viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч — Радзе Бяспекі ААН: Мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасці

2020 2020-09-05T10:38:44+0300 2020-09-05T11:01:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina_82.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цяперашняя прэзідэнцкая выбарчая кампанія ад самага пачатку суправаджалася шматлікімі рэпрэсіямі, заявіў намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, выступаючы 4 верасня перад Радай Бяспекі ААН, паведамляе БелаПАН.

«На мірных дэманстрантаў быў ажыццяўлены напад з боку спецыяльных падраздзяленняў сілавых структур, якія прадэманстравалі непрапарцыйнае прымяненне гвалту і ўжылі спецыяльныя сродкі здушэння масавых беспарадкаў і іншую зброю. Сотні людзей былі параненыя, не менш як тры пратэстоўцы загінулі ў выніку прамых дзеянняў міліцыі, больш за сем тысяч былі затрыманыя».

Праваабаронца адзначыў, што далейшыя падзеі «яшчэ больш узрушылі наша грамадства».

«Затрыманыя зазнавалі катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, — сказаў Стэфановіч. — На працягу некалькіх дзён, пачынаючы з 9 жніўня, беларускія сілавікі рабілі дзеянні, якія наўмысна наносілі грамадзянам Беларусі моцны боль, а таксама фізічныя і маральныя пакуты. Ім былі нанесеныя цялесныя пашкоджанні і псіхалагічныя траўмы рознай ступені цяжкасці. Рабілі гэта ў розных установах праваахоўнай сістэмы як пры затрыманні, так і ў зняволенні».

Стэфановіч падкрэсліў, што людзі зазнавалі катаванні і жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне, якае зневажае годнасць:

«У прыватнасці, іх абражалі, збівалі дубінкамі, жорстка абыходзіліся, траўмавалі (пераломы костак, раненні і масіўныя сінякі), іх білі электрашокерам, у іх стралялі гумовымі кулямі, — сказаў ён. — Сілавікі распылялі газ у закрытых памяшканнях з грамадзянамі ўнутры, прымушалі іх гадзінамі стаяць голымі на каленях на асфальце, пагражалі ім прымяненнем зброі і сэксуальным гвалтам. Затрыманых пазбаўлялі сну, сродкаў гігіены, ежы і вады, адмаўлялі ў мэдычнай дапамозе і неабходных леках. Акрамя таго, у камэрах, разлічаных на 4–6 чалавек, міліцыя змяшчала да 40 чалавек, у тым ліку грамадзян з пацверджаным COVID-19».

На пацярпелых «масава аказваліся меры псіхалагічнага ціску: прымушалі спяваць гімн Беларусі і доўга выкрыкваць лозунгі, станавіцца на калені, клясціся ў вернасці і прызнаваць перавагу дзейнай улады і праваахоўных органаў Беларусі».

«Шмат каго з пацярпелых даставілі ў бальніцы пасля вызвалення. Некаторыя знаходзіліся ў крытычным стане і ўсё яшчэ папраўляюцца. Многія з арыштаваных пасля вызвалення мелі патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, — сказаў Стэфановіч. — Праваабарончы цэнтар „Вясна“ зафіксаваў больш за 500 паказанняў ахвяр катаванняў. Ахвяры сведчаць, што катаванні насілі масавы і сістэмны характар і выкарыстоўваліся як палітычна матываванае пакаранне грамадзян за выказванне сваёй думкі і ўдзел у антыўрадавых пратэстах. Мы можам дакладна сказаць, што мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасці, якія не маюць тэрміну даўнасці ў нашым нацыянальным заканадаўстве. Аднак цяпер пракуратура і Следчы камітэт не распачалі крымінальных справаў на гэтых падставах».

Валянцін Стэфановіч таксама адзначыў, што ў поствыбарчы пэрыяд рэпрэсіі ўзмацніліся.

«Не менш за 80 чалавек знаходзяцца пад следствам за ўдзел у акцыях пратэсту. У цяперашні час за кратамі знаходзіцца 49 палітычны зняволены, у тым ліку ўдзельнікі прэзідэнцкай кампаніі і чальцы іх каманд, блогеры, актывісты апазіцыі і ўдзельнікі мірных акцый пратэсту», — сказаў ён.

Паводле словаў Стэфановіча, праваабарончая супольнасць працягвае заклікаць улады «неадкладна спыніць рэпрэсіі і гвалт у дачыненні да сваіх грамадзян, вызваліць усіх палітычных зняволеных, прыняць меры для эфэктыўнага расследавання ўсіх актаў катаванняў і выконваць свае міжнародныя абавязанні».

«Сёння мы ўсведамляем глыбокі крызіс правоў чалавека ў Беларусі, які не можа быць і не ёсць унутранай справай краіны. Увесь свет павінен быць занепакоены беспрэцэдэнтным парушэннем правоў чалавека і ўласных законаў цяперашнім урадам Беларусі», — падкрэсліў Стэфановіч.

Абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі ў Радзе Бяспекі, ініцыяванае Эстоніяй, праходзіла ў фармаце відэаканфэрэнцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства