viasna on patreon

Новыя затрыманні, суды і выпадкі ціску. Хроніка пераследу за чацвёртае жніўня Дапоўнена

2020 2020-08-04T17:53:00+0300 2020-08-05T22:04:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stolin0aksana.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць звесткі са ўсёй краіны пра факты палітычна матываванага пераследу грамадзян. Паведамляем пра затрыманні, пагрозы затрыманнямі, складанне пратаколаў і выклікі ў міліцыю, якія адбыліся ці пра якія стала вядома чацвёртага жніўня.

З пачатку бягучай выбарчай кампаніі 217 чалавек атрымалі агулам 3092 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 368 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам больш за 286000 рублёў (больш за 116.000$).

Праваабаронцам вядома як мінімум пра 1340 выпадкаў адвольных затрыманняў, якія адбыліся ў перыяд з 6 траўня па 4 жніўня.

Ізаляцыя актывістаў перад выбарамі працягваецца. Хроніка пераследу 2 і 3 жніўня

Другога і трэцяга жніўня ў Беларусі працягваецца пераслед актывістаў. Некаторых затрымліваюць і адпраўляюць у ізалятары для адбыцця раней прысуджаных арыштаў, над іншымі праходзяць суды па адміністрацыйных справах.

Мінск

Дзяўчыне палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава Вользе Каракінай, якая другі тыдзень трымае галадоўку каля СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску, а таксама тым, хто прыходзіць яе падтрымаць, міліцыя пагражае складаннем пратакола за несанкцыянаванае пікетаванне (па арт. 23.34 КаАП). Вольга паведаміла "Вясне", што сышла ад СІЗА і спыніла галадоўку.

Паведамляецца пра зарыманне 3 жніўня Вікторыі Канюшэнка. Абставіны затрымання высвятляюцца. 

Таксама быў затрыманы ўдзельнік велапрабегаў салідарнасці Алякей Дідзенка. Яго даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна, склалі пратакол за "дробнае хуліганства" (арт. 17.1 КаАП). Па папярэдняй інфармацыі - за распаўсюд улётак.

Затрыманы актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі абвесціў сухую галадоўку і чакае новы суд па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Пасяджэнне адбудзецца ў 16.00 у судзе Маскоўскага раёна. Дапоўнена: Вінярскаму прысудзілі 13 сутак арышту.

Затрыманага ўвечары нядзелі за расклейку плакатаў Андрэя Клінцова асудзілі на 15 сутак па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Рашэнне вынес суд Першамайскага раёна.

Позна ўвечары 4 жніўня затрымалі Аляксея Санчука і Сяргея (прозвішча ўдакладняецца) за расклейку плакатаў. Павезлі ў РУУС Савецкаша раёна.

У Мінску на ўчастку для галасавання затрымалі назіральніка

У першы дзень датэрміновага галасавання супрацоўнікі міліцыі затрымалі на ўчастку для галасавання №52 Кастрычніцкага раёна Мінска назіральніка ад ініцыятывы "Чэсныя людзі" Івана Дубовіка.

Кобрын

4 жніўня плануецца працяг суда над затрыманымі ў мінулую пятніцу Уладзімірам Нікульшыным і Алегам Барысюком (каардынатар ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы). Актывісты выходные ўтрымліваліся ў Кобрынскім ІЧУ, у панядзелак 3 жніўня іх пачалі судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). 

Дапоўнена: Абодва актывісты атрымалі па 15 сутак арышту.

Столін 

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнулася Аксана Дабрыянец - валанцёрка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай са Століна, якая дапамагала падчас збору подпісаў. Аксана паведаміла, што да яе маці, якая працуе ў школе, падыходзіў дырэктар і распавядаў, што ў школу прыходзіла міліцыя і распытвала пра яе дачку. Міліцыянтаў цікавіла, дзе яна жыве і працуе, чым займаецца. 

stolin0aksana.jpg
Аксана Дабрыянец, валанцёрка ІГ Ціханоўскай са Століна

Таксама Аксана паведаміла пра іншую дзяўчыну са Століна - Паліну Новік, якую пад падставай апытання аб прапаўшым тэлефоне даставілі ў РАУС і распытвалі пра расклеўку агітацыйных улётак. 

Баранавічы

4 жніўня мусіў адбыцца суд над затрыманым напярэдадні адміністратарам тэлеграм-канала "Баранавічы для жыцця" Ігарам Шумілавым. У парушэнні якога дакладна артыкула адмінітрацыйнага кодэкса яго вінавацяць, невядома.

Дапоўнена: Суд над Ігарам Шумілавым прайшоў таемна. Увесь дзень праваабаронца "Вясны" з Баранавічаў Аляксандр Вайцешык чакаў суда над ім. У другой палове дня разам са сваякамі ён прыехаў да ізалятара, каб перадаць перадачу, але спачатку яе не прынялі, спаслаўшыся на тое, што Шумілава ўвезлі на суд. Калі Вайцешык вярнуўся ў будынак суда, то там паведамілі, што Ігара Шумілава ў іх няма. Урэшце ў сваякоў прынялі для яго перадачу, але не паведамілі, калі, па якім артыкуле і на колькі сутак арышту ён быў асуджаны. Толькі адзін з міліцыянтаў параіў сваякам адлічваць 10 сутак з моману затрымання. Верагодна на столькі сутак ён і быў асуджаны.

Чачэрск

3 жніўня быў затрыманы актывіст, жыхар Чачэрску Юрый Кавалёў. Пры затрыманні быў задзейнічаны АМАП. Падрабязнасці затрымання высвятляюцца. Ноч ён правёў у Гомельскім ІЧУ, яго павезлі на суд. У выніку ён атрымаў 15 сутак.

Таксама праваабаронцам паведамілі, што на сувязь суткі не выходзіць сын Юрыя Арцём Кавалёў. Верагодна ён таксама затрыманы.

Нароўля

У Нароўлі судзілі затрыманага напярэдадні актывіста і валанцёра "Страны для жизни" Мікалая Віткоўскага. На яго склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП) - нібыта за тое, што ён адмаўлсяўся праехаць з супрацоўнікамі міліцыі. У выніку прысудзілі 12 сутак арышту.

Шклоў 

БАЖ паведамляе пра затрыманне ў Шклове журналістаў тэлеканала “Белсат” Станіслава Івашкевіча, Івана Мураўёва і Вольгі Ратміравай. Іх затрымалі прыкладна а 15:30, але паведаміць пра затрыманне яны змаглі толькі ўвечары. Праз некалькі гадзін затрыманых вызвалілі, але забралі мабільныя тэлефоны.

Гродна

4 жніўня гарадзенскага грамадска-палітычнага актывіста Ежы Грыгенчу забралі людзі ў цывільным адбываць адміністрацыйны арышт у ІЧУ. 13 ліпеня суддзя Ларыса Барэль прысудзіла Грыгенчу 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве. Аднак пад арышт яго не ўзялі пасля суда, а адмыслова чакалі часу датэрміновага галасавання.

У Парэччы (Гарадзенскі раён) затрымалі двух 19-гадовых хлопцаў Паўла Чыліка і Яна Галубовіча за расклейку ўлётак. На іх склалі пратаколы па арт. 9.11 КаАП. 

Віцебск

Віцебскі актывіст «Народнай Грамады» і валанцёр каманды Ціханоўскай Аляксандар Якушкоў быў затрыманы 4 жніўня і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. За кратамі ён мусіць правесці 8 сутак арышту, якія яму прысудзілі за ўдзел у перадвыбарчых пікетаваннях і якія не далі адбыць поўнасцю да выбараў. Пра гэта паведаміў «Віцебскай Вясне» паплечнік Якушкова Алег Паўлаў.

Магілёў

У Магілёве незалежнага назіральніка прама на ўчастку затрымала міліцыя

Назіральнік ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Андрэй Застрэлаў з міліцэйскага аўто паведаміў, што яго вязуць у Кастрычніцкі РАУС. Яго затрымалі проста на ўчастку №97, які размешчаны ў гімназіі №1 г. Магілёва. Пра інцыдэнт паведамляе mspring.online.

Будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства