viasna on patreon

У Гомелі судзяць сына журналістаў, якога затрымаў АМАП за "дробнае хуліганства"

2020 2020-07-21T11:43:47+0300 2020-07-21T11:43:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/germanovich_sud4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Германовіч у судзе

Юры Германовіч у судзе

Як паведамляюць naviny.by, 20 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля пачаў разгляд адміністрацыйнага пратакола, складзенага ўчастковым Цэнтральнага РАУС Краўчанкам на 18-гадовага гамяльчаніна Юрыя Германавіча. Працэс вядзе суддзя Алеся Осіпава.

Згодна з пратаколам, раніцай 3 ліпеня малады чалавек "з хуліганскіх меркаванняў, назойліва чапляўся да грамадзянаў, хапаў іх за рукі, перашкаджаў іх свабодзе перамяшчэння, чым спалохаў іх". Рапарт, на падставе якога складзены пратакол, напісаў супрацоўнік АМАП Яўген Архіпенка.

Падчас паказанняў у судзе Юрый Германовіч не прызнаў сваёй віны і паведаміў, што раніцай 3 ліпеня ішоў з сябрам на пляж ракі Сож. На вуліцы Працоўнай да іх падышлі двое незнаёмых, у цывільным, мімаходам паказалі нейкае пасведчанне і правялі агляд іх рэчаў. Яны правялі маладых людзей у мікрааўтобус, у якім знаходзіліся іншыя супрацоўнікі АМАПу, а затым адвезлі іх у Цэнтральны РАУС.

"Нам ніхто не тлумачыў прычыны затрымання. У Цэнтральным РАУС мне сказалі, што на мяне трэба скласці пратакол. Я не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў... Мяне даставілі ў ІЧУ. Там незнаёмы супрацоўнік міліцыі сказаў, што мяне адпусцяць з ІЧУ, калі мае бацькі, а яны журналісты, не будуць нічога пісаць. А калі яны будуць пісаць, то мяне пасадзяць на два гады", — распавёў на судзе Германовіч.

Хлопец вучыцца ў музычным каледжы, на лета ўладкаваўся на працу, дагэтуль ні разу не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.

Да яго бацькоў — журналісткі БелаПАН Алены Германовіч і журналіста «Комсомольской правды в Белоруссии» Паўла Міцкевіча раней прыязджалі супрацоўнікі міліцыі, якія праводзілі "прафілактычныя гутаркі" аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. Журналісты лічаць, што пераследуючы сына, які не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў, міліцыя аказвае ціск на іх.

"Няма грамадзянаў, пакрыўджаных, спалоханых, якіх Юра нібыта хапаў за рукі. Няма відэазапісу — суддзя адмовілася далучаць яго да справы. А менавіта на відэазапісу з камераў назірання было б выразна відаць — было здзейснена правапарушэнне ці не. На судзе прагучала сапраўдная прычына затрымання майго сына. Бацька непаўналетняга Ігара Мацюшкіна, затрыманага разам з нашым сынам, падаў запіс тэлефоннага званка. Там выразна чуваць, што ўчастковы кажа: "Вашага сына забраў АМАП, ён у нас. Але нічога страшнага. Ён проста ішоў побач з таварышам, ну трошкі такім, з апазіцыйнымі схільнасцямі". Так гэта сапраўдная прычына затрымання, выходзіць?" — заявіла ў судзе Алена Германовіч.

На судзе сведка, 15-гадовы Ігар Мацюшкін, пацвердзіў паказанні Юрыя Германавіча. Ён заўважыў, што з ім у Цэнтральным РАУС праводзілася гутарка і пісьмовае апытанне. Але ў справе гэтага апытання няма. Міліцыя не мела права праводзіць яго апытанне без прысутнасці законных прадстаўнікоў.

І Юрый Германовіч, і бацька Ігара Мацюшкіна падалі заявы ў пракуратуру на незаконнае затрыманне.

Наступнае пасяджэнне адбудзецца 28 ліпеня. Суддзя выклікала сведак — супрацоўнікаў АМАПа, але адхіліла хадайніцтва адваката далучыць да справы запісы камер назірання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства