viasna on patreon

"Улады даюць выразны сігнал: зверствы спецыяльных падраздзяленняў і аддзелаў МУС ухваленыя на вышэйшым узроўні" (+узор скаргі) Дакумент

2020 2020-09-10T20:13:22+0300 2020-09-11T13:10:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanyja_raus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманыя ляжаць на падлозе спартзалы ў райаддзеле міліцыі

Затрыманыя ляжаць на падлозе спартзалы ў райаддзеле міліцыі

Раённыя аддзелы Следчага камітэта пачалі накіроўваць адказы заяўнікам пра катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне з боку супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў у перыяд з 9 па 13 жніўня аб прыпыненні праверак у парадку арт. 174 Крымінальнага кодэкса.

Прычынай прыпынення праверкі нібыта з'яўляецца адсутнасць заключэння экспертызы.

proverka_sk_pytki.png
Прыклад адказу з Маскоўскага РАСК заяўніку пра катаванні

"Сотні ахвяраў катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання застаюцца ў чаканні прыняцця рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да садыстаў у пагонах і масках, аднак да гэтага часу не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы па гэтых фактах.

Тым самым улады даюць выразны сігнал: зверствы спецпадраздзяленняў і тэрытарыяльных аддзелаў і ўпраўленняў МУС ухваленыя на вышэйшым узроўні, а пракуратура маўкліва згаджаецца з самаўпраўнасцю", - каментуе адказы СК юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка.

Ён падкрэслівае, што некаторыя следчыя выконваюць працэсуальную форму, высылаючы ахвярам катаванняў паведамлення аб прыпыненні праверкі.

"Вядома ж, гэта проста адпіска! Справы на сённяшні дзень ніхто не збіраецца расследаваць. Следчыя Следчага камітэта (як да гэтага – суддзі), падобна, вырашылі, што яны "ў адной лодцы", і выбралі сваё месца ў гэтым канфлікце ўладаў і народа.

Справы ж аб катаваннях расследуюцца не толькі і не столькі прызначэннем экспертыз, колькі высвятленнем ролі кожнага магчыма датычнага супрацоўніка МУС у іх здзяйсненні. Пасля гэтага правільная кваліфікацыя іх дзеянняў не прымусіць сябе чакаць", - лічыць Павел Сапелка.

Праваабаронца, хоць і не з'яўляецца прыхільнікам шаблонных зваротаў у дзяржорганы, падрыхтаваў узор скаргі на адсутнасць расследавання катаванняў, якую зацікаўленыя заяўнікі могуць накіраваць у пракуратуру таго раёна, дзе праводзіцца праверка па іх заяве аб жорсткім абыходжанні з боку сілавікоў. Юрыст "Вясны" таксама рэкамендуе адправіць скаргу праз пошту ці аднесці ў пракуратуру асабіста.

Спампаваць узор скаргі

Пры гэтым Павел Сапелка адзначае:

"У бясконца далёкім 2018 годзе, калі наша дзяржава запэўнівала ААН у тым, што катаванняў у Беларусі няма, Камітэт супраць катаванняў ААН рэкамендаваў уладам "дакладна папярэдзіць праваахоўныя органы аб тым, што любая асоба, якая ўчыняе такія акты ці іншым чынам датычная да ўжывання катаванняў або ўдзельнічае ў катаваннях або іншых відах жорсткага абыходжання, будзе несці адказнасць перад законам і падвяргацца пакаранню суразмерна цяжару здзейсненага злачынства", а таксама "забяспечыць, каб усе паведамленні аб прымяненні катаванняў і жорсткім абыходжанні аператыўна, эфектыўна і бесстаронне расследаваліся, і прыняць меры для ўмацавання незалежнасці Следчага камітэта ад выканаўчай улады, з тым каб ён мог лепш выконваць свае функцыі; забяспечыць, каб у выпадку падазрэнняў на прымяненне катаванняў і жорсткае абыходжанне падазраваныя неадкладна адхіляліся ад выканання сваіх службовых абавязкаў на ўвесь час расследавання".

Нагадаем, з моманту правядзення выбараў праваабаронцы "Вясны" сумесна з Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў задакументавалі больш за 500 сведчанняў ахвяр, якія былі затрыманыя і падвергнутыя нечалавечаму абыходжанню і ўтрыманню, жорсткаму збіццю і гвалту з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Дагэтуль не распачатая ніводнай крымінальнай справы ў дачыненні да асобаў, якія маюць дачыненне да злачынстваў супраць мірных дэманстрантаў.

47 пацярпелых з дапамогай праваабаронцаў звярнуліся ў Камітэт супраць катаванняў

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіравалі ў інтарэсах 47 пацярпелых на мірных акцыях пратэсту зварот у Камітэт супраць катаванняў ААН аб правядзенні расследавання па факце сістэматычнага прымянення катаванняў на тэрыторыі Беларусі.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства