Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў, затрыманых у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках

2020 2020-09-04T15:20:46+0300 2020-09-04T19:44:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/protesty913.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 04.09.2020

У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўляенні абвінавачванняў па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) – Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Дзмітрыю Кубараву, Віктару Панцялееву, Віталю Пракапчуку, Ягору Пракапчуку, Вячаславу Рагашчуку, Артуру Халімончыку, Алегу Рубцу, яшчэ раз пацвярдажючы пазіцыю, выкладзеную ў суполькай заяве праваабарончай супольнасці ад 19 жніўня 2020[1] г., адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная арт. 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 г. і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.[2]

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 г. беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.[3]

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазыцыяй арт. 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед Рамана Багнаўца, Данііла Богната, Дзмітрыя Кубарава, Віктара Панцялеева, Віталя Пракапчука, Ягора Пракапчука, Вячаслава Рагашчука, Артура Халімончыка, Алега Рубца, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з пад варты палітвязняў Рамана Багнаўца, Данііла Богната, Дзмітрыя Кубарава, Віктара Панцялеева, Віталя Пракапчука, Ягора Пракапчука, Вячаслава Рагашчука, Артура Халімончыка, Алега Рубца і спыніць іх крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB".


[1] http://spring96.org/be/news/99136

[2] https://elections2020.spring96.org/be/news/98939

[3] http://spring96.org/be/news/98935

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства