Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Як жывуць пастаяльцы ў дамах-інтэрнатах для пажылых і інвалідаў

2020 2020-09-21T21:23:43+0300 2020-09-21T21:23:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dom-internat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Маканавічскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Ілюстрацыйнае фота

Маканавічскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Ілюстрацыйнае фота

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае серыю публікацый аб распаўсюдзе каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у закрытых установах краіны. У сферы ўвагі праваабаронцаў – становішча людзей у месцах пазбаўлення волі, установах для людзей з інваліднасцю, дамах-інтэрнатах для пажылых, бездапаможных і бяздомных. 


Юрыст "Вясны" Павел Сапелка звярнуўся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва з запытам аб прадастаўленні актуальнай інфармацыі аб захворванні COVID-19 і смяротнасці ў стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання (дамах-інтэрнатах).

Намеснік міністра А. Румак адказаў праваабаронцу 17 верасня, што запытаныя звесткі з'яўляюцца інфармацыяй службовага карыстання, а ўся інфармацыя пра захворванне COVID-19 публікуецца ва ўстаноўленым парадку кампетэнтнымі органамі.

У канцы траўня, калі распаўсюджванне каронавіруснай інфекцыі было маштабным па ўсёй краіне, дамы-інтэрнаты былі зачыненыя на каранцін, а адміністрацыя закупляла ў тэрміновым парадку сродкі індывідуальнай абароны.

Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання

Як інфармацыя пра выпадкі заражэння COVID-19 у дамах-інтэрнатах для пажылых людзей і інвалідаў падаецца ў дзяржаўных і незалежных СМІ, і пра што можа сведчыць дзяржзакупка сродкаў індывідуальнай абароны для іх.

Як цяпер ідуць справы ў дамах-інтэрнатах для пажылых людзей і інвалідаў? Павел Сапелка прааналізаваў інфармацыю, сабраную з адкрытых крыніц.

Дамы-інтэрнаты: інфармацыя ад устаноў

Дзяржаўная ўстанова "Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў №1" абмежаваў наведванні і перадачу пасылак для людзей, якія там пражываюць. Усю цікавую інфармацыю сваякам прапануюць даведвацца па кантактных тэлефонах.

У дзяржаўнай установе "Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў №2 г. Мінска" ў сярэдзіне гэтага года пражывала 537 падапечных, сярэдні ўзрост якіх - 59 гадоў. Дырэктар дома-інтэрната Эльміра Шэрметава запэўнівае, што кантролю стану здароўя пражываючых надаецца асаблівая ўвага, у прыватнасці – тройчы ў дзень праводзіцца тэрмаметрыя. На 21 чэрвеня выпадкаў захворвання не зафіксавана.

Аднак з сярэдзіны красавіка 2020 года дом-інтэрнат функцыянуе ў рэжыме поўнай ізаляцыі: спатканні адмененыя, супрацоўнікі працавалі вахтавым метадам.

Як адзначаецца на сайце дома-інтэрната, неабходнасць захавання мераў, накіраваных на прадухіленне распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, спарадзілі новыя формы працы з пастаяльцамі і іх сваякамі: так "узнікла новая форма тэлефона даверу – "Даступны званок". З першых дзён псіхолагі вядуць кансультаванне з выкарыстаннем скайпа. Кожны, хто звярнуўся, можа атрымаць поўную інфармацыю аб сваім родным чалавеку, а таксама неабходную псіхалагічную падтрымку, кансультацыі лекараў, адміністрацыі". Таксама ў інтэрнаце запэўнілі, што "створана магчымасць для дыстанцыйных зносінаў пражываючых са сваякамі. Пастаяльцы максімальна былі забяспечаныя мабільнымі тэлефонамі і іншымі сродкамі сувязі для даступнай і адкрытай формы зносінаў з роднымі і блізкімі".

Ва ўстанове абсталяваныя "спартыўныя пляцоўкі, антывандальны трэнажорны комплекс, "Тэрыторыя тэрэнкур". Нават у гэтых няпростых умовах пражываючыя з вялікім задавальненнем гуляюць у валейбол, мяч над сеткай, займаюцца на трэнажорах, гуляюць у шашкі, шахматы, даміно".

volejbol_internat.jpg
Пастаяльцы дома-інтэрната №2 у Мінску. Фота з сайта pni2.by

У інтэрнаце падкрэсліваюць, што ўсе спартыўныя гульні, заняткі і прагулкі арганізаваныя так, каб жыхары выконвалі неабходную сацыяльную дыстанцыю, а ўсе спартыўныя рэквізіты і абсталяванне праходзяць дбайную апрацоўку дэзінфікуючымі сродкамі.

У цэлым у гэтым доме-інтэрнаце, відаць, надаюць вялікае значэнне арганізацыі вольнага часу тых, хто там пражывае:

"Гульнёвы праект "Цудоўны свет настольных гульняў" не страціў сваю папулярнасць. Чалавек любіць гуляць. Азарт, напал запалу, пагоня духу, смага выйгрышу, жаданне адолець суперніка - усё гэта неад'емныя рысы людской псіхалогіі і частка нашага жыцця. Настольныя гульні - не толькі магчымасць падняць настрой, з карысцю правесці вольны час і адпачыць, але ў некаторым родзе мадэль навакольнага свету, а таксама важны спосаб зносін. У аддзяленнях дома-інтэрната створаныя спрыяльныя ўмовы для правядзення пасіўнага вольнага часу. Адчыненыя дзверы ў гульнявыя пакоі, дзе жыхары з задавальненнем адпачываюць, малююць, лепяць з пластыліну і тым самым развіваюць і ўмацоўваюць свае творчыя здольнасці, бо лепка, рукадзелле, маляванне існуюць не толькі для забавы, але і для навучання. А вынікам дадзенага майстэрства з'яўляюцца конкурсы на лепшую творчую працу "Каранцін нам хоць бы што".

У дзяржаўнай установе "Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў №3 г. Мінска" не так падрабязна апісваюць сітуацыю з умовамі жыцця людзей на каранціне, але затое асвятляюць узніклую сур'ёзную праблему.

"Распаўсюд віруса COVID-19 з'яўляецца ў існуючых умовах надзвычайнай і непрадатворчай акалічнасцю, што пацягнула ўвядзенне рэжыму павышанай гатоўнасці ДУ "Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў №3 г. Мінска" у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 05.05.1998 № 141-З "Аб абароне насельніцтва і тэрыторыі ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару" і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.04.2001 №495 "Аб дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый", які з'яўляецца акалічнасцю непераадольнай сілы.

На падставе пункта 13 Плана мерапрыемстваў па мінімізацыі пагрозы распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-2019, у ДУ "Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў №3 г. Мінска", зацверджанага загадам ад 04.04.2020 №55 дырэктара дома-інтэрната, прыпыненае засяленне грамадзянаў ва ўстанову на перыяд эпіднедабрабыту (тэрмін не вызначаны)".

Разам з тым змегчаныя некаторыя патрабаванні для дакументальнага афармлення засялення, якія раней існавалі:

"Не здзяйсненне (несвоечасовае здзяйсненне) вамі ў перыяд дзеяння рэжыму павышанай гатоўнасці дзеянняў, неабходных для засялення ў стацыянарную ўстанову сацыяльнага абслугоўвання, у тым ліку ў выглядзе прадстаўлення, падпісання, атрымання дакументаў, не можа з'яўляцца падставай для адмовы ў прадастаўленні дзяржаўнай установе "Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў №3 г. Мінска" сацыяльных паслуг. Заяўнікі не страчваюць правоў, за рэалізацыяй якіх яны звярнуліся.

Тэрмін пасялення ў дом-інтэрнат па ўжо выдадзеных пуцёўках камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама падлягае прадаўжэнню на 30 каляндарных дзён з дня спынення рэжыму павышанай гатоўнасці, але не менш чым да 30 чэрвеня 2020 года".

Прыпынена засяленне і абмежаваныя наведвання ў ДУ "Спецыяльны дом для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў №1":

"У адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама ад 07.04.2020 № 1069 па прафілактыцы і зніжэнні распаўсюджвання COVID-19 у горадзе Мінску засяленне грамадзян у Дзяржаўную ўстанову "Спецыяльны дом для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў № 1" часова прыпыненае. Наведванні староннімі асобамі жыхароў нашага дома забароненыя!!!"

internat-svitanok.jpg
Дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы "Світанак". Скрыншот відэа sputnik.by

Дзяржаўная ўстанова "Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы "Світанак", дзе сярэдні ўзрост пастаяльцаў інтэрната - 84 гады, а самаму старэйшаму жыхару 98 гадоў, у красавіку абмежаваў выезды тых, хто там пражывае, спыніў прыём новых пажылых людзей; забароненыя наведванні і перадачы, праводзіцца рэгулярная тэрмаметрыя. Дырэктар установы сцвярджае, што "супрацоўнікі працуюць у сродках індывідуальнай абароны - гэта маскі, пальчаткі, шапачкі. У дастатковай колькасці сродкі дэзінфекцыі маюцца, праводзім штодня ўборку адзін раз у дзень па віруліцыдным рэжыме. Па неабходнасці праз кожныя 3 гадзіны апрацоўваем дзвярныя ручкі, парэнчы, поручні, ручкі зліўных бачкоў. Увогуле ўсё тое, да чаго датыкаюцца часта рукі".

У верасні сітуацыя ў дамах-інтэрнатах застаецца ранейшай: у Лагойскім доме-інтэрнаце, напрыклад, захоўваюцца абмежаванні:

"У доме-інтэрнаце праводзяцца мерапрыемствы для памяншэння рызыкі заражэння каранавірусам (COVID-19). На сённяшні дзень усе здаровыя. Паважаныя сваякі і сябры жыхароў нашай установы! У дадзены перыяд часу ўсе падапечныя знаходзяцца на самаізаляцыі. Цалкам выключаюцца наведванні, перадачы і прадуктовыя пасылкі, бо няма магчымасці гэта перадаць людзям. Дазваляецца толькі перадача сродкаў асабістай гігіены (падгузнікі)".

Юрыст "Вясны" адзначае, ацаніць дакладнасць і актуальнасць інфармацыі аб стане з захворваннем складана: аб'ява не ўтрымлівае даты размяшчэння.

У ДУ "Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў", дзе знаходзяцца 155 чалавек, забароненыя наведванні.

У ДУ "Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў" дазволеныя наведванні пастаяльцаў сваякамі: там пражываюць больш за 500 чалавек і працуюць - 260, а "наведванне і зносіны са сваякамі адбываецца па наступным алгарытме:

  1. Зносіны атрымальнікаў сацыяльных паслуг са сваякамі з дапамогай інтэрнэту, тэлефоннай і мабільнай сувязі, а таксама ва установе (не больш за 1 раз у месяц);
  2. Інфармаванне адміністрацыі установы сваякамі атрымальнікаў сацыяльных паслугаў не пазней, чым за 3 дні, аб даце і часу наведвання;
  3. Правядзенне сустрэчы пераважна на адкрытым паветры з улікам прынцыпу сацыяльнага дыстанцыявання (не менш 1-1,5 м) у прысутнасці медперсаналу;
  4. Кантроль стану здароўя сваякоў атрымальнікаў сацыяльных паслугаў да пачатку сустрэчы (апытанне, тэрмаметрыя, наяўнасць прыкмет на ВРІ), пры наяўнасці сімптомаў ВРІ – забараніць правядзенне сустрэчы;
  5. Правядзенне абавязковай апрацоўкі рук да пачатку і пасля заканчэння сустрэчы (мыццё рук або апрацоўка антысептычным/дэзынфікуючым сродкам для апрацоўкі скуры рук);
  6. Выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны органаў дыхання сваякамі і атрымальнікамі сацыяльных паслугаў".

У Гарадзенскай вобласці "Новадзявяткавіцкі дом-інтэрнат для адзінокіх і састарэлых грамадзянаў" паведаміў аб прыпыненні з 13 сакавіка наведванняў пражываючых.

"У цэлым, інфармацыя аб стане спраў у дамах-інтэрнатах непублічная і неактуальная. Пры тым, што практычна кожная ўстанова мае свой сайт, інфармацыя на гэтых сайтах, як правіла, не абнаўляецца і часта адносіцца да 2015-2017 гадоў.

У прыватнасці, у Мінскай вобласці з 19 устаноў толькі тры, а ў Гродзенскай - адзін з 14 інтэрнатаў апублікавалі нейкую інфармацыю аб стане спраў з распаўсюджваннем каранавіруса. Інфармацыі аб сітуацыі з COVID-19 у дзевяці сацыяльных установах Магілёўскай вобласці папросту няма", - падкрэслівае Павел Сапелка.

Звесткі аддзелаў сацыяльнай абароны таксама не адлюстроўваюць актуальнага стану спраў у закрытых установах гэтай сістэмы, у прыватнасці – аб прыёме ў гэтыя ўстановы новых пражываючых.

Дзейнасць дзяржорганаў: пракуратура выносіць прадстаўленне, райвыканкам уводзіць масачны рэжым

23 красавіка з'явілася інфармацыя аб тым, што ў Бялыніцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў пракурорская праверка выявіла парушэнні санітарна-эпідэміялагічных нормаў:

"Кіраўнік дома-інтэрната сваім загадам зацвердзіў план мерапрыемстваў па мінімізацыі пагрозы распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19. У ім жа вызначыў супрацоўнікаў, адказных за яго рэалізацыю. Разам з тым асобныя пункты гэтага плана на момант праверкі не былі выкананыя. Так, не разлічана сутачная патрэба ў сродках індывідуальнай абароны органаў дыхання, антысептыках і дэзінфектантаў, не вызначаны ўзровень пастаяннага месячнага запасу такіх сродкаў, медыкаментаў. Акрамя таго, супрацоўнікі ўстановы, непасрэдна занятыя абслугоўваннем грамадзянаў, не ў поўным аб'ёме былі забяспечаныя маскамі і рэспіратарамі.

У доме-інтэрнаце ёсць прыёмна-каранціннае аддзяленне, разлічанае на шэсць чалавек. Пры гэтым магчымасць перапрафіляваць жылыя памяшканні для ізаляцыі грамадзянаў, калі яны захварэюць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, не была прадугледжаная. Не было і выразнай рэгламентацыі перамяшчэння работнікаў ўнутры ўстановы і кантактаў з людзьмі, якія там знаходзяцца.

Засталіся нявыкананымі і некаторыя патрабаванні па сацыяльным дыстанцыяванні: сталы ў абеднай зале не расставілі на адлегласці не менш за 1,5 м.

Па выніках праверкі дырэктару дома-інтэрната вынесена прадстаўленне. У ім гаварылася аб неабходнасці прыняць арганізацыйныя меры, каб мінімізаваць пагрозу распаўсюджвання COVID-19. Акт нагляду разгледжаны - парушэнні ліквідаваны ў поўным аб'ёме. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты пяць службовых асобаў ўстановы".

Праз некаторы час - 3 чэрвеня 2020г. распараджэннем старшыні Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта ўведзена абавязковае выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны органаў дыхання (маскі) насельніцтвам на аб'ектах і ў арганізацыях Бялыніцкага раёна (крамы, аптэкі, аддзяленні банка, сувязі, пошты, у грамадскім транспарце і іншыя аб'екты). Уведзены абавязковы масачны рэжым у арганізацыях і ўстановах Бялыніцкага раёна з забеспячэннем змены выкарыстаных масак кожныя 3 гадзіны. Таксама з'явіліся звесткі аб тым, што ў бальніцы горада шпіталізавана вялікая колькасць людзей, у тым ліку ўспышка закранула і тых, хто пражывае у доме-інтэрнаце. Як патлумачыла дырэктарка установы Святлана Зайкоўская ў ліпені, колькасць пацярпелых ад інфекцыі "значна менш за палову" (у інтэрнаце пражывае амаль трыста чалавек).

"У нас хварэюць усе бессімптомна або ў лёгкай форме, альбо ўжо пралячыліся", - пераконвала Святлана Зайкоўская.

Распаўсюд COVID-19 - новыя выпадкі

У сярэдзіне ліпеня, акрамя выпадкаў захворванняў у згаданым Бялыніцкім доме-інтэрнаце, стала вядома пра ўспышку каранавіруса ў Маканавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў (Гомельская вобласць): захварэлі 33 чалавекі з 326 пражываючых і чацвёра супрацоўнікаў. Варта заўважыць, што ў гэтай установе толькі з 1 траўня перайшлі на вахтавы метад працы персаналу; у сувязі з "нядобрай санэпідсітуацыяй распрацаваны план мерапрыемстваў па мінімізацыі пагрозы распаўсюджвання інфекцыі. Напрыклад, забаронена наведванне сваякамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, валанцёрамі тых, хто пражывае ў доме-інтэрнаце. З 1 траўня супрацоўнікі пераведзены на вахтавы метад: работнікі, занятыя абслугоўваннем, жывуць і сілкуюцца непасрэдна ва ўстанове на працягу 14 дзён. Перад тым, як прыступіць да працы, увесь персанал праходзіць тэставанне на наяўнасць інфекцыі, выкліканай COVID-19. Тыя, хто атрымаў станоўчы вынік, на вахту не дапускаюцца. У доме-інтэрнаце ўзмацнілі кантроль за станам здароўя пастаяльцаў і работнікаў. Ім тройчы ў дзень мераюць тэмпературу. Распрацавалі так званыя карты маршрутызацыі для кожнага супрацоўніка, каб выключыць ва ўстанове скрыжаванне патокаў. Для персаналу арганізаваны санітарныя прапускныя пункты, ёсць каранцінныя зоны".

Падводзячы вынік, варта адзначыць, што ў цэлым адміністрацыі сацыяльных устаноў прадпрымаюць намаганні па абмежаванні распаўсюджвання каранавіруса. Відавочна, што гэтыя намаганні недастатковыя, непразрыстыя і часта парушаюць правы ўразлівых катэгорый людзей, калі ім адмаўляюць у прадастаўленні размяшчэння ў сацыяльных ўстановы пры наяўнасці паказанняў па супрацьэпідэміялагічных меркаваннях.

Наколькі эфектыўнымі апынуліся прынятыя меры зразумець цяжка: звесткі аб смяротнасці і захворваннях у падведамных установах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны даць адмовілася.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства