Блог Паўла Сапелкі: Самі вы імітацыя

2020 2020-07-08T13:59:36+0300 2020-07-08T13:59:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vybary0291-res.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў сваім блогу "Слова аб праве" ў "Белгазеце" разважае аб утварэнні ўчастковых выбарчых камісій і іх складзе.

У гэтую электаральную кампанію многія зацікавіліся тэмай працы выбарчых камісій і нават кінуліся з камплектамі дакументаў у выканкамы і адміністрацыі раёнаў у пошуках вакантнага месца члена ўчастковай камісіі па выбарах прэзідэнта.

Дакладна, яны не чыталі справаздач назіральнікаў з папярэдніх выбараў. Мабыць, нават не глядзелі карцінкі з гэтых справаздач. Маю на ўвазе справаздачы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" - непартыйнага назірання, праваабаронцаў, якія назіраюць за выбарамі і не звязаныя прыналежнасцю да нейкага кандыдата ці партыі.

З году ў год, дакладней, на кожных выбарах апазіцыйныя партыі і грамадскія аб'яднанні штурмуюць камісіі з вынікам, які павінен быў даўно адвадзіць іх ад працягу спробаў: на мінулых прэзідэнцкіх выбарах - 30 з амаль паўтысячы, на гэтых - шэсць з больш чым паўтысячы. А яшчэ былі парламенцкія выбары, мясцовыя выбары. І так, гэтыя партыі, можа быць, камусьці не падабаюцца, яны ці іх сябры кагосьці раздражняюць, але пра іх большасць хоць нешта ведае і чуе.

А вось так званыя праўладныя партыі атрымліваюць месцы ў камісіях амаль на ўсіх прэтэндэнтаў, хоць хто ведае, чым, напрыклад, займаецца Беларуская аграрная партыя? Скажаце  -праблемамі сельскай гаспадаркі і працаўнікоў палёў? Можа. Толькі з 574 месцаў, атрыманых імі на заяўленых 576 прэтэндэнтаў у выбарчых камісіях, 570 ... у Мінску. Гэта значыць амаль у кожнай з 687 сталічных участковых камісій сярод каменных каробак у асфальтавых джунглях будзе сядзець прадстаўнік Аграрнай партыі.

Дарэчы, ведаеце, колькі гэтая ж партыя вылучыла кандыдатаў у парламент на апошніх выбарах? Ніводнага. Што маем: у камісіях Мінска інтарэсы аграрыяў прадстаўленыя, а "на месцах", у глыбінцы, у парламенце, нарэшце, - не.

Яшчэ ёсць у нас Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя. 544 "спартоўца" з 546 вылучаных - усё ў сталічных камісіях. У парламент вылучылі аднаго кандыдата (кандыдатку, дакладней).

Дык вось, вынайдзены назіральнікамі тэрмін "праходнасць" - суадносіны колькасці вылучаных суб'ектам прадстаўнікоў у камісію і колькасці атрыманых месцаў у камісіях, вельмі ярка адлюстроўвае сутнасць праблемы: апазіцыйныя партыі маюць паказчык на гэтых выбарах 1,1%, а праўладныя - амаль 97%. З такімі ж паказчыкамі прайшлі ў камісіі і прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб'яднанняў тыпу "Белай Русі", БРСМ, арганізацый жанчын і ветэранаў.

Так што дзень, калі маладыя, адукаваныя, амбіцыйныя грамадзяне ("Сумленныя людзі", напрыклад) падлічылі сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковых камісіях і засумавалі - гэта той дзень, калі яны павінны ўпершыню (напэўна) з удзячнасцю ўспомніць тых, хто праходзіць гэты шлях, не згортваючы, зноў і зноў. Без іх "безумства храбрых" мы б і не даведаліся пра тое, што камісіі фармуюцца на самай справе не за сталом на пасяджэнні, а значна раней. У гэтых асуджаных на няўдачу не было нават шанцу, як у аднаго з "сумленных", увесці ў зман выканкам адносна сваіх перакананняў і палітычных сімпатый - іх як аблупленых ведаюць у выканкамах, разам з іх перакананнямі, партыйнасцю, гісторыяй звальненняў і непадаўжэння кантрактаў.

А цяпер раскажыце мне пра роўныя правы ўдзельнічаць у выбарах. Я заўсёды імкнуся падкрэсліць той факт, што выбарчае права - гэта не толькі права прыйсці і апусціць у скрыню запоўнены бюлетэнь, яно значна шырэйшае. Гэта і права ўдзельнічаць у дзейнасці выбарчых органаў.

Пасля гэтага фарсу, які скончыўся фарміраваннем 5723 верных каманд (і яшчэ нейкага іх ліку за мяжой), выступіла Лідзія Ярмошына, і пакрытыкавала тых, хто ўносіў смуту ў працэс, які стаў звыклым нумарам. Яе зразумець можна: выконвае фокуснік 20 гадоў адзін і той жа фокус з трусам, а тут прыходзіць чалавек з камерай і давай здымаць - "успышкамі" палохаць. Так і пераблытаць чаго можна: "сделать хотел утюг, слон получился вдруг". Вось і хвалюецца чалавек, усё беспаспяхова спрабуе (а сама-та чалавек інтэлігентны) дагнаць свайго кіраўніка ў хамстве: нават у зваротах грамадзянаў у ЦВК здаецца ёй "гэтакая імітацыя грамадскага пратэсту альбо грамадскай думкі".

Дык вось (запазычваючы ідэю адной грамадскай актывісткі): самі вы, разам са сваімі камісіямі, імітацыя. Імітацыя выбараў і імітацыя дэмакратыі.

Блог Паўла Сапелкі: Порцыя жаху

Мабыць, на тым тыдні стала ясна, што свабодных выбараў дакладна не будзе, як бы аптымістычна ні настройваліся неспрактыкаваныя выбаршчыкі і кандыдаты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства