Справу супраць актывісткі каманды Ціханоўскай з Віцебска – скасавалі

2020 2020-07-16T14:34:03+0300 2020-07-16T16:16:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/barsukova-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юлія Барсукова. Фота: Віцебская Вясна

Юлія Барсукова. Фота: Віцебская Вясна

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 14 ліпеня разгледзеў адміністрацыйную справу паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП у дачыненьні да актывісткі "Краіны для жыцьця" Юліі Барсуковай. Яе вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні 30 траўня. Суддзя Ілля Белавус пастанавіў спыніць справу "з-за недаказанасці віны". Пра гэта піша "Віцебская Вясна".

Разбор справы Юліі Барсуковай суддзя пераносіў да гэтага некалькі разоў: у першы раз – праз адсутнасць відэаматэрыялаў, а ў другі – праз адсутнасць сведак.

Паводле пратаколу, Юлія Барсукова 30 траўня, знаходзячыся каля бізнэс-цэнтру "Марка-Сіці" на пікеце па зборы подпісаў, дэманстравала плакат з надпісам "Свабоду Ціханоўскаму!" і партрэтам зняволенага блогера, а таксама плакат з надпісам "No pasaran". На погляд міліцыі, гэтым самым актывістка парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Міліцыянты Зуеў і Жаголкін, якія прыйшлі 14 ліпеня на суд у якасці сведак, прызналіся, што не бачылі Барсукову на пікеце, не было яе і на прагледжаным відэазапісе. Больш за тое, аказалася, што ў час, пазначаны ў пратаколе (ад 16.00 да 20.00), супрацоўнікі міліцыі адсутнічалі на пікеце і відэаздымкі не рабілі.

На судзе Юлія Барсукова заявіла, што ў той дзень яна брала ўдзел у "абсалютна легальным пікетаваньні для збору подпісаў у межах перадвыбарчай кампаніі" і запатрабавала спыніць адміністрацыйную справу супраць яе.

Суддзя Ілля Белавус, не атрымаўшы ніякіх істотных доказаў яе вінаватасці, пастанавіў у выніку скасаваць адміністрацыйную справу з-за недаказанасці віны. Ці будуць міліцыянты аспрэчваць гэтае рашэнне ў абласным судзе – пакуль невядома.

У Віцебску гэта першы выпадак, калі справа за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у дачыненні актывіста была спыненая. Суддзю Іллю Белавуса праводзілі з залі судовых паседжанняў гучнымі апладысментамі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства