Затрыманых у Ганцавічах журналістаў асудзілі: Пазняку - 30 базавых, Багрову - 15 сутак Фота Відэа Дапоўнена

2020 2020-06-22T19:49:00+0300 2020-06-22T21:23:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gancevichy_sud.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Група падтрымкі каля Ганцавічскага суда. Фота з сайта БАЖ

Група падтрымкі каля Ганцавічскага суда. Фота з сайта БАЖ

Як паведамляе БАЖ, у панядзелак у Ганцавічах (Брэсцкая вобласць) пачынаюцца суды над журналістамі выдання "Ганцавіцкі час" Аляксандрам Пазняком і Сяргеем Багровым. У суботу падчас асвятлення акцыі ў горадзе іх затрымала міліцыя, збіла, а пазней абвінаваціла ў непадпарадкаванні супрацоўнікам.

Увечары ў суботу і ўвесь дзень нядзелі галоўны рэдактар выдання Пётр Гузаеўскі прыкладаў намаганні да вызвалення калегаў, але міліцыя адмовілася гэта зрабіць.

Сёння пачынаюцца суды над журналістамі. Калегаў абвінавачваюць у непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП).

ГА "БАЖ" лічыць гэтыя абвінавачванні незаконнымі, паколькі міліцыя не мела права затрымліваць журналістаў, якія не парушалі закон, выконвалі сваю працу — вялі трансляцыю.

У Ганцавічах з самага ранку збіраюцца людзі, якія прыйшлі назіраць за судамі над затрыманымі журналістамі і ўдзельнікамі акцыі пратэсту.

10:00. У Ганцавічы прыбылі намеснік старшыні ГА "БАЖ" Алег Агееў, а таксама адвакаты журналістаў Таццяна Лішанкова і Вераніка Якаўлева. У міліцыі ім не далі азнаёміцца са справамі карэспандэнтаў. Адвакаты накіраваліся ў суд.

10:30. Адвакатам паведамілі, што журналістаў павезлі судзіць у Баранавічы. Незразумела чаму, іх справы будзе разглядаць суд Баранавіцкага раёна. Адвакаты едуць туды. Гэта 78 кіламетраў.

12:30. Журналіста Сяргея Багрова абвінавачваюць паводле двух артыкулаў КаАП - 23.34 (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы). 

Ён разам з адвакатам знаёміцца з матэрыяламі справы.

Аляксандр Пазняк таксама абмяркоўвае стратэгію абароны ў судовым працэсе з адвакатам.

У журналіста Аляксандра Пазняка сіняк пад вокам, паведамляе "Першы рэгіён". Ён распавёў, што падчас затрыманьня міліцыянты яго збілі.

13:00. У судзе аб'яўлены перапынак. Усіх затрыманых адвялі ў аўтазак. Працяг судовых паседжаннеў працягнецца з 14 гадзінаў. 

"Мы адсочваем усе працэсы ў дачыненні да журналістаў. Выпадак у Ганцавічах выбіваецца з агульнай масы рэпрэсій, якія ўзмацніліся ў дачыненні да журналістаў.

Затрыманне падчас выканання службовых абавязкаў, збіццё журналістаў, пашкоджанне тэхнікі (апошняе пакуль не пацверджана, мы чакаем пачатку працэсу, каб з гэтым разабрацца). Усё гэта абуральныя факты, гэта недапушчальна.

Журналіст мае права знаходзіцца ў месцах масавых мерапрыемстваў, весці адтуль прамы рэпартаж. І вось такое брутальнае затрыманне, спроба не даць журналісту выканаць сваю працу і людзям даведацца пра тое, што рэальна адбываецца – гэта недапушчальна. Мы будзем дамагацца вызвалення журналістаў і іх апраўдання, таму што яны не парушалі закон", – пракаментаваў сітуацыю "Першаму рэгіёну" намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.

14:30. У суд у Баранавічы прыбыў і начальнік Ганцавіцкага РАУС Віталь Куляшоў. Менавіта ён кіраваў затрыманнем удзельнікаў і журналістаў 20 чэрвеня.

14:50. На Аляксандра Пазнякова таксама складзеныя пратаколы па двух артыкулах - 23.34 і 23.4 КаАП. На пачатку працэсу адвакат хадайнічала аб аб'яднанні справы Багрова і Пазняка. Суддзя Кацярына Груда абвясціла перапынак, пасля якога адхіліла хадайніцтва. 

pozniak_sud3.jpeg
Журналіст Аляксандр Пазняк у судзе. Фота з сайта 1reg.by

15:30. Ідзе апытанне Аляксандра Пазняка, піша "Першы рэгіён". Ён распавёў аб тым, што як журналіст быў абавязаны асвятляць сітуацыю ў горадзе:

"Усё адлюстравана ў відэаматэрыялах, якія мы з калегам здымалі", - сказаў журналіст.

Суддзя спытала, якое мерапрыемства было ў горадзе. Аляксандр сказаў, што даведаўся праз вайбер-чат, што людзі будуць збірацца. Суддзя яшчэ раз спытала, якое было мерапрыемства.

suddzia_gruda_sud.jpg
Суддзя Кацярына Груда

"У суботу ўвечары людзі хацелі папіць гарбаты і проста адпачыць, і пагутарыць. Мы здымалі пагодныя ўмовы, нам перадавалі прывітанне з розных гарадоў свету".

Суддзя спытала, ці былі супрацоўнікі міліцыі. Аляксандр патлумачыў, што іх не было на працягу паўтары гадзінаў.

Суддзя: Супрацоўнікі міліцыі да вас падыходзілі, калі вы здымалі падзеі?

Пазьняк: Яны падышлі пасля двух гадзінаў здымкі, калі пачаліся затрыманні. Міліцыянты падзялілі людзей на два лагеры, частка налева, частка направа. Мы падчас стрыму не казалі пра палітычныя пытанні. З боку міліцыі іх было некалькі, адзін закрываў спіной камеру, а другі схапіў мяне за руку. У далейшым перашкоды не было. Начальнік міліцыі крычаў - прэса ў бок. Міліцыянты не рухаліся па адным і па двое, а групамі па 4-5 чалавек. Забароны здымкі не было, мы перамяшчаліся і ў тым ліку бегам, каб паспець асвятліць падзеі.

Суддзя: Вы не прызнаеце пратакол?

Пазняк: Не прызнаю, ёсць закон аб СМІ, па якім супрацоўнікі СМІ маюць законную магчымасць асвятляць любыя падзеі.

Суддзя: Па другім пратаколе вы аказалі супраціў міліцыянту Ганцавіцкага РАУС Ленкаўцу.

Пазняк: Я такога супрацоўніка не ведаю. Мы праводзілі здымку, у мяне быў у руках мікрафон і я быў наперадзе Сяргея Багрова, і ў наш бок рухаліся неколько супрацоўнікаў міліцыі, не скажу як завуць, таму што не ведаю. Мы заканчвалі стрым і збіраліся сыходзіць, таму што практычна не было людзей, і ў гэты час я зразумеў, што міліцыянты на чале з начальнікам Куляшовым ішлі ў наш бок. Ён паказаў на нас пальцам і сказаў ўзяць. Міліцыянты павалілі мяне на зямлю, прыціснулі каленам, пачалі біць з некалькіх бакоў адначасова.

Ніякія супрацоўнікі да нас не падыходзілі, адзіны, хто крычаў і даваў каманды – начальнік РАУС.

Судзьдзя: Вам аб'яўлялі за што затрыманыя?

Пазьняк: Не.

Суддзя: Вы хапалі за абмундзіраванне?

Пазняк: Не, у мяне былі кайданкі.

Адвакат: Для чаго быў стрым?

Пазняк: Мы вялі стрым ў сацсетках, у нас такая практыка.

Адвакат: 20 чэрвеня вы рабілі нейкія выказванні?

Пазняк: Не, і не чуў ад іншых.

Адвакат: Размахвалі сцягам, сімволікай, іншымі рэчамі?

Пазняк: Не.

Адвакат: Вы выказвалі сваю ацэнку падзеям у краіне?

Пазьняк: Не, мы казалі аб надвор'і, аб тым, што людзі стаяць, адказвалі на каментары некаторых людзей у чатах.

Адвакат: Пасля таго, як вас затрымалі, вас адвезлі ў РАУС?

Пазняк: Мяне адвезлі на службовым аўтамабілі, і да 3-4 гадзін раніцы я быў у вестыбюлі з жанчынамі затрыманымі, і стаяў на нагах да 4 раніцы. Затым нас змясцілі ў пакой і прыставілі міліцыянта, калі хтосьці хадзіў па калідоры, міліцыянт зачыняў дзверы.

Адвакат: Бачылі пратакол затрымання і адміністрацыйнага правапарушэння?

Пазняк: Не, учора ў праём дзверэй мне прасунулі пусты бланк і сказалі распішыся. Я сказаў, што не буду падпісваць без абаронцы.

Адвакат: Вас апытвалі?

Пазняк: Не.

Адвакат: Давалі магчымасць нешта купіць: вады, паесці?

Пазняк: Так, у нядзелю.

Адвакат: Калі вы ўбачылі пратакол?

Пазьняк: Сёння ў судзе.

Адвакат: Вы бачылі надпіс алоўкам "жур ганц час"?

Пазняк: Не, не ведаю, хто напісаў.

Адвакат: У пратаколе напісана, што ў вас сярэдняя адукацыя...

Пазняк: Не ведаю чаму.

У другім пратаколе па сутнасці тое ж памылкі - не працуе і сярэдняя адукацыя.

15:40. Апытваюць сведку - галоўнага рэдактара "Ганцавіцкага часу" Пятра Гузаеўскага. Ён кажа, што даў заданне журналістам паказаць вячэрні горад, сказаў, каб яны дзейнічалі ў рамках закона аб СМІ. Таксама ён стэлефаноўваўся з Аляксандрам Пазняком, абмеркаваў тое, што адбываецца ў цэнтры горада і задачы журналіста. Аб тым, што Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк затрыманыя, рэдактар "Ганцавіцкага часу" даведаўся толькі ў 21.00 вечара. Пётр Гузаеўскі адзначыў, што стрым вёўся для сацсетак выдання, ягоны запіс ёсць на дыску. 

Адвакат заявіла хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы пасведчання аб рэгістрацыі выдання, іншыя дакументы, якія пацвярджаюць, што Аляксандр Пазняк прыняты на працу і дыск з запісам стрыму. Хадайніцтва задаволенае.

16:05. У судзе выступаюць сведкі з боку абароны Яўген Кандрашоў і Максім Амельяновіч. Абодва яны бачылі момант затрымання журналістаў. Сведкі распавялі, што спачатку міліцыянты папрасілі Аляксандра Пазняка і Сяргея Багрова адысці далей, што журналісты і зрабілі. Але пасля гэтага да іх зноў падышлі супрацоўнікі міліцыі і сталі затрымліваць. 

16:35. Сведкам выступае начальнік Ганцавіцкага РАУС Віталь Куляшоў. Ён сказаў, што Аляксандра Пазняка раней не ведаў. Заявіў хадайніцтва аб далучэнні да справы дыска, на якім, паводле яго слоў, маюцца сведчанні аб тым, што праходзіла масавае мерапрыемства і копіі адміністрацыйных пратаколаў на людзей, якія склікалі на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, і скрыншоты з вайбер-чата на дыску. Адвакату і Аляксандру Пазняку далі час на азнаямленне з гэтымі матэрыяламі.

Па матэрыялах сведкі Пазняк заяўляе наступнае: "У вайбер-чатах, якія далучаныя да справы, не знаходжуся".

Адвакат: "Начальнік органа, які вядзе працэс, не можа быць апытаны ў якасці сведкі".

17:00. Выступае сведка - намеснік начальніка Ганцавіцкага РАУС па ідэалагічнай працы Максім Лук'янчык. Ён сцвярджае, што Аляксандр Пазняк прымаў удзел у масавым мерапрыемстве, праводзіў здымкі і даваў асабістыя каментары таму, што адбывалася. Акрамя таго, па версіі сведкі, журналісты ўмешваліся ў дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Пазняк, па яго словах, увесь час імкнуўся ў гушчар падзеяў, хаця начальнік РАУС казаў адыйсці далей. Так як журналіст перашкаджаў міліцыянерам весці затрыманні, аказаў непадпарадкаванне, ён сам быў кінуты на зямлю, да яго прымянілі сілу і спецсродкі. 

17:40. Зноў сведчыць начальнік РАУС Віталь Куляшоў. Ён сцвярджае, што Аляксандр Пазняк прымаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і перашкаджаў працы міліцыі. Журналіст не рэагаваў на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі і таму быў затрыманы. 

18:10. Сведка Занько распавёў, што ведаў, што Пазняк - журналіст. Кажа, што сядзеў у машыне і глядзеў стрым:

"Потым убачыў, што прыехала міліцыя і зладзілі незразумела які канцэрт. Калі прыехаў начальнік міліцыі, стала чутная нецэнзурная лаянка і пачаліся затрыманні. Начальнік падышоў да мяне і сказаў, што дае мне 10 хвілін, каб сысці. Я сказаў, што дачакаюся пляменніка і пайду".

Таксама Занько распавёў, што з боку карэспандэнта не чуў ніякіх лозунгаў. Але чуў трэск камеры і крыкі начальніка РАУС, каб камеру выключылі, "а то невядома, што з намі заўтра будзе".

Сведка сцвярджае, што да з'яўлення міліцыі на плошчы ўсё было спакойна.

18:35. Суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. У пратаколе сказана, што апытанне праводзілася з 23:10 да 23:20. Аляксандр Пазняк кажа, што апытанне не праводзілася.

"Пры затрыманні Пазняк, упіраўся, не назваў прозвішча, хапаўся за вопратку супрацоўнікаў міліцыі...", - з рапарту аб прымяненні спецсродкаў і фізічнай сілы.

У адным з пратаколаў апытання сведак з ліку супрацоўнікаў АУС Пазняка назвалі "яна" і "яе". На гэты факт указала адвакат: яна лічыць, што пратаколы складзеныя па адным шаблоне, бо памылкі аднолькавыя, такім чынам сведак не апытвалі.

19:00. У судзе глядзяць відэа. Верагодна, момант затрыманняў, таму што суддзя сказала, што зойме паўгадзіны часу (асцярожна, на відэа некаторыя грамадзяне выкарыстоўваюць ненарматыўную лексіку):

19:50. Рашэнне суда ў Баранавічах - Аляксандру Пазняку прызначылі штраф па двух пратаколах у агульнай суме 30 базавых велічынь (810 рублёў). Ён будзе абскарджваць рашэнне.

Суд над Сяргеем Багровым пачаўся ў 19.55. Суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйных правапарушэнняў па арт. 23.34 і 23.4 КаАП і асудзіў да арышту ў 15 сутак.

“Закавалі ў кайданкі, жорстка прэсавалі, пагражалі”. Затрыманых журналістаў “Ганцавіцкага часу” збілі

20 чэрвеня ў горадзе Ганцавічы каля цэнтральнай плошчы прайшоў невялікі ланцуг салідарнасці. Стрым з месца падзеяў вялі журналісты мясцовага незалежнага выдання “Ганцавіцкі час” Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства