viasna on patreon

«Распраналі дагала і прымушалі прысядаць». Мінчук распавёў пра сваё затрыманне на Машэрава 8 верасня

2020 2020-09-10T15:19:47+0300 2020-09-10T15:37:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/119060313_2943153879124163_1819345497945327265_n.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінчука Міхаіла Тананка брутальна затрымалі ўвечары 8 верасня на праспекце Машэрава каля "Корпуса". Сілавікі яго вырвалі з натоўпу пратэстоўцаў, якія выйшлі ў падтрымку затрыманай Марыі Калеснікавай, і змясцілі ў сіні бус. Міхаіла, пасля ночы ў РУУС Маскоўскага раёна і на Акрэсціна, абвінаваціўшы па двух адміністрацыйных артыкулах – 23.34 і 23.4 КаАП, аштрафавалі на 30 базавых (810 рублёў) і адпусцілі дадому. Мінчук распавёў "Вясне", што з ім адбывалася пасля затрымання на Машэрава.

Разгон акцыі каля Камароўскага рынку ў Мінску 8 верасня. Фота: Фота Яўген Ерчак, EPA
Разгон акцыі на праспекце Машэрава 8 верасня. Фота: Фота Яўген Ерчак, EPA

"Не біце, я іду", а ён яшчэ мацней пачаў сціскаць маю шыю"

"Нас заціснулі ў натоўпе дзясяткі сілавікоў. Мы так стаялі хвілін 20. Потым дзяўчатам злева яны сказалі: "Ідзіце дадому, мы вас адпускаем". Калі гэтыя дзяўчаты пачалі разыходзіцца, мяне затрымалі першага. Затрымліваў супрацоўнік у балаклаве і зялёным камбінезоне, напэўна АМАПавец. Заламаў за шыю. Я адразу сказаў: "Не біце, я іду", а ён яшчэ мацней пачаў сціскаць маю шыю. Мяне закінулі ў аўтобус. Як аказалася, выступ ззаду ў такіх бусах – гэта "турма". Мяне туды закінулі з яшчэ трыма затрыманымі. Пры затрыманні ніхто не прадстаўляўся, проста казалі "Пройдзем". Куды прайсці, для чаго?

Адразу ў нас ва ўсіх забралі заплечнікі. Аднаму хлопцу сказалі разблакаваць тэлефон, ён гэта зрабіў. Дзяўчаты па дарозе запытваліся, ці не будуць іх хоць гвалтаваць на Акрэсціна, на што супрацоўнікі адказвалі, што гэта ўсё хлусня і трэба менш чытаць телеграм-каналаў.

Мы дзесьці каля гадзіны кружылі па горадзе: шукалі свабоднае РУУС. У рэшце рэшт нас даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна, дзе нас пратрымалі каля шасці гадзін. Мы там нічога не рабілі. З намі ніхто не размаўляў. Як быццам у іх ва ўсіх у РУУС быў загад маўчаць. Яны моўчкі пісалі на нас пратаколы, але мы не ведалі пра гэта. Нас ніхто не апытваў, не бралі ніякіх тлумачэнняў, нават самі пратаколы нам так і не паказалі за ўвесь час. Мне не далі пратакол ні пачытаць, ні падпісаць, наогул нічога.

"Мы так і прысядалі голымі ў душавой"

Глыбокай ноччу нас павезлі на Акрэсціна. Па прыездзе нас усіх паставілі да сценкі. Каля нас хадзіў АМАПавец і пагражаў, казаў: "Куды вы ходзіце?", "Мы вас усіх пасадзім па крыміналцы". Казалі, што нас усіх аштрафуюць на непад'ёмныя штрафы, а фонды дапамогі ўсё роўна не дапамагаюць і нічога не аплацяць. Таксама папракалі ўсіх, што ўсе хочуць такім чынам атрымаць палітычны прытулак у Літве, дзе мы нікому не патрэбныя. Адзін з супрацоўнікаў запытаўся, у каго ёсць праблемы з сэрцам. Я сказаў, што ў мяне брадыкардыя. Але на гэта яны пачалі апускаць жарты: "На плошчу нармальна хадзіць з сэрцам, а на Акрэсціна дрэнна?", "Пераменаў жа патрабуюць вашыя сэрцы, можа таму і баліць сэрца?" Смяяліся з гэтага. Увогуле, спрабавалі маральна неяк нас задушыць. Супрацоўнікі АМАПа былі ў балаклавах, свае твары не паказвалі.

Ноччу нас заводзілі ў душавую па адным, распраналі цалкам дагала і прымушалі прысядаць, каб праверыць, ці няма нейкіх прадметаў паміж ягадзіц. Мы так і прысядалі голымі ў душавой. Праз балаклаву глядзіць АМАПавец, а ты прысядаеш голы. Гэта было вельмі зневажальна.

"Далі нейкі пратэрмінаваны хлеб, елі яго"

Ноччу мяне засялілі ў камеру ў ЦІП з іншымі затрыманымі падчас акцыі. У камеры было халадней, чым на вуліцы. Наогул умовы былі памяркоўныя ў параўнанні з тым, што распавядалі затрыманыя падчас акцый 9-13 жніўня. Нам нават выдалі бялізну, але матрац быў вельмі цвёрды, немагчыма было ляжаць на ім. Я там прабыў зусім няшмат, але ў мяне ўжо ўсё зацякло. Не ўяўляю, як там вытрымалі людзі, затрыманыя пасля 9 жніўня.

Нас кармілі ў ЦІП, але ежай гэта складана назваць. Раніцай далі безгустоўную кашу з камячкамі. Есці яе немагчыма. Далі нейкі пратэрмінаваны хлеб, яго елі. На сцяне ў камеры віселі паперы, дзе было напісана, што за ежу і ўтрыманне мы павінны плаціць 13,50 рублёў за суткі. Але гэта памыі нейкія, за што плаціць? Днём нам прынеслі ў камеру боршч, грэчку, рыбную катлету і кісель. Але, зноў жа, усё было безгустоўнае. Але мы ўсё ж такі крыху паелі».

"На такіх судах няважна, што ты рабіў, ці чаго не рабіў"

Міхаіл Тананка
Міхаіл Тананка

9 верасня ў 17.20 ў судзе Цэнтральнага раёна пачаўся суд над Міхаілам Тананка. Адміністрацыйную справу Міхаіла па артыкулах 23.34. і 23.4 КаАП разглядаў суддзя Сяргей Кацэр.

"Толькі на судзе я даведаўся, што ў мяне ёсць адвакат. Але на зносіны з ім нам далі толькі хвіліну. Я распавёў, што мне наогул не давалі пратакол, і я не ведаю нават, у чым мяне абвінавачваюць. Я быў у шоку ад таго, што адбываецца.

У пратаколе, дарэчы, напісалі, што я адмовіўся ад дачы паказанняў, хоць нам нават не прапаноўвалі штосьці распавесці. З пратаколу, з якім я ў першы раз азнаёміўся толькі праз суддзю, я даведаўся, што аказваецца, я махаў сцягам і супраціўляўся пры затрыманні. На судзе я сказаў, што сапраўды браў удзел у акцыі, але ніякі супраціў пры затрыманні супрацоўніку міліцыі я не аказваў. Я прапанаваў суддзі запытаць камеры з відэарэгістратара з грудзей АМАПаўца, які мяне затрымліваў. Але суддзя "зліў" маю просьбу. Ён толькі перапытаў "У каго?" і проста ўсміхаўся. Супраць мяне сведчыў нейкі АМАПавец. Ён наогул сведчыў супраць усіх затрыманых на акцыі 8 верасня. Я думаю, што гэтага чалавека наогул не існуе.

У выніку, дзякуючы адвакату, мяне асудзілі толькі на штраф, а не на суткі. 15 базавых – па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 15 базавых – па арт 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі). Агулам – 810 беларускіх рублёў.

Наогул, як я зразумеў, на такіх судах няважна, што ты рабіў, ці чаго не рабіў. Усё залежыць ад суддзі, да якога патрапіш. Адзін раздае ўсім толькі "суткі", другі – толькі штрафы. Адной палове нашай камеры далі "суткі", другой – штрафы. Гэта проста рандом. Я лічу, што мне проста пашанцавала.  

Выпусцілі з ЦІПа мяне толькі пасля таго, як паўгадзіны прастаяў яшчэ каля сценкі на Акрэсціна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства