Навіны на тэму: затрыманьні
25.03.2008 У Савецкім РУУС 51 затрыманы
Як стала вядома ПЦ "Вясна", у Савецкі РУУС у аўтазаку і аўтобусе былі дастаўленыя агулам 51 удзельнік урачыстай мірнай акцыі. Па сьведчаньню затрыманых падчас транспарціроўкі ў аўтазаку іх зьбівалі супрацоўнікі ПМСП. Сярод затрыманых 12 непаўнагадовых, якіх абавязаныя вызваліць не больш як праз 3 гадзіны. Зараз усіх здымаюць на відэа.
25.03.2008 У Маскоўскім РУУС Менску - 21 затрыманы
Па папярэдніх зьвестках У Маскоўскі РУУС сталіцы дастаўленыя 19 беларусаў і 2 палякі - усяго 21, у Савецкім РУУС - 25 чалавек. Колькасьць дастаўленых у Цэнтральны РУУС пакуль невядомая, Прозьвішчы будуць удакладняцца.
25.03.2008 СЬПІС ЗАТРЫМАНЫХ І АСУДЖАНЫХ НА ДЗЕНЬ ВОЛІ (інфармацыя можа ўдакладняцца і выпраўляцца)
Па інфармацыі ПЦ “Вясна” сярод затрыманых у мірным сьвяткаваньні 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску больш за 100 чалавек. Удзельнікі Дня Волі пакараныя буйнымі штрафамі і арыштамі, адміністратыўныя пратаколы, складзеныя на затрыманых непаўнагадовых, накіраваныя на адміністратыўныя камісі выканкамаў.
25.03.2008 Жорстка затрыманыя журналісты "Нашай Нівы"
У раёне плошчы Перамога пры выкананьні сваіх службовых абавязкаў затрыманыя супрацоўнікі незалежнага выданьня "Наша Ніва" фотакарэспандэнт Андрэй Лянкевіч і журналіст Сямён Печанко. Па папярэдніх зьвестках апошняга дастаўляюць у Маскоўскі РУУС. Пры затрыманьні Андрэй Лянкевіч быў жорстка зьбіты.
25.03.2008 У Савецкі РУУС дастаўляюць першых затрыманых
У раёне плошчы Перамога каля рэдакцыі газэты "Вячэрні Мінск" затрыманыя Богдан Ільля, Афнагель Яўген, Любімава Тацяна, Пестун Людміла, Янкілевіч Ірына. Па папярэдніх зьвестках іх вязуць у Савецкі РУУС.
25.03.2008 Пачаўся масавы хапун удзельнікаў Дня Волі
Як і абяцаў міністар унутраных справаў, супраць удзельнікаў мірнай акцыі кінутыя ўзбороеныя сілы сьпецпадразьдзяленьняў. Супрацоўнікі міліцыі сілай выціскаюць дэманстрантаў, якія зьбраліся на плошчы Якуба Коласа ад рэстарана Лідо ў бок Акадэміі навук. Сярод першых затрыманых Алесь Лапіцкі-малодшы.
Каля плошчы Перамогі пачалася жорсткая бойка: удзельнікаў сьвяточнага шэсьця на перакрыжаваньні пр-ту Незалежнасьці і вуліцы Казлова каля Палацу мастацтваў узброеныя амонаўцы запіхваюць без разбору ў аўтазакі.
25.03.2008 Затрыманы Алег Мяцеліца з Белынічаў
Па дарозе на Менск на уласнай машыне ўжо другі раз затрыманы бялыніцкі дэмакратычны актывіст Алег Мяцеліца. Ён накіроўваўся разам з дачкой на сьвяткаваньне 90-х угодкаў БНР, аднак на трасе Магілёў-Менск ў Беразіно быў спынены супрацоўнікамі ППС і вымушаны быў каля гадзіны правесьці ў пастарунку. Па словах супрацоўнікаў, ім паступіў загад начальніка Бялыніцскага РАУС, што нібыта па віне актывіста, нейкі аштамабіль зьехаў у кювет. Пасьля разьбіральніцтва і дачы тлумачэньняў, Алега Мяцеліцу адпусьцілі.
25.03.2008 Затрыманы Мікіта Красноў
Як стала вядома ПЦ "Вясна", на выхадзе з уласнай кватэры ў Дражне супрацоўнікамі міліцыі быў прэвентыўна затрыманы моладзевы актывіст Мікіта Красноў.
25.03.2008 Затрыманы старшыня Моладзі БНФ Алесь Каліта
Сёньня Алесь Каліта быў заблакаваны ў кватэры, каля якой на працягу дня дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі,а ў двары стаялі міліцэйскія машыны. Калі моладзевы лідэр усё-ткі здолеў выйсьці з дому, міліцыянты кінуліся за ім. Каля станцыі метро "Пушкінская" Алеся Каліту затрымалі і зараз дастаўляюць у пастарунак.
25.03.2008 Затрыманы Франак Вячорка дастаўлены для допыту на Сапёраў
Толькі што каля сядзібы Партыі БНФ супрацоўнікамі міліцыі ў цывіьным быў затрыманы актывіст Моладзі БНФ Франак Вячорка. Калі ён выйшаў у суседнюю кавярню паабедаць, невядомыя ў цывільным падыйшлі да актывіста, прад'явілі пасьведчаньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў і, пасадзіўшы ў белы мікрааўтобус 9594 РН, зьвезьлі ў невядомым накірунку. Як стала вядома ПЦ "Вясна" Вячорку дапытваюць у якасьці сьведкі у следчым упраўленьні папярэдняга раследваньня па мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня.
25.03.2008 Яшчэ двое затрыманых у Віцебску
На Плошчы Свабоды ў Віцебску некалькі хвілінаў таму затрыманы актывісты мясцовай арганізацыі АГП Алесь Пазняк і Ян Таўпыга. Актывісты стаялі на плошчы з разгорнутым нацыянальным сьцягам, калі на іх накінулася некалькі пераапранутых міліцыянтаў і супрацоўнікі ДАІ. Зараз затрыманых актывістаў адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебска.
25.03.2008 Андрэй Шарэнда ўцякаючы ад міліцыі скокнуў у раку
Берасцейскія актывісты Андрэй Шарэнда і Міхаіл Ільін вырашылі ехаць у Меснк аўтаспынам.
25.03.2008 Затрыманьні ў Магілёве
Сёньня міліцыянты затрымалі двух непаўнагадовых актывістаў Моладзі БНФ Фёдара Цюніна і Алеся Анісімава. Падчас затрыманьня хлопцы вывешвалі на адным з мастоў у Магілёве расьцяжку-віншаваньне з Днём Незалежнасьці. Як стала вядома ПЦ "Вясна" зараз яны на волі.
25.03.2008 Віцебск б’е рэкорды па затрыманьнях – у РАУСе Сяргей Каваленка
У Віцебску на адной з цэнтральных вуліц затрымалі моладзевага актывіста Сяргея Каваленку. Яго даставілі ў Кастрычніцкі РАУС. Як стала вядома ПЦ “Вясна”, у Каваленкі канфіскавалі бел-чырвона-белы сцяг. Зараз тэлефонная сувязь з віцебскім актывістам перарвалася. Падрабязнасьці затрыманьня высвятляюцца.
25.03.2008 У Асіповічах на вакзале затрыманы Ігар Сімбіроў
На чыгуначным вакзале ў Асіповічах затрыманы сябра Партыі БНФ Ігар Сімбіроў. Зараз ён знаходзіцца ў пастарунку транспартнай міліцыі. Як паведаміў кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, Ігар Сімбіроў зьбіраўся ехаць у Менск, каб узяць удзел у вулічнай акцыі.










