Навіны на тэму: акцыі

25.03.2008 У Баранавічах затрыманыя каля 20 удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі

На шляху да ўскладаньня кветак да Крыжа Пакут у Баранавічах на знак сьвяткаваньня Дня Волі была затрыманая група мясцовых прадстаўнікоў грамадзкасьці ў складзе 14 чалавек. Усе былі дастаўленыя ў баранавіцкі ГАУС для высьвятленьня і дачы тлумачэньняў. Праз нейкі час двух інвалідаў і двух непаўнагадовых адпусьцілі, а 10 чалавек пакінулі ў ІЧУ да заўтрашняга складаньня пратаколаў і суду.

25.03.2008 У Савецкім РУУС 51 затрыманы

Як стала вядома ПЦ "Вясна", у Савецкі РУУС у аўтазаку і аўтобусе былі дастаўленыя агулам 51 удзельнік урачыстай мірнай акцыі. Па сьведчаньню затрыманых падчас транспарціроўкі ў аўтазаку іх зьбівалі супрацоўнікі ПМСП. Сярод затрыманых 12 непаўнагадовых, якіх абавязаныя вызваліць не больш як праз 3 гадзіны. Зараз усіх здымаюць на відэа.

25.03.2008 У Маскоўскім РУУС Менску - 21 затрыманы

Па папярэдніх зьвестках У Маскоўскі РУУС сталіцы дастаўленыя 19 беларусаў і 2 палякі - усяго 21, у Савецкім РУУС - 25 чалавек. Колькасьць дастаўленых у Цэнтральны РУУС пакуль невядомая, Прозьвішчы будуць удакладняцца.

СЬПІС  ЗАТРЫМАНЫХ І АСУДЖАНЫХ НА  ДЗЕНЬ ВОЛІ (інфармацыя можа ўдакладняцца і выпраўляцца)

25.03.2008 СЬПІС ЗАТРЫМАНЫХ І АСУДЖАНЫХ НА ДЗЕНЬ ВОЛІ (інфармацыя можа ўдакладняцца і выпраўляцца)

Па інфармацыі ПЦ “Вясна” сярод затрыманых у мірным сьвяткаваньні 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску больш за 100 чалавек. Удзельнікі Дня Волі пакараныя буйнымі штрафамі і арыштамі, адміністратыўныя пратаколы, складзеныя на затрыманых непаўнагадовых, накіраваныя на адміністратыўныя камісі выканкамаў.

25.03.2008 Жорстка затрыманыя журналісты "Нашай Нівы"

У раёне плошчы Перамога пры выкананьні сваіх службовых абавязкаў затрыманыя супрацоўнікі незалежнага выданьня "Наша Ніва" фотакарэспандэнт Андрэй Лянкевіч і журналіст Сямён Печанко. Па папярэдніх зьвестках апошняга дастаўляюць у Маскоўскі РУУС. Пры затрыманьні Андрэй Лянкевіч быў жорстка зьбіты.

25.03.2008 Магіляўчанін Валадар Цурпанаў вывесіў на гаўбцы два сьцягі

Магіляўчанін Валадар Цурпанаў адсвяткаваў 90-я угодкі БНР, вывесіўшы сёння на балконе два сцягі - бел-чырвона-белы нацыянальны і чырвона-зялёны дзяржаўны. “Двума сьцягамі я хацеў паказаць, што нашае грамдзва не павінна мець паміж сабой ніякіх бар'ераў, а гэтае сьвята мусіць аб’яднаць усю беларускую нацыю”, - кажа грамадскі актывіст.

25.03.2008 У Савецкі РУУС дастаўляюць першых затрыманых

У раёне плошчы Перамога каля рэдакцыі газэты "Вячэрні Мінск" затрыманыя Богдан Ільля, Афнагель Яўген, Любімава Тацяна, Пестун Людміла, Янкілевіч Ірына. Па папярэдніх зьвестках іх вязуць у Савецкі РУУС.

25.03.2008 Пачаўся масавы хапун удзельнікаў Дня Волі

Як і абяцаў міністар унутраных справаў, супраць удзельнікаў мірнай акцыі кінутыя ўзбороеныя сілы сьпецпадразьдзяленьняў. Супрацоўнікі міліцыі сілай выціскаюць дэманстрантаў, якія зьбраліся на плошчы Якуба Коласа ад рэстарана Лідо ў бок Акадэміі навук. Сярод першых затрыманых Алесь Лапіцкі-малодшы.

Каля плошчы Перамогі пачалася жорсткая бойка: удзельнікаў сьвяточнага шэсьця на перакрыжаваньні пр-ту Незалежнасьці і вуліцы Казлова каля Палацу мастацтваў узброеныя амонаўцы запіхваюць без разбору ў аўтазакі.

25.03.2008 „Міжнародная амністыя” праводзіць акцыі салідарнасьці з А. Казуліным

Нямецкая філія праваабарончай арганізацыі „Міжнародная амністыя” праводзіць акцыю салідарнасьці з палітвязьнем Аляксандрам Казуліным. Арганізацыя заклікае ўсіх, каму неабыякавы лёс палітыка, ад 25 да 28 сакавіка перавесьці на рахунак беларускай амбасады ў Бэрліне альбо Боне 1 цэнт з нататкай “Свабоду Казуліну”.

Таксама 25 сакавіка „Міжнародная амністыя” праводзіць пікет перад будынкам беларускай дыпмісіі ў нямецкай сталіцы. Праваабаронцы зьвярнуліся да грамадзкасьці з заклікам далучыцца да іх і „патрабаваць свабоды для палітвязьня”.

25.03.2008 Яшчэ двое затрыманых у Віцебску

На Плошчы Свабоды ў Віцебску некалькі хвілінаў таму затрыманы актывісты мясцовай арганізацыі АГП Алесь Пазняк і Ян Таўпыга. Актывісты стаялі на плошчы з разгорнутым нацыянальным сьцягам, калі на іх накінулася некалькі пераапранутых міліцыянтаў і супрацоўнікі ДАІ. Зараз затрыманых актывістаў адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебска.

25.03.2008 У Дзень Волі вучняў прымусова заганяюць на дыскатэкі

Менскіх школьнікаў, нягледзячы на вакацыі, прымушаюць 25 сакавіка правесьці цэлы дзень у школьным лягеры, а ўвечары абавязкова наведаць дыскатэку.

25.03.2008 Арыштаваны Аляксей Кашкароў

5 сутак арышту ад “нястомнай” суддзі Тацяны Паўлючук атрымаў ў судзе Цэнтральнага раёну Менску Аляксей Кашкароў. Ён быў затрыманы 24 сакавіка позьнім вечарам у майстэрні Алеся Марачкіна, дзе, па сведчаньні супрацоўнікаў міліцыі брыдка лаяўся. Зараз яго даставілі на Акрэсціна.

25.03.2008 У.Навумаў не дазволіць апазіцыі прайсці сваім маршрутам у Дзень Волі

Міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў заявіў, што праваахоўныя органы будуць перарываць акцыю апазіцыі, калі яна не будзе адпавядаць зацверджанаму ўладамі маршруту.

25.03.2008 Міліцыянты Костачка і Бярозка пільнуюць хату Алеся Пушкіна ў Бабры

Міліцыянты перашкаджаюць мастаку Алесю Пушкіну правесці акцыю на галоўнай плошчы мястэчка з нагоды 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Каля яго хаты выстаўлены міліцэйскі пост.

24.03.2008 Міліцыянты папярэджваюць актывістаў

Да актывіста Руху “За Свабоду” з Кобрына Алеся Меха 23 сакавіка прыйшлі супрацоўнікі міліцыі Кобрынскага РАУС з патрабаваннем падпісаць дакументы, што актывіст папярэджаны аб адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і распаўсюд газет без выходных дадзеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства