Патрабуем неадкладнага вызвалення праваабаронцы ПЦ “Вясна”  і назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксандра  Буракова

2020 2020-08-06T22:16:00+0300 2020-08-06T18:28:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/burakou-rs.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 Заява прадстаўнікоў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Як нам стала вядома, 5 жніўня,  каля 19.00 у г. Магілёве,  аўтамабіль, якім кіраваў Аляксандр Буракоў быў спынены супрацоўнікамі ДАІ. На пытанне аб прычынах спынення, міліцыянты заявілі, што падазраюць Буракова у перавозцы кантрафактнага алкаголю і запатрабавалі адчыніць багажнік.

Журналіст-праваабаронца Аляксандр Буракоў. Фота: mspring.online
Журналіст-праваабаронца Аляксандр Буракоў. Фота: mspring.online

Не знайшоўшы ніякага кантрафактнага алкаголю ў багажніку машыны супрацоўнікі ДАІ заявілі, што цяпер  падазраюць А. Буракова ў пераробцы VIN – нумара аўтамабіля, затрымалі яго і даставілі ў РУУС Ленінскага р-на г. Магілёва.

Як паведамляе праваабаронца ПЦ “Вясна” Барыс Бухель, калі ён увечары падышоў да будынка Ленінскага РУУС, то стаў сведкам правакацыі, якая была здзейсненая супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да А. Буракова. З боку ўяздной брамы на паркоўку РУУС Барыс Бухель спачатку пачуў енкі нейкай жанчыны, а затым голас Аляксандра Буракова, які гучна некалькі разоў крыкнуў  - "гэта правакацыя".

Аляксандра Буракова ноч пратрымалі ў РУУС Ленінскага р-на, пасля чаго перавялі ў ІЧУ, на яго складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь (дробнае хуліганства), што можа быць звязана са здзейсненай у дачыненні да яго правакацыяй.

Цяпер Аляксандру Буракову пагражае адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак. Такім чынам улады імкнуцца ізаляваць назіральніка на ўвесь астатні перыяд выбараў.

Варта адзначыць, што гэта не першы выпадак пераследу праваабаронцы  ПЦ “Вясна” і назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Сёлета  А.  Буракоў ужо адбываў 10 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 23 34 КаАП (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).  8 мая  ён ажыццяўляў назіранне за правядзеннем мірнага сходу грамадзян у г. Магілёве і быў затрыманы разам з астатнімі ўдзельнікамі сходу.

Затрыманне А. Буракова адбылося на фоне шматлікіх фактаў нядопускаў назіральнікаў на ўчасткі для галасавання, іх выдаленняў з участкаў і затрыманняў міліцыяй.

Мы, прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаем, што праваабарончая дзейнасць, а таксама назіранне за выбарамі з’яўляецца легітымнай і гарантаванай, як нацыянальным заканадаўствам, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека  дзейнасцю.  У адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Дзяржава, у сваю чаргу, прымае ўсе неабходныя меры ў мэтах забеспячэння абароны, з дапамогай кампетэнтных органаў, любога чалавека, які выступае індывідуальна і сумесна з іншымі, ад любога гвалту, пагрозаў, помсты, негатыўнай дыскрымінацыі дэ-факта або дэ-юрэ, ціску або любога іншага адвольнага дзеяння ў сувязі з законным ажыццяўленнем яго ці яе правоў, згаданых у гэтай Дэкларацыі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем:

  1. Неадкладнага вызвалення праваабаронцы Аляксандра Буракова і спынення распачатага ў дачыненні да яго адміністрацыйнага працэса;
  2. неадкладнага спынення пераследу ўсіх грамадзян, якія ажыццяўляюць назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і забеспячэння іх прысутнасці на выбарчых участках.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства