Свабода мірных сходаў у 2019 годзе. Праваабаронцы прадставілі даклад Дакумент

2020 2020-07-02T15:54:30+0300 2020-07-02T15:54:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mirny_shod_manitor_be.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Апублікаваны даклад "Маніторынг права на свабоду сходаў у Беларусі ў 2019 годзе", сумесна падрыхтаваны Еўрапейскім цэнтрам некамерцыйнага права ECNL, Праваабарончым цэнтрам "Вясна", Беларускім Хельсінкскім камітэтам і праваабарончай арганізацыяй Human Constanta. 

У дакладзе прыведзены аналіз прававога рэгулявання мірных сходаў у Беларусі; сабраная і прааналізаваная колькасная і якасная статыстыка мірных сходаў, якія прайшлі ў Беларусі ў 2019 годзе; прыведзеныя вынікі вочнага маніторынгу 21 мірнага сходу. Таксама закранутыя пытанні рэалізацыі права на свабоду сходаў дзецьмі, адміністрацыйнага пераследу і асаблівасцяў правядзення мірных сходаў падчас выбарчых кампаній. Згодна з аўтарамі, даклад разлічаны на шырокую зацікаўленую аўдыторыю, у тым ліку прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, адказных за забеспячэнне дадзенага права.

Прававы аналіз сітуацыі са свабодай мірных сходаў у Беларусі

26 студзеня 2019 года ўступілі змены ў Закон "Аб масавых мерапрыемствах", якія, у прыватнасці, прадугледзелі паведамляльны парадак правядзення статычных масавых мерапрыемстваў (пікетаў, мітынгаў, сходаў) у спецыяльна вызначаных мясцовымі органамі ўлады месцах.  

У цэлым, гэтыя змены не прывялі да прагрэсу ў сферы рэалізацыі свабоды мірных сходаў і нават пагоршылі становішча. Гэта звязана з прыняццем урадам пастановы № 49 ад 24.01.2019 г., якая ўстанавіла расцэнкі па аплаце выдаткаў арганізатарамі масавых мерапрыемстваў настолькі вялікімі, што прымушаюць арганізатараў адмаўляцца ад іх правядзення. Напрыклад, у красавіку 2019 года арганізатары не сталі праводзіць у беларускай сталіцы традыцыйнае шэсце "Чарнобыльскі шлях".

Большасць праблемаў у сферы свабоды сходаў засталіся актуальнымі: абмежаванне месцаў правядзення сходаў, вызначэнне пастаяннымі месцамі для правядзення сходаў маланаведвальных пляцовак, ускладанне на арганізатараў аплаты расходаў па ахове грамадскага парадку, медыцынскаму забеспячэнню і ўборцы тэрыторыі, рэгуляванне адзіночных пікетаў нароўні з іншымі масавымі мерапрыемствамі, заканадаўчая нявызначанасць дэфініцый відаў масавых мерапрыемстваў. Застаюцца неўрэгуляванымі спантанныя сходы, забаронена правядзенне адначасовых сходаў (контрдэманстрацый).

Колькасны паказчык мірных сходаў

У 2019 годзе аўтарамі дакладу было зафіксавана 127 мірных сходаў, што з'яўляецца найбольшай колькасцю акцый за апошнія чатыры гады: у 2016 годзе было праведзена 58 акцый, у 2017 годзе –  65, а ў 2018 годзе – 81 акцыя. Сходы 2019 года праводзіліся ў 17 гарадах Беларусі: больш за ўсё акцый прайшло ў Мінску – 51, на другім месцы Брэст – прайшло 43 мерапрыемствы. Прынцыпова новым у статыстыцы, у параўнанні з мінулымі гадамі, стала рэзкае павелічэнне прысутнасці экалагічнай тэматыкі.

berasce-manitoryng-03.jpg
Мірны сход у Брэсце 28 красавіка 2019 года

"На нашу думку, змены ў заканадаўстве па працэдуры правядзення масавых мерапрыемстваў не павысілі грамадзянскую актыўнасць і карыстанне правам на свабоду сходаў. Паводле нашых звестак, у адпаведнасці з новай працэдурай апавяшчэння было праведзена 12 сходаў: 11 у Мінску і адзін у Магілёве. Важна, што 102 з 127 масавых мерапрыемстваў былі арганізаваныя без запыту спецыяльнага дазволу або падачы паведамлення, г. зн. згодна з беларускім заканадаўствам лічацца "несанкцыянаванымі", – адзначаюць аўтары дакладу.

Толькі тры сходы ўключалі больш за 1000 удзельнікаў: сход на Дзень Волі 24 сакавіка – 1300 удзельнікаў у Мінску і 4000 у Гародні, а таксама дэманстрацыя супраць інтэграцыі з Расеяй, якая адбылася 20 снежня ў Мінску і сабрала 1600 удзельнікаў.

Права на свабоду сходаў дзяцей і падлеткаў

Права на свабоду мірных сходаў гарантавана дзецям і падлеткам ва ўзросце да 18 гадоў, у адпаведнасці з Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці. Аднак, інфармаванне аб грамадзянскіх і палітычных правах дзяцей у Беларусі развіта дрэнна. Напрыклад, дзіцячы прававы сайт не ўтрымлівае інфармацыю аб праве на свабоду сходаў або практычных рэкамендацый на гэтую тэму. Акрамя таго, тэкст закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" не з'яўляецца агульнадаступным. Шырока вядомыя два выпадкі, звязаныя з парушэннем права на свабоду сходаў у дачыненні да непаўналетніх - гэта пераслед з боку ўладаў актывістаў Арсенія Дзядка і Іларыёна Трусава.

Рэалізацыя свабоды сходаў у выбарчы перыяд

На працягу двух этапаў выбарчай кампаніі (збор подпісаў за вылучэнне ў кандытаты і агітацыя) праходзяць мірныя сходы. Парадак іх правядзення спрошчаны і не патрабуе аплаты за паслугі міліцыі, медыцынскіх і камунальных службаў. Магчымасці для правядзення мірных сходаў у спрошчаным парадку актыўна выкарыстоўваліся палітычнымі сіламі і грамадзянскімі ініцыятывамі для прасоўвання сваіх інтарэсаў. Многія з арганізатараў публічна заяўлялі, што ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі з мэтай выкарыстання легальных магчымасцяў правядзення мірных сходаў і распаўсюду сваіх ідэй.

Самы шматлікі сход прайшоў 8 лістапада 2019 на пл. Свабоды ў Мінску, у якім ўдзельнічала больш за 500 чалавек. На мерапрыемстве былі адзначаныя сутычкі з міліцыяй і затрыманні ўдзельнікаў і замежных журналістаў.

Адміністрацыйны пераслед за рэалізацыю свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання

За ажыццяўленне права на мірныя сходы, свабоду меркаванняў і іх выказванне на вулічных акцыях у 2019 годзе падвергнутыя адміністрацыйным спагнанням не менш 151 чалавека, зафіксавана не менш 234 выпадкаў рэпрэсій.

Сітуацыя, якая склалася, наглядна дэманструе адсутнасць сістэмных зменаў, як у цэлым з правамі чалавека, так і канкрэтна ў сферы свабоды сходаў. Магчымасці для падаўлення пратэстаў ва ўладаў вельмі шырокія і рэгулярна выкарыстоўваюцца імі пры неабходнасці.   

Маніторынг мірных сходаў

З 2012 года Беларускі Хельсінкскі камітэт і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам #СontrolBY.

наблюдение ЧШ-2018

Маніторынгавыя справаздачы размяшчаюцца ў вольным доступе і ўтрымліваюць апісальную частку ходу мірных сходаў і рэкамендацыі для дзяржаўных органаў і структураў.

За 2019 год быў праведзены маніторынг 21 мірнага сходу. Большая частка з іх прайшла ў Мінску, а таксама два ў Брэсце. У гэты перыяд назіральнікі не сутыкаліся з істотнымі перашкодамі ў маніторынгу, аднак можна адзначыць ігнараванне большай часткі рэкамендацый па выніках назіранняў і адсутнасць эфектыўнага дыялогу паміж праваабаронцамі і прадстаўнікамі дзяржаўнай улады.

У канцы дакладу аўтарамі прыведзеныя рэкамендацыі ўраду Беларусі, органам мясцовай улады, органам аховы правапарадку і міжнароднай супольнасці.

Свабода мірных сходаў у 2019 годзе. Праваабаронцы прадставілі даклад

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства