viasna on patreon

Беларускія праваабарончыя арганізацыі звярнуліся да кіраўніка МУС Караева

2020 2020-08-13T21:35:00+0300 2020-08-14T14:14:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karajeu-0505.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міністр унутраных спраў Юрый Караеў

Міністр унутраных спраў Юрый Караеў

Заява беларускіх праваабарончых арганізацый

12 жніўня 2020 года ад людзей, якія вызваліліся з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкама (далей – ЦІП), нам стала вядома аб тым, што затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 9, 10 і 11 жніўня 2020 года знаходзяцца ў бесчалавечных умовах, многія падвяргаюцца катаванням. Людзей збіваюць, трымаюць у перапоўненых камерах: па 40-50 чалавек у камеры, разлічанай толькі на 4-6 чалавек, з-за чаго немагчыма спаць ноччу, людзям не хапае паветра і прасторы. Таксама паведамляецца, што людзей не кормяць, а пры спробе прысесці днём пачынаюць збіваць. Вельмі шмат людзей з ЦІП вязуць машыны хуткай дапамогі. У Гомелі памёр падчас затрымання  малады чалавек.

Маюцца шматлікія сведчанні жорсткасці, гвалту і беспадстаўнага прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў да людзей, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі аддзяленняў міліцыі ў чаканні афармлення неабходных працэсуальных дакументаў.

Мы адзначаем, што дадзеныя дзеянні з'яўляюцца жорсткім абыходжаннем і катаваннямі, якія недапушчальныя і павінны быць спыненыя.

У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню.

У адпаведнасці з артыкулам 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткім, бесчалавечным або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню.

Хочам нагадаць, што права на свабоду ад катаванняў і жорсткага абыходжання ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца абсаюзным, і ў адрозненне ад іншых правоў чалавека, не падлягае ніякім абмежаванням, нават у ваенны час.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем, што катаванні і жорсткае абыходжанне недапушчальныя, і таму патрабуем:

  1. Неадкладна спыніць любыя акты катаванняў і жорсткага абыходжання пры ўтрыманні людзей у РУУС, ІЧУ, ЦІП, а таксама пры перавозцы іх да месцаў прымусовага ўтрымання.
  2. Вызваліць усіх затрыманых у сувязі з немагчымасцю забяспечыць затрыманым гуманныя ўмовы ўтрымання, якія адпавядаюць міжнародным дагаворам і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
  3. Расследаваць усе выпадкі прымянення жорсткага абыходжання і катаванняў у РУУС, ІЧУ, ЦІП і падчас перавозкі іх да месцаў прымусовага ўтрымання.

 РГА "Прававая ініцыятыва"

Грамадскае аб'яднанне "Звяно"

Экспертна-прававое Таварыства "Ініцыятыва FORB"

Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права”

Праваабарончая арганізацыя "Human Constanta"

РПГА "Беларускі Хельсінскі камітэт"

Публічная ўстанова "Беларускі дакументацыйны цэнтр"

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Грамадзянская ініцыятыва "За справядлівы суд у Беларусі"

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Офіс па правах людзей з інваліднасцю

Тэкст заявы публікуе сайт legin.by

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства