viasna on patreon

Справы журналістаў за ўдзел у студэнцкіх акцыях пратэсту адправілі на "дапрацоўкі". Але іх не вызвалілі Фота Дапоўнена

2020 2020-09-02T19:07:00+0300 2020-09-02T21:47:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikita_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 2 верасня пасля абеду разглядзелі адміністрацыйныя справы супраць журналістаў, якіх затрымалі падчас студэнцкіх акцый пратэстаў у Дзень ведаў. Сярод іх – журналісты TUT.BY Аляксей Суднікаў і Надзея Калініна, журналісты “Камсамольскай праўды” Мікіта Дубалека (Недаверкаў), Марыя Эляшэвіч, Сяргей Шчогалеў (Святаслаў Зоркі), а таксама журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту паводле арт. 23.34 КаАП. Ноч журналісты правялі ў Кастрычніцкім РУУСе.

sud_zhurnalisty.jpg
Журналісты перад разглядам справы журналісткі КП Марыі Эляшэвіч

Справы журналістаў чакаліся ў судзе Кастрычніцкага раёна зранку, але ў спісе раскладу разгляду адміністрацыйных справаў яны з'явіліся толькі пасля абеду. Пасля абеду ў судзе Кастрычніцкага раёна сабралася больш за 20  журналістаў і журналістак, якія прыйшлі падтрымаць калегаў. Адразу стала вядома, што прызначаны суд у суддзі Аляксандр Рудэнка над журналістамі TUT.BY Аляксея Суднікава і Надзеі Калінінай. Адразу стала вядома, што справы вяртаюць у Кастрычніцкае РУУС "для ліквідацыі недахопаў". Але саміх журналістаў адразу не адпусцілі з Кастрчыніцкага РУУС.

Дапоўнена. У 16:30 стала вядома, што справы журналістаў TUT.BY Суднікава і Калінінай дапрацавалі. Па словах адваката, там былі "толькі граматычныя памылкі". Паведамляецца, што справы павінны разглядацца сёння, 2 верасня. У 17:10 распачаўся разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП журналісткі TUT.BY Надзеі Калінінай.

Пасля абеду пачаўся суд над журналістам БелаПАН Андрэем Шаўлюгам. Ягоную справу разглядае суддзя Аляксандр Рудэнка. Справу суддзя разглядае праз скайп.

Справы журналістаў TUT.BY Суднікава і Калінінай, журналіста БелаПАН Андрэя Шаўлюгі разглядаў суддзя Аляксандр Рудэнка па чарзе, абвяшчаючы перапынкі пасля кожнага працэсу, не абвяшчаючы рашэння па судах у дачыненні да кожнага журналіста. У выніку, справы ўсіх траіх журналістаў адправілі на дапрацоўку.

photo_2020-09-02-16.02.47.jpeg Журналіст Белапан Андрэй Шаўлюга. Фота: "Радыё Свабода"

Каля 15:00 гадзін стала вядома, што суддзя Вольга Няборская адправіла на "дапрацоўку" справы журналістаў "Камсамольскай праўды" Мікіты Дубалекі (Недаверкаў) і Сяргея Шчогалева. Але іх, як і журналістаў TUT.BY, з Кастрычніцкага РУУС не спяшаюцца выпускаць.

Тут жа суддзя Вольга Няборская прызначыла разгляд справы трэцяй затрыманай журналісткі на акцыі пратэсту студэнтаў 1 верасня Марыі Эляшэвіч.

Суд над журналісткай "Камсамольскай праўды" Марыі Эляшэвіч

zhurnali.jpg
Журналістка КП Марыя Аляшэвіч

Журналістку Марыю Эляшэвіч, як і іншых абвінавачваюць па арт. 23.34 КаАП. Сведкі ў суд не з'явіліся, Марыя віну не прызнае.

"Была па рэдакцыйным заданні, была пазначаная бэйджам", — тлумачыць сваё месцазнаходжанні на акцыі журналістка. Таксама яна кажа, што падчас акцый трымалася ў баку акцыі, выконваючы сваю працу.

Марыя распавядае, што яе затрымлівалі супрацоўнікі АМАПу, каб, па іх словах, праверыць акрэдытацыю журналістаў.

"Значыць падыходзілі да мяне не як да ўдзельніцы шэсця, а як да журналісткі", — адзначае на судзе Марыя. 

У момант затрымання з ёй былі Сяргей Шчогалеў, Мікіта Дубалека (Недаверкаў). Адвакат заявіў хадайніцтва аб іх допыце. 

Марыя распавядае ў судзе, што ў першыя пару гадзін у РУУСе сапраўды казалі, што правяраюць акрэдытацыі, але ўвечары сказалі, што складаюць пратаколы, і іх пакідаюць на ноч.

На судзе ў журналісткі Марыі выступілі две сведкі: гендырэктара "КП у Беларусі" і студэнтка юрфака БДУ, якая бачыла як працавалі журналісты і як іх затрымлівалі. Яны падцвердзілі, што журналісты на акцыі выконвалі свае прафесійныя абавязкі, а не прымалі ў ёй удзел у якой-небудзь форме, тым больш, не выкрыквалі ніякіх лозунгаў.

На судзе ў журналісткі Эляшэвіч заяўлены сведка супрацоўнік АМАПа Аляксандр Кавалёў. Аднак адвакат заявіў, што ў судзе праз скайп сведчыць не Кавалёў, а іншы чалавек. На судзе ён не хацеў называць сваё месца жыхарства і не здымаць маску. Таксама адвакат заявіў, што не відаць яго вачэй і іншых прыкмет, па якіх можна яго ідэнтыфікаваць. Адвакат сказаў, што ведае Кавалёва па іншых працэсах, дзе ён выступаў сведкам, і асоба, якая сведчыць у РАУС супраць журналісткі на яго не падобны. Суддзя абвясціла перапынак.

Пасля перапынку супрацоўнік АМАПу Кавалёў больш не з’явіўся ў працэсе. Замест яго паказанні пачаў даваць супрацоўнік АМАПу Сяргей Ігнацьеў, які нібы затрымліваў Эляшэвіч і іншых журналістаў. Але, як і папярэдні супрацоўнік АМАПу, ён таксама быў у масцы. Адвакат настойваў, каб Ігнацьеў зняў маску, бо такога паняцця як “сакрэтны сведка” не існуе ў адміністрацыйным працэсе.

“Сядзіць у чорнай масцы з проразямі для вачэй. Немагчыма ўстанавіць асобу”, – падсумаваў адвакат, калі паглядзеў на сведку ў скайпе.

Адвакат запытаў, ці можа сведка зняць той маску, той сказаў, што не, бо “супрацоўнікі АМАПу асцерагацца пагроз”.

Але суддзя ўсё роўны вырашыла яго дапытаць у якасці сведкі. Ігнацьеў пацвердзіў, што ён сапраўды затрымліваў журналістаў, бачыў іх бэйджы.

“Яны шлі ў калоне. Давалі каманды “Не разыходзіцца, рухацца наперад”, – сведчыць супрацоўнік АМАПу. Ён настойвае, што журналістка кіравала студэнтамі ў калоне.

У судзе сведка назваў неправільны адрас затрымання журналісткі.

Адвакат заявіў яшчэ раз хадайніцтвы аб выкліку некалькі сведкаў, у тым ліку журналістаў КП Дубалеку і Шчогалева, а таксама журналіста "РИА Новости", але суддзя вырашыла, што доказаў ужо дастаткова.

У 18:15 суддзя вынесла пастанову адправіць справу на дапрацоўку ў РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска.

Суд над аператарам "КП в Беларуси" Мікітам Дубалека 

Адміністрацыйную справу Мікіты Дубалекі пасля "дапрацоўкі" суддзя Вольга Няборская пачала разглядаць у 18:30. Яго, як іншых журналістаў, абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту 1 верасня. Супрацоўнікі РУУС Кастрычніцкага раёну Мінску склалі на яго пратакол па арт. 23.34 КаАП.

"Я быў адпраўлены па заданні рэдакцыі на асвятленні акцыі. Як і цяпер, я знаходзіўся ў камізэльцы і з бэйджам.

Калі мы ўбачылі на скрыжаванні, што пад'язджаюць супрацоўнікі АМАПу, то мы адышлі яшчэ далей, каб не перашкаджаць іх дзейнасці," – распавядае абставіны свайго знаходжання на акцыі 1 верасня.

"Нас запрасілі праехаць з імі для РАУС для пацверджання акрэдытацыі, паабяцаўшы, што гэта зойме не больш за 15 хвілін", – распавядае журналіст пра момант затрымання. 

На пытанне суддзі выкрыкваў ён нейкія лозунгі, Мікіта адказаў: "Не, ні ў якім разе. Я вельмі строга выконваю прынцыпы журналісткай этыкі".

Першай на гэтым працэсе дапыталі сведку –  генеральную дырэктарку "КП в Беларуси" Наталлю Галезнік. Яна пацвердзіла, што Мікіта Дубалека быў на акцыі 1 верасня па рэдакцыйным заданні як відэаграф. Ён асвятляў студэнцкую акцыю.

"Ніякіх лозунгаў не было і не магло быць. Мікіта адказны супрацоўнік, які ніколі б не рабіў падобнае", – сведчыць Галезнік.

Студэнтка юрфака БДУ Елізавета Хадакоўская таксама выступіла сведкай на гэтым працэсе. Яна распавяла, як затрымлівалі журналістаў, у тым ліку Мікіту Дубалеку.

"На іх былі знакі прэсы. Я спытала ў супрацоўнікаў АМАПа, чаму іх затрымліваюць, на што мне сказалі, што іх затрымалі для праверкі дакументаў", – распавяла студэнтка.

У якасці сведкі быў дапытаны карыспандэнт «РИА Новости» Кірыл Рубцоў. Яго таксама 1 верасня затрымалі на акцыі, адвезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёна, але пасля праверкі яго акрэдытацыі і акрэдытацыі журналіста НТВ, што заняло 40 хвілін, яго адпусцілі. Затрыманых журналістаў беларускіх СМІ пакінулі ў РУУС на суткі. Ён на судзе распавёў, што журналісты, у прыватнасці, Мікіта Дубалека, не выкрыквалі ніякіх лозунгаў.

"Я б заўважыў гэта, так як гэта супярэчыць прынцыпам журналісцкай этыкі", – распавёў Рубцоў.

Затым быў апытаны супрацоўнік АМАПу Сяргей Ігнацьеў, які затрымліваў журналістаў.

"Так, гэты грамадзянін, калі калона ішла па вуліцы Нямігі. Заклікаў грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Казаў: "не разыходзімся, нікога не баімся, рухаемся наперад", – сведчыць супрацоўнік міліцыі.

"Мы звярталі ўвагу на найбольш актыўных грамадзян на акцыі, у прыватнасці, грамадзяне якія сябе пазіцыянуюць сябе як прэса", – кажа супрацоўнік міліцыі.

На гэтым працэсе таксама дапыталі супрацоўніка АМАПу Аляксандра Кавалёва. Аднак адвакат заявіў, што на судзе ў Дубалекі не той Кавалёў, які прадстаўляўся Кавалёвым па справе Эляшэвіч, і не той, які знаёмы адвакату. 

"Гэта трэцяя асоба", – рэзюмаваў адвакат.

Сведка "Кавалёў" настойваў, што журналіст Мікіта Дубалека заклікаў "ісці ў цэнтр дамагацца сваіх правоў і свабод", а таксама выкрыкваў: "Не спыняцца, дамагацца свайго, ісці на Плошчу Незалежнасці".

Пытанне адваката сведку "Хто ён па знаку задыяку?" суддзя зняла, як неадноснае да справы. Хоць адвакат настойваў, што гэта мае важнае значэнне для высвятлення асобы сведкі, які прадстаўляецца Кавалёвым. Сведка не адказаў на гэтае пытанне.

"Што напісана ў пратаколе ў прынцыпе не магло існаваць", – рэзюмаваў адвакат у канцы працэсу.

А 19:30 суддзя прыняла пастанову адправіць справу журналіста Мікіту Дубалекі на дапрацоўку.

Пасля гэтага адразу пачалі разглядаць справу фатографа «КП у Беларусі» Сяргея Шчогалева (Святаслаў Зоркага). Ягоную справу, як і іншых, таксама адправілі ў РУУС на дапрацоўку.

Аднак, нягледзячы на тое, што справы журналістаў былі адпраўленыя "на дапрацоўку", іх не вызваляюць. Шэсць затрыманых журналістаў застаюцца ў Кастрычніцкім РУУС — ужо больш сутак. Адвакаты падалі хадайніцтва аб іх неадкладным вызваленні.

Увечары стала вядома, што затрыманых журналістаў, негледзячы на тое, што іх справы адправілі на "дапрацоўкі" іх перавозяць у Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. 3 верасня чакаюцца новыя суды над імі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства