У гарадах Палесся затрымліваюць валанцёраў «Страны для жизни» і забіраюць у іх тэхніку

2020 2020-10-15T14:08:02+0300 2020-10-15T14:08:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/strana-01png.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Рэчыцы, Мазыры і Калінкавічах адбыліся затрыманні людзей, якія аказвалі валанцёрскую дапамогу падчас выбараў камандзе Святланы Ціханоўскай. Пры гэтым праз некаторы час людзей вызвалілі, але сілавікі забралі ў іх тэхніку і электронныя носьбіты інфармацыі.

Па інфармацыі “Палескай Вясны”, у Рэчыцы 9 кастрычніка затрымалі валанцёра «Страны для жизни» Мікалая Вінісяцкага. Да яго дамоў увечары прыйшлі супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Яны прад’явілі пастанову на ператрус, згодна з якой Мікалай меў статус сведкі ў крымінальнай справе паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушыюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сілавікі вынялі з дому ўсю кампутарную тэхніку, тэлефоны і электронныя носьбіты інфармацыі. Мікалая даставілі ў Гомель.

Да наступнага дня месца ягонага знаходжання было невядомае. Назаўтра жонцы Мікалая ўдалося высветліць, што ён знаходзіўся спачатку ў Цэнтральным РАУС Гомеля, а потым яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Там Мікалая пратрымалі 72 гадзіны ў парадку, прадугледжаным артыкулам 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (паводле непасрэдна ўзніклага падазрэння ў здзяйсненні злачынства) і выпуцілі ўвечары 12 кастрычніка. Якія канкрэтна непасрэдна ўзніклыя падазрэнні і ў здзяйсненні якога злачынства меліся ў сілавікоў, Мікалаю не паведамлі. Уся вынятая з яго дома тэхніка зараз знаходзіцца ў органах дазнання.

13 кастрычніка затрымалі валанцёра каманды «Страна для жизни» з Калінкавічаў Віктара Пырко, які ўлетку дапамагаў чальцам ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай на прэзідэнта арганізоўваць пікеты па зборы подпісаў, а падчас агітацыйнай кампаніі – у арганізацыі агітацыйных пікетаў і мітынгаў. У Віктара таксама забралі знойдзеныя гаджэты. У міліцыі яго апытвалі наконт інфармацыі, якая з’яўляецца ў мясцовых тэлеграм-чатах і тычыцца асабістых звестак супрацоўнікаў міліцыі.

З тае самае цікавасці ў той жа дзень затрымалі валанцёрку з Мазыра Лілію Малыга. Пасля распытванняў наконт інфармацыі пра мясцовых міліцыянтаў у мазырскіх чатах, яе вызвалілі, папярэдне забраўшы тэхніку.

Кіраўнік Мазырскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Целяпун звяртае ўвагу на тое, што гэтыя затрыманні праваабаронцамі разглядаюцца не толькі як палітычна матываваны пераслед, але і як адвольныя затрыманні.

«У сілавікоў няма звестак пра тое, што гэтыя людзі здзейснілі якіясьці правапарушэнні ці злачынствы, іх затрымліваюць, забіраюць іхнюю маёмасць, у спадзяванні знайсці пры гэтым неякія доказы іх датычнасці да нейкіх супрацьпраўных дзеянняў. Пры гэтым рэальнай нагодай для такой пільнай увагі з’яўляецца толькі тое, што гэтыя людзі ўдзельнічалі ў палітычных мерапрыемствах. Акрамя таго, Працоўнай групай у адвольных затрыманнях Рады правоў чалавека ААН любыя абмежаванні волі, нават прызначаныя судом згодна з нацыянальнымі заканадаўствамі, звязаныя з рэалізацыяй права на збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, разглядаюцца як адвольныя затрыманні», – каментуе сітуацыю праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства