Алесь Бяляцкі і "Вясна" ўганараваныя прэстыжнай міжнароднай прэміяй "За годны лад жыцця-2020"

2020 2020-10-01T17:49:00+0300 2020-10-01T13:49:53+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/safe_image.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фотакалаж: ostgruppen.se

Фотакалаж: ostgruppen.se

Сёння, 1 кастрычніка, шведскі фонд “Right Livelihood Award Foundation” назваў лаўрэатаў штогадовай прэміі "За годны лад жыцця-2020".

Сярод чатырох лаўрэатаў – беларускі праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Гэта вядомая міжнародная ўзнагарода, якую яшчэ называюць альтэрнатыўнай нобелеўскай прэміяй. Ёй упершыню ўганараваны грамадзянін Беларусі.

Алесь Бяляцкі і сябры “Вясны” неаднаразова падвяргаліся пераследу з боку ўладаў за ахвярную праваабарончую дзейнасць. У 2011 годзе Алесь Бяляцкі  быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі. Пад ціскам беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці ўлады былі вымушаны вызваліць Алеся датэрмінова летам 2014 года.

Сёння ў СІЗА №1 г. Мінска знаходзіцца каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” – Марфа Рабкова. Яна абвінавачваецца ў “навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці” (ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

Каментуючы ўручэнне міжнароднай прэміі Алесь Бяляцкі сказаў:

– Прэмія, якой  мяне ўганаравалі ў гэты драматычны для гісторыі Беларусі момант, з’яўляецца важнай падтрымкай для ўсяго беларускага грамадства, якое сёння хоча дэмакратычных зменаў, якое дабіваецца, каб правы чалавека ў Беларусі шанаваліся і выконваліся.


Прэмія «За годны лад жыцця» (The Right Livelihood Award) - прэмія фонду Right Livelihood Award Foundation, заснаваная ў 1980 годзе журналістам Якабам фон Юкскуллем. Уручаецца штогод, звычайна 9 снежня, "за дзейнасць над практычнымі і ўзорна-паказальнымі рашэннямі найбольш вострых праблем сучаснасці”. Міжнароднае журы прысуджае прэміі ў такіх галінах, як абарона навакольнага асяроддзя, правы чалавека, здароўе, адукацыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства