Скарга Ціханоўскага аб карцэры разглядаецца ў закрытым фармаце. Ці ёсць для гэтага законныя падставы?

2020 2020-07-09T13:33:57+0300 2020-07-09T17:44:34+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/2020-07-09_cihanouskaja_sud_skarga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 9 ліпеня, у 10.30 у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска прайшоў разгляд скаргі Сяргея Ціханоўскага на пастанову начальніка ўстановы «СІЗА №1» аб прымяненні мер спагнання (змяшчэння ў карцэр). Аднак судовае пасяджэнне адбылася у закрытым рэжыме.

Нагадаем, 13 чэрвеня праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што Ціханоўскага змясцілі ў карцэр да 19 чэрвеня, а затым працягнулі гэты тэрмін да 26 чэрвеня. 22 чэрвеня ён падаў скаргу, якая і разглядаецца дзявятага ліпеня. У фае залы суда сабралася каля 25 жадаючых трапіць на пасяджэнне Ціханоўскага (у тым ліку і прадстаўнікі СМІ), аднак іх не пусцілі. На судовае пасяджэнне змаглі трапіць толькі Святлана Ціханоўская, адвакаты Ціханоўскага, а таксама прадстаўнікі СІЗА №1.

Святлана Ціханоўская каля будынка суда Маскоўскага раёна Мінска

Святлана Ціханоўская выйшла з залы суда праз дзве гадзіны пасля пачатку разгляду скаргі (у зале засталіся адвакат і прадстаўнік СІЗА). Яна распавяла, што Сяргея Ціханоўскага па відэасувязі не паказалі.

Ці законна тое, што скаргу Ціханоўскага разглядаюць у закрытым рэжыме? Юрыст ПЦ "Вясна" Алег Пашкевіч звяртае ўвагу на артыкул 17 Грамадзянскага Працэсуальнага Кодэкса РБ, дзе замацоўваецца галоснасць судовага разбіральніцтва: "разгляд грамадзянскіх спраў ва ўсіх судах адкрыты". У артыкуле пералічаныя сітуацыі, пры якіх судовае пасяджэнне можа праводзіцца ў закрытым фармаце:

  • У мэтах абароны звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты або іншую таямніцу, якая ахоўваецца законам;
  • Па просьбе бакоў або аднаго з іх пры адсутнасці пярэчанняў юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб.

Акрамя гэтага, суд можа слухаць справу цалкам або здзяйсняць асобныя працэсуальныя дзеянні ў закрытым судовым пасяджэнні "для прадухілення выдавання інфармацыі, якая тычыцца інтымных бакоў жыцця грамадзян або ганіць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю"

Юрыст ПЦ

«Падставаў казаць аб тым, што ў справе могуць фігураваць дзяржаўныя сакрэты, няма, — падкрэслівае Алег Пашкевіч. — Разглядаецца скарга на вынясенне афіцыйнага спагнання, вынесенага службовай асобай у межах яе кампетэнцыі, то бок тут нельга казаць аб нейкіх баках жыцця прыватнага асобы або яго рэпутацыі. Аб просьбах з боку Ціханоўскага аб закрытым пасяджэнні альбо яго згоды на гэта мы не ведаем.

У залу судовага пасяджэння была дапушчана Святлана Ціханоўская, якая не з'яўляецца юрыдычна зацікаўленай у зыходзе справы асобай. То бок парушаныя нават патрабаванні, якія тычацца закрытага судовага пасяджэння.

Такім чынам, правядзенне "закрытага судовага паседжанне" ў дадзеным выпадку абсалютна не абгрунтавана і не мае нічога агульнага з патрабаваннямі арт.17 ГПК, дзе замацаваны гарантыі галоснасці судовага разбору і парадак правядзення закрытага судовага пасяджэння. Відавочна, што мэта гэтага ў тым, каб не дапусціць публіку і прэсу да судовага працэсу. Гэта не дазваляе ацаніць абгрунтаванасць прымянення мер спагнання да Ціханоўскага, не дае магчымасці пачуць яго пункт гледжання па дадзеным і іншых пытаннях, а таксама ўбачыць у якім ён стане».

Само судовае пасяджэнне скончылася адмовай у задавальненні скаргі Сяргея Ціханоўскага аб змяшчэнні яго карцэр. Пра гэта паведамляе TUT.BY.


Першага ліпеня ў Гродне над Сяргеем Ціханоўскім прайшло судовае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе, у выніку якога яму прысудзілі 15 сутак арышту. Ціханоўскі ўдзельнічаў у пасяджэнні праз відэасувязь. Убачыўшы блогера, многія адзначылі, што ён "не падобны на сябе".

Сяргей Ціханоўскі абскардзіў рашэнне суда аб арышце. Разгляд гэтай скаргі прайшоў сёння, дзевятага ліпеня, на выязным пасяджэнні суда Ленінскага раёна горада Гродна ў Гродзенскім абласным судзе. У выніку суддзя Уладзімір Яўхута скаргу не задаволіў.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства