрофай.

Кожны працаўнік маленькага мястэчка ды і нават такога гарадка, як Глуск, Вялейка ці Лагойск памятае, што ён працуе па кантракце, заключаным у лепшым выпадку на тры гады. А знайсці працу ў такіх гарадках зараз вельмі і вельмі складана. Вось і карыстаюцца ўлады маўклівымі ды бяспраўнымі. Прыцягваюць іх да дармавой працы ў выпадку патрэбы. А патрэбы такія ўзнікаюць рэгулярна і круглы год. То “Дажынкі”, то прыборка раптоўна наваліўшагася ўраджаю, то рэспубліканскі ці мясцовы суботнік. І ўся праца ў межах “шэўскай дапамогі”, у добраахвота-прымусовым парадку.

Нават тэрмін ужываюць чыноўнікі ў сваіх загадах-распараджэннях адзін і той жа – “привлечённые”. Штосьці ёсць у гэтым слове такое, яно цалкам адпавядае сутнасці гэтай з’явы. “Привлечённые”, абавязаныя, ізаляваныя… Шмат у нашай краіне назваў для прымусова працуючых.

А яшчэ мяне ў  гісторыі з Вікай уражваюць чыноўнікі, якія цынічна заяўляюць на судзе, што, паколькі ёй не было 14-ці гадоў (узрост, з якога могуць заключацца працоўныя дамовы), то не было і ніякіх працоўных адносінаў паміж ёй і сельскагаспадарчым прадпрыемствам, на полі якога яна збірала бульбу. А прадстаўнікі адміністрацыі школы дадаюць, што гэта і не было працай, а так - у выхаваўчых мэтах і ў межах акцыі “Убяры ўраджай!”  Пры тым, што Міністэрствам адукацыі рассылаўся адмысловы ліст, які забараняў прыцягваць школьнікаў у навучальны час на сельскагаспадарчыя працы. Нягледзячы на гэта, аддзел адукацыі Маладзечанскага раёна ўсё ж разаслаў распараджэнне па школах аб накіраванні вучняў 10-х класаў на прыборку бульбы. Натуральна, што такое распараджэнне ад выканкаму ўспрымаецца адмінстрацыямі школы як загад. Настаўнікі, яны ж у нас па жыцці “привлечённые”. Ідуць, куды скажуць - што ў выбарчыя камісіі, што на барацьбу за ўраджай. А калі што - яны і скрайнімі будуць.

Вось і зараз знайшлі такіх скрайніх, узбудзілі крымінальную справу супраць настаўнікаў, што не ўгледзілі, не ўратавалі Віку, а таксама супраць 26-гадовага кіроўцы МАЗу, што здзейсніў смяротны наезд на полі.

Але сутнасна разбірацца з усё гэтай “пірамідай прыгону” ніхто не хоча і не будзе. Ніхто не даваў прававой ацэнкі ні распараджэнню старшыні Маладзечанскага раёна Аляксандра Яхнаўца, якое разсылалася кіраўнікам прадпрыемстваў раёна, ні распараджэнню аддзела адукацыі таго ж самага райвыканкаму аб накіраванні школьнікаў на бульбу.

Вось так. Слуханні ў МАП па Беларусі адно, а “привлечённые” на беларускіх палетках іншае, бо праца для “привлечённых” у нас - гэта не права, гэта пачэсны абавязак.

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства