Хроніка пераследу: Ператрус у мінчука, знікненні, новыя пратаколы Дапоўнена

2020 2020-09-29T11:40:41+0300 2020-09-30T07:32:13+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/smaliak-2020.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Смаляк. Фота: Радыё Свабода.

Зміцер Смаляк. Фота: Радыё Свабода.

Раніцай 29 верасня ў кватэру да жыхара Мінску Зміцера Смаляка заявіліся тры міліцыянты з ордэрам. Як расказала Свабодзе жонка пацярпелага Ася, у выніку ператрусу забралі ноўтбук, тэлефон і бел-чырвона-белы сцяг, які вісеў на сцяне.

35-гадовы Зміцер Смаляк 10 жніўня стаў ня толькі стаў сведкам абстрэлу мірных людзей каля метро «Пушкінская» ў Менску, але і пацярпеў — падчас разгону пратэстоўцаў у яго трапіла светлашумавая граната.

Тады неабыякавыя людзі падвезлі мужчыну да шпіталя, дзе ён прабыў тыдзень. Да 8 кастрычніка Зміцер афіцыйна на бальнічным, перасоўваецца толькі са старонняй дапамогай.

Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў паведаміў, што супрацоўнікі міліцыі пасля доўгіх розшукаў заспелі яго дома і прынеслі два пратаколы адміністрацыйных правапарушэннящ за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Прапанавалі таксама запоўніць пратакол апытання. Дзергачоў дадаў у пратакол тлумачэнне, што браў удзел у мітынгах у якасці назіральніка ад Беларускага Хельсінскага камітэту і мае адпаведнае пасведчанне.

У сацыяльных сетках паведамляецца пра знікненне блогера Эдуарда Пальчыса.

Жонка блогера Вікторыя піша:

“Сябры, многія з вас заўважылі, што вось ужо пару дзён Эдуард Пальчыс не актыўны ў сацсетках. Апошнія тыдні ён падазраваў за сабой сачэнне і меркаваў, што яго шукаюць спецслужбы. У нядзелю 27 верасня ён планаваў перабрацца ў больш бяспечнае месца і папярэдзіў, што нейкі час будзе без сувязі. Аднак, улічваючы, што "рэжым цішыні" з яго боку зацягваецца, я вымушаная падняць трывогу.

Прашу СМІ максімальна асвятліць знікненне Эдуарда Пальчыса. Калі ж ён затрыманы, патрабую праваахоўнікаў тэрмінова апавясціць пра гэта яго адваката”.

Блізкія са спасылкай на адваката паведамілі, што на Валадарцы, Акрэсціна і ў СІЗА КДБ яго няма.

Актывістку гарадзенскай суполкі «Краіна для жыцця» Юлію Карначову затрымалі супрацоўнікі міліцыі, Тэлеграм-канал Белсата паведамляе, што дома ў яе зараз праводзіцца ператрус. Сведка паведаміў Свабодзе, што яе машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, пасля яе выцягнулі з машыны людзі ў масках — яна крычала і прасіла паведаміць пра гэта.

У Гомелі пасля ператрусу супрацоўнікі міліцыі затрымалі  Наталлю Сняжкову. Раней быў затрыманы яе муж. 28 верасня яго асудзілі за ўдзел у акцыі на 14 сутак і адправілі ў ІЧУ.

Па гэтым самым артыкуле склалі пратакол і на Наталлю — маці пяцярых дзяцей.

Днём у школу да яе дачкі прыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Па словах маці, 11-гадовае дзіця апытвала міліцыя ў прысутнасці настаўніка і сацыяльнага педагога.

«Моцныя Навіны» паведамляюць, што ў дачыненні кагосьці з членаў сям'і заведзена крымінальная справа па артыкуле 363 частка 2 — супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення.

Позна вечарам у мінскім раёне Лебядзіны людзей, якія сабраліся ў двары, разагналі сілавікі з дубінкамі, паведамляюць чытачы каналу Нашай Нівы. Ёсць затрыманыя. Жыхары абураюцца, што міліцыянты распылілі газ у бок дзіцяці. Людзі былі вымушаныя выклікаць хуткую дапамогу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства