viasna on patreon

Эксперты ААН патрабуюць спыніць рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў у Беларусі перад выбарамі

2020 2020-07-01T16:10:05+0300 2020-07-01T16:11:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aan1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Эксперты ААН 1 ліпеня запатрабавалі, каб Беларусь устрымалася ад гвалту супраць мірных дэманстрантаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Яны заклікалі ўрад адмовіцца ад палітыкі адвольных арыштаў, гвалту і запалохвання ў дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці.

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі Клеман Вуль, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвід Кайе і Спецыяльны дакладчык па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Дыега Гарсія-Саян заявілі, што толькі з 18 чэрвеня не менш за 200 палітычных актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці былі арыштаваныя падчас мірных дэманстрацый па ўсёй краіне. Пратэсты былі накіраваныя на тое, каб прадэманстраваць салідарнасць з амаль 500 іншымі актывістамі, затрыманымі з пачатку траўня, калі яны рэалізоўвалі сваё права даваць і збіраць подпісы для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты.

"Мы рашуча асуджаем правадзімую палітыку урадам масавых арыштаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія мірна рэалізоўваюць свае правы", - заявілі эксперты.

"Мы рэзка асуджаем палітыку і дзеянні, якія абмяжоўваюць права беларусаў на свабоду мірных сходаў і свабоду меркаванняў і іх выказвання".

Апошнія пратэсты адбыліся пасля арышту 18 чэрвеня галоўнага апазіцыйнага кандыдата краіны Віктара Бабарыка, які знаходзіцца пад следствам паводле абвінавачвання ў фінансавых злачынствах.

Экспертам паведамілі, што невядомыя людзі ў цывільным пачалі адвольна арыштоўваць журналістаў і мінакоў у некалькіх гарадах Беларусі, у той час як супрацоўнікі спецыяльнага падраздзялення міліцыі па барацьбе з беспарадкамі ўжывалі празмерную сілу супраць мірных дэманстрантаў. Многія з затрыманых былі збітыя, запалоханыя, з імі жорстка абыходзіліся, альбо яны былі аштрафаваныя ці падвергнутыя адміністрацыйнаму арышту тэрмінам да 15 дзён па абвінавачванні ў парушэнні працэдуры правядзення масавых мерапрыемстваў.

"Мы занепакоеныя тым, што падыход урада да мірных пратэстоўцаў і журналістаў, якія спрабуюць выканаць сваю працу, становіцца ўсё больш гвалтоўным і абразлівым. Мы хацелі б зноў паўтарыць, што абмежаванні правоў чалавека, і асабліва грамадзянскіх і палітычных правоў, асабліва сур'ёзныя, калі гэта здзяйсняецца напярэдадні выбараў", - сказалі эксперты.

"Напярэдадні выбарчай кампаніі мы заклікаем урад неадкладна спыніць пераслед мірных дэманстрантаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, уключаючы журналістаў і блогераў".

"Плюралістычнае асяроддзе, у якім усе людзі могуць бяспечна і свабодна ажыццяўляць як сваё права шукаць і распаўсюджваць інфармацыю, так і правы на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый неабходнае для забеспячэння цэласнасці бягучага выбарчага працэсу і легітымнасці яго выніку", - заявілі эксперты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства