"Я за справядлівасць". Чаму асуджаныя за "Ланцуг салідарнасці" абскарджваюць рашэнне суда? Аўдыё

2020 2020-07-15T21:12:50+0300 2020-07-15T23:22:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lancugi_abskagjvanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі. Паводле апошніх звестак ПЦ "Вясна", 14 ліпеня на стыхійных акцыях пратэсту было затрымана як мінімум 280 чалавек. Над некаторымі з іх ужо прайшлі суды — людзям даюць штрафы і суткі.

Папярэдняя буйная хваля затрыманняў прыпала на "Ланцуг салідарнасці" — больш за 360 чалавек па Беларусі, з іх больш за 260 чалавек у Мінску. Суды над затрыманымі прайшлі 22, 29 і 30 чэрвеня. Ім далі вялікія штрафы ці папярэджанні.

69 чалавек, пакараных за "Ланцуг салідарнасці", звярнуліся ў ПЦ "Вясна" за дапамогай у абскарджанні рашэнняў судоў першай інстанцыі. Некаторыя з іх (у тым ліку на ўмовах ананімнасці) падзяліліся з "Вясной" сваімі гісторыямі і распавялі, што іх падштурхнула прайсці шлях абскарджання.

Рандомны беларус

Анатоль 19 чэрвеня ўвечары стаяў на прыпынку грамадскага транспарту побач з Філармоніяй. Не дачакаўшыся аўтобуса, ён вырашыў пацікавіцца супрацоўнікаў АМАПа, якія праходзілі міма, ці перакрыты праспект, на што яны адказалі: «Зараз мы цябе падвязем». Так хлопец трапіў у аўтазак, затым ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, пасля чаго быў асуджаны на 25 базавых велічынь за супраціў (арт. 23.4 КаАП) і за ўдзел у акцыі (арт. 23.34 КаАП).

"Па-першае, гэта абсурдна — ты можаш ісці дадому, а ў выніку трапіць на трое сутак на хлебна-чайную дыету ў ізалятар, — аргументуе сваю матывацыю ў абскарджанні Анатоль. — Па-другое, гэта вельмі крыўдна. І несумленна — у маю сітуацыю мог трапіць абсалютна любы, рандомны беларус. Таму я абавязаны рабіць усё, што можна, каб абскардзіць і распаўсюдзіць інфармацыю аб тым, што на самой справе адбываецца ў гэтай сістэме затрыманняў".

Больш гісторый пра затрыманні падчас "Ланцуга салідарнасьці" можна паслухаць у нашым падкасце:

“Ласкавыя” затрыманні падчас Ланцугоў салідарнасці. Як гэта было? — Восьмы выпуск падкаста “Вясна прыйдзе”

Як заявіў міністр МУС Юрый Караеў, пры затрыманнях супрацоўнікі праяўлялі максімальную вытрымку і выкарыстоўвалі "ласкавыя" выштурхоўвання. Пагаварылі з людзьмі, якіх у тыя дні затрымалі. І [чамусьці] іх досвед сведчыць пра адваротнае.

Гвалт пры затрыманні

Леанід Кузьміч быў затрыманы пры спробе сфатаграфаваць аўтазак. У яго ён трапіў крыху пазней — спачатку мінчука закінулі ў белы мікрааўтобус і тройчы ўдарылі тыльным бокам далоні па зубах.

Па двух пратаколах суд прызнаў Леаніда вінаватым і прысудзіў яму 20 базавых велічынь.

"Чалавек, які працуе ў структуры МУС, прымае прысягу. Ён павінен служыць грамадзянам Беларусі, абараняць у тым ліку мяне ад парушэнняў і злосных элементаў. А атрымліваецца наадварот", — патлумачыщ сваю пазіцыю Леанід.

Уладзіслава Таранду ўдарылі па галаве і пагражалі са словамі "застанешся без вачэй" за тое, што той спрабаваў адкрыць фортку ў душным аўтобусе, куды яго змясцілі пры затрыманні. Аб тым, як гэта было, слухайце ў аўдыё:

У Кастрычніцкім РУУС Уладзіслаў прасіў выклікаць хуткую, на што атрымліваў адмову са словамі "Для цябе гэта дрэнна скончыцца". Акрамя гэтага, яго прымушалі падпісаць пратакол:

"Не падпішаш — застанешся на Акрэсціна надоўга".

Пад ціскам Уладзіслаў пратакол падпісаў, аднак усё роўна быў затрыманы да суда ў ЦІП. Лекарам, якія там працуюць, Уладзіслаў скардзіўся на галаўны боль, на што яны толькі прапанавалі яму вымераць тэмпературу.

Падчас правядзення судовага пасяджэння ў адным памяшканні з Уладзіславам чамусьці знаходзіўся адзін з супрацоўнікаў, які прысутнічаў пры яго затрыманні.

"Падчас суда ён глядзеў мне ў вочы і паціскаў кулакі. У яго погляд быў, быццам ён стаіць тут не проста так".

Уладзіслава пакаралі штрафам у 20 базавых велічынь. Пра многія моманты свайго затрымання хлопец ўспамінаць не хоча.

Як і іншых затрыманых і пакінутых на суткі да суда 22 чэрвеня, Уладзіслава судзілі праз Skype. Людзі, у дачыненні да якіх вёўся адміністрацыйны працэс, удзельнічалі ў ім, знаходзячыся ў сценах ЦІП або ІЧУ, суддзі ж падключаліся да відэасувязі, знаходзячыся ў будынку суда.

Анлайн-суды

На судовым пасяджэнні Віктара Класінскага ўсе сведкі-амапаўцы сцвярджалі, што менавіта яны ажыццяўлялі яго затрыманне 19 чэрвеня.

"Аднак на судзе яны ўсе былі ў медыцынскіх масках і таму я не магу сказаць, ці сапраўды гэта былі яны", — адзначыў Віктар.

Акрамя гэтага, у хлопца было адчуванне, што сведкі давалі паказанні "завучанымі словамі":

"Напрыклад у маім рапарце было напісана, што я супраціўляўся і хапаў за рукі, а на судзе адзін з іх сказаў, што я не хапаў".

Віктар Класінскі
Віктар Класінскі

Рашэннем суда Віктар атрымаў штраф у 30 базавых велічынь. Як і многія іншыя асуджаныя, ён адзначае, што сувязь праз Skype была дрэннай і даводзілася часта перапытваць словы суддзі.

Ілжэсведкі

Аб ілжэсведчанні на судовых пасяджэннях за "Ланцугі салідарнасці" заяўляе і Віктар Савіч. Яго судзілі на ЦІП практычна паралельна разам з сямю іншымі затрыманымі. Ва ўсіх іх быў адзін і той жа сведка — супрацоўнік АУС Скараход.

"Нас судзілі ў двух памяшканнях, і Скараход перамяшчаўся паміж камерамі і даваў адны і тыя ж паказанні ва ўсіх нас. Ён казаў, што мяне затрымліваў 19 чэрвеня ў 23.05, але мяне затрымлівалі зусім іншыя супрацоўнікі і ў іншы час. На судзе я спытаў у Скарахода, як жа ён усіх нас семярых змог затрымаць у адзін і той жа час?"

Прозвішча Скараход знаёмае і Яўгену Зяньковічу: гэты сведка выступаў і на яго судовым пасяджэнні:

"Скараход паказаў на мяне і сказаў: так, я пазнаю гэтага чалавека, ён стаяў на тратуары, пляскаў у ладкі і выказваў сваю незадаволенасць з нагоды Бабарыкі і сумленных выбараў".

Сам жа хлопец кажа, што быў затрыманы ў падземным пераходзе каля Макдональдса — супрацоўнікі ў цывільным яго раптам атачылі і сказалі, што той павінен прайсці разам з імі. У аўтазаку ён пазнаёміўся з Мікітам, якога затрымалі падчас паходу ў краму. Пасля ночы ў Цэнтральным РУУС абодвух хлопцаў адпусцілі, а затым судзілі 29 чэрвеня. Рашэннем суда ім вынеслі папярэджанне. Тым не менш хлопцы будуць абскарджваць такое рашэнне:

"Ды мяне проста бамбуе ад такога самавольства: сярод белага дня мяне схапілі, патрацілі мой час, абвінавацілі, дадалі мне праблем для турбот, неабходнасць сябе абараняць, — злуецца Мікіта. — Без доказаў прызналі вінаватым! Гэта непарадак, што такая [сітуацыя] можа адбывацца ў дзяржаве для жыцця ў 2020 годзе".

"Калі мне вынеслі папярэджанне, значыць я вінаваты. Але я ж не вінаваты!", — дадае Яўген.

Сваё пакаранне ў выглядзе папярэджання абскарджвае і Юлія Вольская. Яе затрымалі 19 чэрвеня пасля таго, як адзін з супрацоўнікаў у цывільным заўважыў, як дзяўчына паназірала запіхванне ў аўтазак іншага затрыманага. Ужо ўнутры аўтазака Юлія ўбачыла чалавека з выбітымі зубамі, дзвюх дзяўчат, якіх затрымалі на выхадзе з рэстарана, і двух веласіпедыстаў разам з іх роварамі.

Юлія Вольская ў грамадскай прыёмнай
Юлія Вольская

"Я абскарджваю рашэнне суда, таму што гэта незаконна. Я за справядлівасць", —  распавяла Юлія.

Чаму варта абскардзіць рашэнні судоў, тлумачыць праваабаронца і супрацоўніца грамадскай прыёмнай ПЦ "Вясна" Наталля Сацункевіч:

"Напрыклад, калі чалавека першы раз затрымалі на акцыі, то яго судзяць па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). У якасці пакарання там прадугледжаныя папярэджанне, штраф да 30 базавых велічынь або арышт да 15 сутак.

У выпадку нязгоды з пастановай суда чалавек яго абскарджвае (у Мінску — праз Мінскі гарадскі суд). І пакуль Мінскі гарадскі суд не вынесе рашэнне аб тым, задаволіць або адмовіць у скарзе, то чалавек лічыцца не прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці. І калі напрыклад чалавека затрымалі 19 чэрвеня і прыцягнулі па частцы 1 артыкула 23.34, то на дадзены момант ён знаходзіцца ў працэсе абскарджання. А калі яго яшчэ раз затрымалі 14 ліпеня, то яго павінны судзіць па частцы 1 артыкула 23.34, а не па частцы 3, якая ўжо прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь —  бо тут ёсць паўторнасць. І да нас ужо паступаюць звесткі, што сярод затрыманых 14 ліпеня пакідалі ў ІЧУ да суда тых, у каго ўжо ёсць паўторнасць і тых, хто ўмоўна "качаў правы". Значыць, абскарджанне можа паўплываць на гэта".

39 скаргаў з 69-ці "Вясне" дапамаглі скласці валанцёры Валанцёрскай службы "Вясны", а 13 — выпускнікі адукацыйнай праграмы ILIA ад Дома правоў чалавека.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае паведамляць аб фактах рэпрэсій, а таксама звяртацца за юрыдычнай дапамогай, у тым ліку ў абскарджанні рашэнняў судоў.

Кантакты праваабаронцаў "Вясны”:

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства