Траўма галавы, ноч пад дажджом. Разам з юрыстам разбіраемся, як паводзіць сябе затрыманым

2020 2020-06-23T16:15:10+0300 2020-06-23T16:16:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sapelko-1000-04.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падчас пікетаў салідарнасьці па ўсёй Беларусі былі затрыманыя дзясяткі чалавек. Некаторыя расказваюць пра жорсткае абыходжаньне і збіццё. Радые Свабода зрабіла разбор дзвюх гісторыі затрымання разам з праваабаронцам «Вясны» Паўлам Сапелкам.

«Былі на адрэналіне, быццам з бою»

Допіс пра затрыманьне 19 чэрвеня Андрэя Лелікава ў фэйсбуку прачыталі ўжо некалькі тысяч чалавек, а камэнтароў пакінулі больш за 500.

lelikau_andrej.jpg
Андрэй Лелікаў. Фота з сацыяльных сетак

Андрэя затрымлівалі на праспэкце Незалежнасьці — за ЦУМам. З двума сябрамі мужчына ішоў па праспэкце ад парку Чалюскінцаў у бок плошчы Якуба Коласа. За вуліцай Петруся Броўкі ўбачыў наперадзе фалянгу амапаўцаў у чорных масках, ад якіх ва ўсе бакі ўцякалі мінакі. Яны зь сябрамі таксама разьвярнуліся і пабеглі. Сябры ўцяклі, а Андрэю не пашанцавала: затрымаўся на пераходзе.

«У гэты момант мяне і яшчэ некалькі чалавек схапілі пад рукі, з крыкамі паклалі на асфальт і пацягнулі ў бок аўтобуса, які якраз пад’яжджаў. Без тлумачэньняў, без папярэджаньня мяне закінулі ў аўтобус, размахваючы над галавой палкай. Азьвярэлыя, разьюшаныя супрацоўнікі „праваахоўных органаў“. Раптам узьнікла ілюзія, што яны на допінгу ці на амфэтамінах, на адрэналіне, як толькі з бою. Быццам бралі збройнага барона ці сэрыйнага забойцу. Зь мяне сарвалі заплечнік, забралі тэлефон, разам зь іншымі паставілі на калені ў праходзе аўтобуса. Усё гэта суправаджалася злоснымі крыкамі з мацюкамі. „Галаву ўніз, б...! Глядзець у падлогу! Толькі варухніся, я табе, с..., башку зьнясу. Рукі на патыліцу ў замок“. Нас пакавалі хвілін 15–20. Каго — ня ведаю. Рэальна жахліва. Немагчыма падняць вочы», — апісаў свае ўражаньні 36-гадовы Андрэй Лелікаў.

Яго завезьлі ў Заводзкі РУУС. Там, як ён кажа, зьдзекі і запалохваньні працягваліся.

«Да 4-й раніцы нас трымалі ў дворыку райаддзелу, было холадна, пачаўся дождж, і толькі тады нас па 5 чалавек пад аховай адвялі ў актавую залю складаць пратаколы аб удзеле ў масавай акцыі. Я пратакол падпісаў, але з агаворкай, што нязгодны», — кажа Андрэй Лелікаў.

Ён адназначна мае намер напісаць скаргу на дзеяньні міліцыі і дзеля гэтага будзе кансультавацца ў праваабарончым цэнтры «Вясна».

«Утварылася сьцяна плачу»

Наладчык зь Менску Павал Стэльмах пасьля затрыманьня 19 чэрвеня трапіў у шпіталь хуткай дапамогі.

stelmah_pavel.jpg
Павал Стэльмах. Фота Радыё Свабода

«Мы зь сябрамі адзначалі мой дзень народзінаў. Бачым, што па праспэкце езьдзяць аўтазакі, групы людзей ходзяць. Але мы не надалі асаблівага значэньня. Але як дайшлі да скрыжаваньня насупраць цырку, дык да тратуару пад’яжджае бусік, і ўсіх, хто быў побач, пачынаюць «пакаваць». Нас таксама. Спачатку на нас накінуліся людзі ў цывільным. Я быў супраць — «За што?» — але адразу атрымаў у нос і паваліўся, а тады наляцелі чалавек пяць у форме і масках ды пачалі біць нагамі. Потым у бусік кінулі і ўжо там надзелі кайданкі, майку парвалі. Там ужо сядзелі міліцыянты ў форме. Двух маіх сяброў таксама забралі, але ў іншы бус. Прывезьлі нас у Савецкі РУУС і выстраілі да сьцяны тварам, усяго было чалавек 15. Гэтак прастаялі да 3 гадзіны ночы. Яшчэ міліцыянты жартавалі, што вось ужо „цэлая сьцяна плачу ўтварылася“», — згадвае Павал Стэльмах.

У Паўла балела траўмаваная ад удару па твары губа. Хуткую выклікалі толькі празь некалькі гадзін. Лекары агледзелі Паўла і сказалі, што яго трэба везьці ў шпіталь, але міліцыянты адпусьцілі толькі праз гадзіну, калі склалі пратакол за ўдзел у «несанкцыянаванай масавай акцыі». Падпісваць пратакол Павал Стэльмах адмовіўся.

«Што гэта такое? Атрымліваецца, я па сваім горадзе, у вольнай Беларусі не магу прайсьці пагуляць па цэнтры? Яшчэ паўтара месяца да выбараў, а яны ўжо такое ўчынілі!» — абураецца Павал Стэльмах дзеяньнямі праваахоўнікаў.

Ён перакананы, што гэта адбываецца на загад Аляксандра Лукашэнкі.

«Ясна, што стары апошнімі зубамі трымаецца за ўладу, баіцца. Ад каго ён сабраўся абараняць Беларусь? Ад звычайных людзей?»

Павал яшчэ ня вырашыў, ці будзе падаваць скаргу на дзеяньні міліцыянтаў.

«Хапун» недапушчальны паводле нормаў АБСЭ

З праваабаронцам «Вясны» Паўлам Сапелкам па пунктах разьбіраем сытуацыю з затрыманьнямі 19 чэрвеня на менскіх вуліцах.

Павал Сапелка
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка

Як дзейнічаць ва ўмовах, калі набліжаецца група праваахоўнікаў? Уцякаць — ці спыніцца, як зрабіў Андрэй Лелікаў, спадзеючыся, што калі ён ні ў чым не вінаваты, дык яго і не затрымаюць?

Павал Сапелка адзначае, што затрыманьне падчас незаконнага «хапуну» — справа выпадку.

«Верагодна, мог уцячы ўбок, але і там маглі схапіць. Якраз па такім прынцыпе: калі ўцякаеш, значыць, вінаваты. І такія выпадкі мы ўжо зафіксавалі ў падзеях 19 чэрвеня. Відавочна, што Андрэй трапіў пад „хапун“, падчас якога ахвярамі становяцца як былыя ўдзельнікі акцыі, гэтак і выпадковыя людзі. Таму мы і кажам, што падобныя „хапуны“ — недапушчальныя цалкам, затрыманьні магчымыя толькі адносна тых, хто насамрэч парушае грамадзкі парадак», — мяркуе Павал Сапелка.

Як праваабаронца ацэньвае дзеяньні праваахоўнікаў, якія паставілі затрыманых на калені і пагражалі ім дубінкамі?

«Спрачацца ў такіх умовах бессэнсоўна, а што да праваахоўнікаў, відавочна, што яны парушаюць правы затрыманых. Гэта завецца незаконным жорсткім абыходжаньнем, бо чалавек не ўчыніў злачынства, ён не ўяўляе небясьпекі. Няма ніякіх падстаў лічыць, што ён мае намер уцячы ці ўчыніць злачынства. Усе захады адносна затрыманых, пра якія расказаў Андрэй, непрапарцыйныя і таму забароненыя», — мяркуе Павал Сапелка.

У Заводзкім райаддзеле затрыманага Лелікава прымусілі падпісаць пратакол, хоць і дазволілі зрабіць агаворку, што ён з затрыманьнем нязгодны. Ці можна адмовіцца падпісваць пратакол?

«Мы заўсёды кажам, што затрыманы мае права, падпісаўшыся пад радком пра азнаямленьне з пратаколам, выказаць і сваё стаўленьне да яго. Можна напісаць: „Ня згодны“, але лепш даць шырокае тлумачэньне, у чым дакладна ня згодны. Вядома, можна ўвогуле ня ставіць ніякага подпісу, гэта ня дрэнна, але і ня добра, ніяк. Мы рэкамэндуем абавязкова выказаць пэўнае стаўленьне да пратаколу», — кажа Павал Сапелка.

Праваабаронца раіць да кожнага дзеяньня праваахоўнікаў, пазначанага ў пратаколе, пазначаць сваё стаўленьне. Прыкладам, калі не азнаёмілі з правамі затрыманага, гэтак і пазначыць: «З маімі правамі мяне не азнаёмілі».

Затрыманых увечары 19 чэрвеня з 22 вечара да 4 ночы трымалі ў дворыку РУУС. Ці законна гэта?

Павал Сапелка назваў гэты факт надзвычай грубым парушэньнем адміністрацыйна-працэсуальнага кодэксу.

«Гэта адназначна парушэньне. Павінны былі трымаць у месцах, адмыслова прызначаных для затрыманых: у памяшканьні РУУС, альбо праз 3 гадзіны ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Закон забараняе ўтрымліваць людзей ва ўмовах, якія прыніжаюць годнасьць і пагражаюць здароўю. Утрыманьне пад дажджом ноччу на халодным паветры — якраз такія ўмовы, якія забароненыя», — мяркуе Павал Сапелка.

Ці мелі міліцыянты права праводзіць затрыманьні не ў міліцэйскай форме, а ў цывільным?

Праваабаронца заўважыў, што закон не забараняе міліцыянтам на працы быць у цывільным, але пры падтрыманьні парадку падчас масавага мерапрыемства на вуліцы трэба выконваць абавязковае правіла: міліцыянт павінен выглядаць гэтак, каб быць пазнавальным і адрозным ад іншых грамадзянаў.

«У такіх выпадках праваабаронцы рэкамэндуюць праваахоўнікам быць толькі ў форме. Інакш як грамадзянін зразумее, хто да яго зьвяртаецца і на якой падставе выстаўляе патрабаваньні аб абмежаваньні яго права? Можа, гэта напад хуліганаў ці што іншае, як чалавеку разабрацца?» — лічыць Павал Сапелка.

Павал Сапелка нязгодны з думкай, што міліцыянты працуюць у цывільным на масавых акцыях нібыта дзеля таго, каб «формай не палохаць звычайных мінакоў».

«Гэта адгаворка. Людзі палохаюцца ня формы міліцыянтаў, а незаконных дзеяньняў зь іх боку. Вось калі рыхтуецца затрыманьне падазронага ў злачынстве, тады ў апэратыўных мэтах цывільная вопратка дапушчальная», — мяркуе праваабаронца «Вясны».

Якія праваахоўныя захады дапушчальныя адносна парушальнікаў парадку падчас мірных вулічных акцый?

Павал Сапелка параіў міліцыянтам вывучыць рэкамэндацыі АБСЭ аб дзеяньнях праваахоўнікаў на мірных акцыях, дзе адзначана, што трэба аддзяляць рэальных парушальнікаў ад астатніх грамадзян.

«У дакумэнце АБСЭ вядзецца пра „сэпараваньне“ парушальнікаў парадку, каб даць магчымасьць іншым спакойна і мірна выказваць сваю думку. А парушальнікаў потым магчыма паддаць законным санкцыям, прычым зь безумоўным захоўваньнем іх правоў. Нельга абыходзіцца зь імі жорстка, прыніжальна і бесчалавечна толькі на той падставе, што яны самі зрабілі правапарушэньне», — мяркуе праваабаронца «Вясны».

«Выбары ўжо не адпавядаюць міжнародным стандартам»

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка зазначыў, што выбарчыя пікеты 19 чэрвеня нельга было кваліфікаваць як несанкцыянаваныя вулічныя акцыі, бо Выбарчы кодэкс не тлумачыць такога паняцьця, як пікет, але прадугледжвае збор подпісаў празь пікеты падчас выбарчай кампаніі.

«Такім чынам, мы зьвяртаемся да Закону аб масавых мерапрыемствах, у якім прадугледжаныя пікеты ў межах дазволеных палітычных акцый. Гэта былі цалкам законныя пікеты, і людзі, якія станавіліся ў чэргі ці ў ланцуг, нічога не парушалі. А тое, што людзі вымушаныя шукаць іншыя мірныя формы для выражэньня меркаваньняў, у тым ліку для пратэсту, такія, як стаяньне ў ланцугу ці аплядысмэнты, — гэта ганьба для ўладаў. Да выбараў яшчэ больш за паўтара месяца, а мы ўжо мусім прызнаць, што выбарчая кампанія не адпавядае міжнародным стандартам», — лічыць Павал Сапелка.

У прэсавай службе Менскай гарадзкой міліцыі атрымаць камэнтар наконт дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі Заводзкага РУУС 22 чэрвеня не ўдалося.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства