Палітвязня Сяргея Ціханоўскага зноў змясцілі ў карцар

2020 2020-07-14T11:48:19+0300 2020-07-14T11:48:19+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/cihanouski_9000.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Ціханоўскі. Фота: Уладзь Грыдзін

Сяргей Ціханоўскі. Фота: Уладзь Грыдзін

Блогера Сяргея Ціханоўскага зноў змясцілі ў карцар СІЗА №1. Гэтым разам за тое, што не пагаліўся. Пра гэта расказала Tut.by жонка зняволенага блогера Святлана Ціханоўская.

У карцар Ціханоўскага змясцілі ў пятніцу 10 ліпеня, то бок на наступны дзень пасьля суду, дзе разглядалася ягоная скарга на змяшчэньне ў карцар папярэднія два разы.

«Я хадзіла да яго ў пятніцу, у мяне прынялі перадачу. Мабыць, у карцар змясцілі пазней. Пакуль кажуць, што ён там прабудзе да аўторка, 14 ліпеня, — сказала Ціханоўская. — У судзе супрацоўнікі СІЗА казалі, што ні павуціна, ні няголенасць — гэта не самыя парушэнні, за якія чалавека саджаюць у карцар, а тое, што яны паўторныя. То бок не пагаліўся — табе папярэджанне, два папярэджанні — падстава для змяшчэння чалавека ў карцар».

Жонка блогера таксама перадала, што Сяргей Ціханоўскі трымаецца мужна, духам не падае і вельмі дзякуе людзям за падтрымку ў выглядзе лістоў.

Нагадаем, першы раз у карцар Сяргея Ціханоўскага змясцілі 13 чэрвеня. 20 чэрвеня падоўжылі знаходжанне ў карцары да 26 чэрвеня. Адвакат Ціханоўскага Віктар Мацкевіч распавядаў, што да блогера ўжылі два спагнанні, кожнае — па сем сутак змяшчэння ў карцар. Першае спагнанне вынеслі, калі ён яшчэ знаходзіўся ў звычайнай камеры, за парушэнне рэжыму — нібыта Ціханоўскі сядзеў на падваконні. Другое — калі ён ужо знаходзіўся ў карцары, за дрэнную ўборку памяшкання: па словах Ціханоўскага, у камеры пад трохметровай столлю супрацоўнікі СІЗА выявілі павуціну.

22 чэрвеня Сяргей Ціханоўскі падаў скаргу на змяшчэнне ў карцар ў суд Маскоўскага раёна, у пракуратуру горада і Кіраванне дэпартамента аб выкананні пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці. 9 ліпеня суд разгледзеў скаргу і не задаволіў яе.

Таксама пасля выхаду з карцара, як стала вядома 8 ліпеня адвакату блогера Віктару Мацкевічу, зняволеныя ў яго ранейшай камеры адмовіліся з ім знаходзіцца, паколькі ў СІЗА прайшла ілжывая інфармацыя аб яго нібыта так званым нізкім сацыяльным статусе. Блогеру было сказана, што ён гэта павінен абвергнуць, а менавіта: каб хтосьці са злачыннага свету звонку пацвердзіў, што гэта не так.

Адвакат блогера заявіў, што любыя выдумкі падобнага роду з'яўляюцца няпраўдай. Ён таксама лічыць, што гэтая ілжывая інфармацыя можа сур'ёзна нашкодзіць Ціханоўскаму і ставіць яго ў слабае становішча. Мацкевіч інфармаваў начальніка СІЗА аб сітуацыі і прасіў урэгуляваць яе. Адвакат таксама заявіў, што да злачыннага свету ніхто звяртацца не збіраецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства