Віцебск: актывістаў судзілі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту

2020 2020-09-22T08:45:05+0300 2020-09-22T08:45:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kavalenka-alena-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Каваленка. Фота: "Віцебская Вясна".

Алена Каваленка. Фота: "Віцебская Вясна".

У судзе Першамайскага раёна Віцебска 21 верасня судзілі паводле арт.23. 34 КаАП удзельнікаў мірных акцый пратэсту.

Па інфармацыі “Віцебскай Вясны”, старшыня віцебскай гарадской арганізацыі АГП Ірына Яскевіч за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці атрымала папярэджанне, актывістка Алена Каваленка – 10 базавых, а ўладальнік двух «жывемабіляў» Андрэй Кулакоў – 7 базавых велічынь.

Амаль месяц спатрэбіўся супрацоўнікам міліцыі Першамайскага раёну, каб давесці да суду справу аб адміністрацыйным правапарушэнні, якое Ірынай Яскевіч нібыта ўчыніла яшчэ 23 жніўня. Паводле міліцыянтаў, у гэты дзень Яскевіч у парушэнні парадку, устаноўленага законам аб масавых мерапрыемствах, узяла актыўны ўдзел у недазволеным мясцовымі ўладамі масавым мерапрыемстве і выкрыквала лозунгі.

Ірына Яскевіч ніяк не магла зразумець, чаму яе абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэнні, якое не здзяйсняла. Відэазапіс не пацвердзіў актыўны ўдзел у шэсці, і Яскевіч хадайнічала, каб у суд выклікалі міліцыянтаў, датычных да складання пратаколу. Суддзя Вераніка Барысава хадайніцтва адхіліла. У сваю чаргу, Яскевіч выказала суддзі недавер, але і ён быў праігнараваны. Суддзя палічыла ўдзел Яскевіч у шэсці даказаным і вынесла ёй папярэджанне.

Алену Каваленка, былую жонку вядомага віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі, які ў 2010 годзе вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску, судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 13 верасня. Суддзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў жанчыну на 10 базавых велічынь (270 рублёў).

Уладальніка легендарных у Віцебску «жывемабіляў» Андрэя Кулакова таксама вінавацілі ў правапарушэнні, прадугледжаным ч.1 арт. 23.34 КаАП. Ягоную справу ў судзе Першамайскага раёну таксама разглядаў Міхаіл Юрчанка. Ён прызнаў актывіста вінаватым. За ўдзел у мірных шэсцях, якія прайшлі ў Віцебску 30 жніўня і 6 верасня, Андрэй Кулакоў пакараны штрафам у памеры 7 базавых велічынь (189 рублёў).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства