Платформа грамадзянскай салідарнасці заклікае вызваліць Марфу Рабкову

2020 2020-09-30T09:32:47+0300 2020-09-30T09:37:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/marfa_rabkova_o.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марфа Рабкова. Фота са старонкі ў Фэйсбуку

Марфа Рабкова. Фота са старонкі ў Фэйсбуку

Заява Платформы грамадзянскай салідарнасці

29 верасня 2020 г.

Мы, ніжэйпадпісаныя сябры міжнароднай сеткі НДА “Грамадзянская платформа салідарнасці”, выказваем моцнае абурэнне з нагоды арышту і крымінальнага пераследу беларускай праваабаронцы Марфы Рабковай, каардынатаркі валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна", і патрабуем яе неадкладнага і безумоўнага вызвалення і зняцця з яе ўсіх абвінавачванняў.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з'яўляецца арганізацыяй-сябрам Платформы грамадзянскай салідарнасці і лаўрэатам прэміі "Абаронца дэмакратыі" ў 2020 годзе, заснаванай дзяржавамі-ўдзельніцамі АБСЕ.

Марфа Рабкова і яе муж Вадзім Жаромскі былі затрыманыя 17 верасня ў Мінску супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. У іх кватэры быў праведзены ператрус, канфіскаваныя грошы, асабістыя рэчы і абсталяванне. Пазней Вадзім Жаромскі быў вызвалены, а Марфа Рабкова змешчаная пад варту ў якасці падазраванай паводле арт. 293, ч. 3 Крымінальнага кодэкса (Навучанне альбо іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаванне такой дзейнасці), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. 19 верасня яе перавялі ў СІЗА № 1 г. Мінска, дзе яна ўтрымліваецца ў цяперашні час. 25 верасня ёй было афіцыйна прад'яўлена абвінавачанне па арт. 293, ч. 3 Крымінальнага кодэкса.

Беларускія праваабарончыя грамадскія арганізацыі лічаць Марфу Рабкову палітвязнем. Amnesty International прызнала яе вязнем сумлення. Яна была затрыманая пасля шэрагу актаў ціску з боку праваахоўных органаў і судовага пераследу праваабаронцаў з часу абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Гэтыя дзеянні могуць перашкодзіць прасоўванню і абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Мы лічым, што беларускія ўлады пераследуюць спадарыню Рабкову выключна за мірную і законную праваабарончую дзейнасць, у тым ліку назіранне за акцыямі пратэсту і дакументаванне доказаў парушэнняў правоў чалавека, уключаючы катаванні і жорсткае абыходжання з мірнымі дэманстрантамі, затрыманымі супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Марфа Рабкова не ўчыніла ніякага злачынства і таму няма падставаў для яе пераследу. Яе затрыманне, утрыманне пад вартай і пераслед з'яўляюцца помстай за праваабарончую дзейнасць і складаюць сур'ёзнае парушэнне абавязацельстваў Беларусі ў межах міжнароднага права ў галіне правоў чалавека і АБСЕ.

Мы патрабуем ад беларускіх уладаў неадкладнага і безумоўнага вызвалення Марфы Рабковай, спынення крымінальнай справы супраць яе і гарантавання яе фізічнай і псіхалагічнай бяспекі і недатыкальнасці. Улады таксама павінны спыніць ціск і пераслед у дачыненні да сябраў Праваабарончага цэнтра "Вясна" і ўсіх беларускіх праваабаронцаў і гарантаваць, каб усе праваабаронцы ў Беларусі маглі весці законную праваабарончую дзейнасць, не баючыся рэпрэсій, без усялякіх абмежаванняў і пры любых абставінах.

Мы заклікаем выканаўчыя і палітычныя органы, установы і дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ прыняць актыўныя грамадскія, дыпламатычныя і іншыя меры, каб забяспечыць неадкладнае вызваленне беларускай праваабаронцы Марфы Рабковай і спыненне пераследу супраць яе.

Цэнтр развіцця дэмакратыі і правоў чалавека, Расія

Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт

Freedom Files, Польшча

Грамадскае аб'яднанне “Праваабарончы рух: Бір Дуйно Кыргызстан”

Цэнтр грамадзянскіх свабод, Украіна

Фонд прасоўвання грамадзянскай супольнасці і правоў чалавека “Жанчыны Дона”, Расія

Фонд “Грамадскі вердыкт”, Расія

Балгарскі Хельсінкскі камітэт

Хельсінкская грамадзянская асамблея - Ванадзор, Арменія

Шведская сетка АБСЕ

Інфармацыйна-аналітычны цэнтр "Сава", Расія

Хельсінкскі камітэт Арменіі

DRA - Нямецка-рускі абмен, Германія

Грамадскае аб'яднанне “Годнасць”, Казахстан

Артыкул 19, Вялікабрытанія

Truth Hounds, Украіна

LIBERECO - Партнёрства за правы чалавека, Германія

Хельсінкскі фонд правоў чалавека, Польшча

Інстытут маніторынгу правоў чалавека, Літва

Беларускі Хельсінкскі камітэт

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Літва

Праваабарончы цэнтр "Мемарыял", Расія

Асацыяцыя змушана пераселеных жанчын «Згода», Грузія

Індэкс цэнзуры, Вялікабрытанія

Міжнароднае партнёрства па правах чалавека, Бельгія

Казахстанскае міжнароднае бюро па правах чалавека і захаванні законнасці, Казахстан

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства