Справаздача па маніторынгу мірнага сходу 19 чэрвеня ў Мінску

2020 2020-06-22T17:48:05+0300 2020-06-22T17:48:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/naziranne_minsk_19.06_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 чэрвеня у Мінску адбыўся мірны сход у форме "жывога ланцугу", прысвечанага салідарнасці з рэпрэсаванымі, а таксама пікеты па зборы подпісаў побач з Беларускай Дзяржаўнай Філармоніяй.

Высновы:

  1. Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" згодна з Кіруючымі прынцыпамі па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асобаў.
  2. На працягу міранага сходу не было магчымасці ідэнтыфікаваць частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў праз тое, што яны былі ў цывільным адзенні і без ідэнтыфікацыйных знакаў. Усе супрацоўнікі міліцыі апранаюць маскі, што з’яўляецца станоўчай практыкай падчас пандэміі каранавірусу, аднак, павялічвае немагчымасць іх ідэнтыфікацыі.
  3. Зафіксаваны шматлікія (больш за 200 па ўсей краіне) жорсткія затрыманні ўдзельнікаў/-ніц у мірным сходзе, а таксама журналістаў/-ак.
  4. Назіральнікі/-цы не здолелі правесці поўны вочны маніторынг у сувязі з пагрозай затрыманняў з боку праваахоўных органаў.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/-цамі і журналістамі/-камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў.

Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/-ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам #СontrolBY.

Папярэдняя інфармацыя

19 чэрвеня - апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кадыдатаў у прэзідэнты. Згодна з Выбарчым кодэксам збор подпісаў можа адбывацца ў форме пікетавання. Пры гэтым падчас сбору подпісаў забароненыя агітацыя і распаўсюд любых матэрыялаў, дапушчальны толькі распаўсюд інфармацыі пра біяграфію кандыдата. Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі былі вызначаныя месцы, дзе забаронена ладзіць пікетаванні дзеля сбору подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кадыдатаў у прэзідэнты. Да таго, важна адзначыць, што пікеты такога кшталту не патрабуюць ніякага ўзгаднення з уладамі і аплаты за паслугі міліцыі, камунальных і медыцынскіх службаў. 

19 чэрвеня ў Мінску побач з Беларускай Дзяржаўнай Філармоніяй адбываўся сбор подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь наступных прэтэндэнтаў Мікалая Казлова і Вольгі Кавальковай. Апроч таго, ў сацыяльных сетках распаўсюджвалі заклік да удзелу ў працягу акцыі 18 чэрвеня “Ланцуг: стоп рэпрэсіі!” ад Філармоніі да праспекта Незалежнасці. Акцыі з’яўляюцца адказам на рэпрэсіі ў дачыннні да актывістаў і палітыкаў, у тым ліку на затрыманне Віктара Бабарыка 18 чэрвеня 2020.

Агулам, выбарчая кампанія адбываецца ў атмасферы страху, запалохвання выбаршчыкаў і ціску на актывістаў ініцыятыўных групаў. Затрыманы ў межах крымінальнай справы кіраўнік адной з ініцыятыўніх групаў Сяргей Ціханоўскі і некалькі яго прыхільнікаў, вылучэнец у кадыдаты на пасаду прэзідэнта Віктар Бабабрыка і кіраўнік яго штаба Эдуард Бабарыка.

Падчас сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадзянскі кантроль сем назіральнікаў/-ніц, якія прайшлі навучанне і былі адпаведна пазначаны.

Ход мірнага сходу

Назіральнікі/-цы праводзілі маніторынг выбарчага пікета з 17:50 да 19:40. На працягу назірання адзначаныя наступныя факты:

  1. Пачатак пікетаў па сборы подпісаў быў анансаваны на 18:00. У 17:55 на скрыжаванні праспекта Машэрава і праспекта Незалежнасці зафіксаваны два супрацоўнікі ДАІ. Да таго, адзін супрацоўнік ДАІ знаходзіўся на праспекце Незалежнасці паміж станцыямі метро Плошча Перамогі і Плошча Якуба Коласа.
  2. У 18:05 на плошчы побач з Філармоніяй быў распачаты пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам ў прэзідэнты М. Казлова. Па перыметры пляцоўкі, дзе адбываўся пікет па зборы подпісаў, былі зафіксаваныя чатыры супрацоўнікі ДАІ, адзін з якіх рэгуляваў рух.
  3. У 18:15 з людзей пачаў фарміравацца ланцуг ад Філармоніі, у якім знаходзілася не менш за 50 чалавек, на пікеце таксама прысутнічала не менш за 50 удзельнікаў. Напрыканцы ланцугу прысутнічала пяць супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным адзенні. У гэты ж час на плошчы побач з Філармоніяй з’явіўся пікет па зборы подпісаў В. Кавальковай.

  4. У 18:30 у ланцугу налічвалася не менш за 100 удзельнікаў. Побач з пікетамі па сборы подпісаў зафіксаваны адзін мікрааўтобус, два аўтобусы і восем супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным адзенні. У 18:40 удзельнікаў ланцугу - не менш за 200 чалавек. Было зафіксавана, што 10 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным адзенні прайшлі ў арку двара па адрасе Незалежнасці, 48, у руках у некаторых з іх былі рацыі. Агулам, па перыметры пікета па зборы подпісаў і ланцугу на дадзенны прамежак часу знаходзілася не менш за 30 супрацоўнікаў у цывільным. У руках удзельнікаў ланцугу былі тапкі, якімі яны пляскалі.

  5. У 18:50 у ланцугу налічвалася не менш за 350 удзельнікаў. Ланцуг працягнуўся да трамвайных шляхоў на скрыжаванні праспекта Машэрава і праспекта Незалежнасці. Зафіксавана чатыры мікрааўтобусы побач з будынкам рэдакцыі газеты “Вечерний Минск” і два аўтобуса. Уздоўж ланцугу рухаўся супрацоўнік міліцыі ў сіняй камізэльцы (прадстаўнік інфармацыйнай службы) і чатыры супрацоўнікі міліцыі ў цывільнай форме. Супрацоўнік інфармацыйнай службы з дапамогай гучнагаварыцеля інфармаваў грамадзянаў аб тым, што мерапрыемства з’яўляецца несанкцыянаваным.

  6. 19:00 ланцуг з людзей дасягнуў крамы “Акіян”, зафіксавана 450 удзельнікаў. У 19:10 з пяці аўтобусаў з’явілася група супрацоўнікаў АМАП у форме, група пачала рухацца ў бок Філармоніі і адсоўвала да яе ўдзельнікаў сходу. У ланцугу ўжо знаходзілася каля 500 чалавек.

  7. У 19:20 у ланцугу зафіксана 560 чалавек, ён расцягнуўся да плошчы Перамогі. Супрацоўнік ДАІ спыніў аўтамабіль, які сігналіў ля стэлы на плошчы Перамогі, і выпісаў кіроўцу штраф.
  8. У 19:40 побач з пікетамі па сборы подпісаў з’явіліся тры аўтазакі. Побач з Філармоніяй супрацоўнікі міліцыі пачынаюць затрымліваць удзельнікаў. Назіранне было спыненае у 19:40, назіральнікі/-цы сыйшлі з месца мірнага сходу ў сувязі з пагрозай затрымання і гвалту з боку праваахоўных органаў. Далейшы маніторынг абываўся праз вывучэнне публікацый ў СМІ і паведамленняў у сацыяльных сетках.
  9. Па інфармацыі СМІ затрымана больш за 120 чалавек, люді стваралі ланцугі ў розных частках Мінску да 00:00 гадзін. Апублікаваная інфармацыя аб ужыванні гвалту з боку праваахоўных органаў, некаторыя з пацярпелых былі вымушаныя звярнуцца ў медыцынскія ўстановы.

  10. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі наступных СМІ: Радыё Свабода, TUT.BY, БелаПАН, Еўрарадыё, Белсат, Наша Ніва і іншыя.
  11. Выкарыстоўвалася сімволіка: чатыры бел-чырвона-белыя сцягі, тры сцягі АГП, адзін сцяг БХД, адзін руху "За Свабоду", адзін маленкі бел-чырвона-белы сцяжок, тапкі.

  12. Плакаты, лістоўкі і атрыбутыка: на пікетах распаўсюджвалі газету “Рабочая Салідарнасць” - інфармацыйны выпуск Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і іншых галінаў грамадскай гаспадаркі; маска “Краіна для жыцця”, кепка з выявай герба “Пагоня”. Два інфармацыйныя стэнды М. Казлова, інфармацыйны стэнд В. Кавальковай. Партрэт С. Ціханоўскага замацаваны на ровары аднаго з удзельнікаў. 
  13. Лозунгі: "Жыве Беларусь", “Ганьба”, “Выпускай”, “Фашысты”, “Свободу”.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам/-цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас пікетаў па зборы подпісаў у форме, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі) для папярэджання канфліктных сітуацый з-за памылковага ўспрыняцца удзельнікамі мірных сходаў міліцыянтаў ў цывыльным адзенні як агрессіўных грамадзянаў і, як вынік, выкарыстання супраць іх з боку удзельнікаў сходу законных захадаў самаабароны;

  • прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі/-цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/-цамі пікету па зборы подпісаў, людзей;

  • не перакрываць доступ людзей і машын да месцаў правядзення мірных сходаў;

  • аддзяляць ўдзельнікаў мірных сходаў ад мінакоў;
  • не ўжываць гвалт у дачыненні да людзей.

Генеральнай пракуратуры:

  • правесці праверку выканання супрацоўнікамі міліцыі заканадаўства і межнародных абавязальніцтваў Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека пры забяспячэнні парадку на мірных сходах, у тым ліку па наяўнасці формы, па прымяненні фізічнай сілы да ўдзельнікаў мірных сходаў;
  • прыняць адпаведныя захады пракурорскага рэагавання па фактах выкарыстання супрацоўнікамі міліцыі, у тым ліку ў цывільнай форме адзення, гвалту і жорсткасці да удзельнікаў мірных сходаў.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў заканадаўстве з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Органам судовай улады:

  • не прыцягваць да адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у пікетах па сборы подпісаў, праз тое, што гэта з’яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства і адвольным абмежаваннем права на мірныя сходы, прадугледжанага міжнароднымі абавязальніцтвамі Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства