viasna on patreon

Сведчаць пацярпелыя: Мне пашанцавала, бо я журналіст, а ныркі адбілі раней Дапоўнена

2020 2020-08-15T21:57:00+0300 2020-08-17T08:13:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gerasimovich-2020-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Герасімовіч.

Сяргей Герасімовіч.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMST) рапачалі кампанію па дакументаванні выпадкаў катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў. якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня.

Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт будуць публікавацца на нашым сайце, як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў. Наступны расповед запісаны па тэлефоне.

Я, Герасімовіч Сяргей Валянцінавіч, быў затрыманы 10 жніўня, у 21 гадзіну вечара каля гатэлю “Юбілейная”. Мы шлі з калегамі, журналістамі, і размаўлялі, аўтамабілі на праспекце пачалі сігналіць і я падняў руку. І тут амапаўцы крычаць: “Ідзі сюды!” Я падыйшоў, і пачалася жэсць – закінулі ў аўтазак і адразу дубіналамі –  ду-ду-ду. Мне не пашанцавала напэўна з усіх затрыманых болей, таму што калі праехалі 30 метраў, мяне перакінулі ў бусік, дзе сядзелі ціхары. Там ізноў “апрацавалі”, а калі даехалі да Нямігі, мяне перакінулі ў аўтазак і там мяне зноўку “апрацавалі” дручкамі.

Праспект Пераможцаў, Мінск, 10 жніўня 2020 года. Фота: Наталля Фядосенка/ТАСС
Праспект Пераможцаў, Мінск, 10 жніўня 2020 года. Фота: Наталля Фядосенка/ТАСС

Пазней прывезлі на Акрэсціна, мы прайшлі гэтак званы “калідор славы”, калі ты ідзеш, а яны стаяць і дубінкамі цябе херачаць.

Далей размову са мной праводзілі, пыталіся, куды я ішоў і іншае глупства. Прымушалі здымаць майткі, дагала распраналі, застаўлялі прысядаць і пры гэтым білі па мяккіх тканках. І я там такі быў не адзін, такіх, у камеры хто са мной сядзеў, было дастаткова.

Далей мяне, як журналіста, трохі пашкадавалі, кінулі ў 7 камеру. Са мной сядзеў Андрэй Вітушка, гэта доктар, Улад Сакалоўскі, дыджэй, які ўключыў “Перамен” у Кіеўскім скверы. Слава богу, яго не білі, гэта важна, з ім усё добра. Куча іншых хлопцаў сядзела з намі. Мы адсядзелі і далей такая метода пайшла – суда ў нас не было, пачалі кожнага выклікаць, бо нас было 40 чалавек на 20 кв. метраў. Мы там не спалі, проста стаялі.

Праз суткі яны нас пачалі выклікаць: “Як ты сюды патрапіў?” Там людзей  выпадковых было процьма… Уласна у мяне ў камеры столькі, што толькі я і яшчэ адзін хлопец якія рэальна на плошчу пайшлі. Гэта з 40 чалавек. Хто за півам выйшаў, ці за сігарэтамі, ці яшчэ што. Карацей бралі людзей проста з горада, з Уручча там… сталі выклікаць следчыя і пытаць, як ты там апынуўся? Зразумела, кажуць, гэта амапаўцы там перастараліся, а мы ўсё вырашым, "будет все хорошо, все, сейчас будем тебя выпускать".

Уся камера была ў эйфарыі. Па два-тры чалавекі забіралі – ўсё, выпускаем вас.

Гематомы на целе Герасімовіча.
Гематомы на целе Герасімовіча.

А потым: “Тварам уніз! Тварам уніз!” і падпісваць пратаколы. Я напісаў збоку, што азнаёмлены, а ім пофіг было, не яны іх складалі, а тыя, хто нас выводзіў. Я не мог зразумець чаму? І калі сталі выганяць, а як жа уласныя рэчы, грошы? І вось нас выводзяць і я разумею, што пачынаецца месілава. Нас выводзяць ва ўнутраны дворык Акрэсціна, ставяць на калені ўсіх і “Майку падняў!" І глядзелі там. Майткі спусціў!” і глядзелі. Ныркі мне адбілі пакуль у тры аўтазакі перакідвалі, кроўю мачыўся.

Яны пачынаюць біць людзей пасля 12 ночы, моцна біць! Людзі равуць, плачуць - жанчыны, мужчыны, ім без розніцы. Яны ўсіх б'юць так, што гаўно са сракі пайшло.

Мне, шчыра скажу, трохі пашанцавала, таму што журналіст і ныркі былі адбіты раней. І амапавец так:  "Гэтага я сам "абработаю". Сам падышоў, па срацы пары разоў ударыў і калені адбіў.  І ўсё. Гэта верх гуманізма.

Скажыце падрабязней, як вас збівалі і чым?

Уласна мяне ў аўтазаках дубінкамі білі.

        Можа вы запомнілі тых, хто біў?

Не, усе ў масках на твары, як іх пазнаць можна? А яшчэ ў адзін момант заўважыў, што яны былі з розных раёнаў. “Эй, Акцябрскі, хочаце іх пабіць? “Давайте, воспітательную работу с ними проведите. Давай, Октябрьский район, иди”. І амапаўцы з усіх раёнаў Мінску, яны там былі.

Адкажыце, калі ласка, колькі чалавек было ў камеры, ці была ежа, вада?

Вада была ў кране, ежы не было, тры дні нас не кармілі. Адзін раз нас зранку пакармілі, у аўторак, 12 жніўня, нам далі паесці кашу і чай. Гэта было за шчасце. 20 нас у камеры сядзелі, а потым яшчэ 20, ну можа 35-36 нас было, амаль 40 чалавек – у камеры, якая 20 квадратных метраў і 6 нар.

Пасцельнай бялізны нікому не выдавалі, нешта проста валялася ад бамжоў, ці ад каго яшчэ. Нічога нікому не выдавалі, вы што! Мяккую паперу нам толькі адна жанчына, добрая такая канваірша, на трэці дзень спытала - ці ёсць у нас папера? Пайшла, адматала і дала нам туалетную паперу.

Хацеў яшчэ сказаць, што перада мной паставілі хлопцаў і іх так білі, так білі і потым адправілі ў СІЗО. Яны не б’юць нас днем, днём яны баяцца.

Сведчаць пацярпелыя: У Маскоўскім РУУСе білі берцамі па галаве

Зашпілілі кайданкі, сляды на руках яшчэ засталіся, павалілі на падлогу. Людзі ўсе сядзелі, а мяне павалілі на падлогу, пачалі збіваць дубінкамі, берцамі мне па галаве, зубы пакрышыліся, пачалі збіваць, паролі выпрошвалі, забралі тэлефон.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства