Справаздача па выніках мірнага сходу 18 чэрвеня ў Мінску

2020 2020-06-19T18:49:00+0300 2020-06-22T17:13:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/1_controlby_2020-06-18.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 чэрвеня ў Мінску каля Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшлі пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. А таксама праходзіла акцыя "Ланцуг салідарнасці".

Высновы:

  1. Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" згодна з Кіруючымі прынцыпамі па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асобаў.
  2. На працягу міранага сходу не было магчымасці ідэнтыфікаваць частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў праз тое, што яны былі ў цывільным адзенні і без ідэнтыфікацыйных знакаў.
  3. Перашкодаў у рабоце СМІ і назіральнікаў не зафіксана.
  4. Па інфармацыі СМІ быў затрыманы адзін удзельнік сходу, таксама адзін кіроўца быў аштрафаваны за гукавы сігнал аўтамабіля.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/-цамі і журналістамі/-камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў.

Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/-ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам #СontrolBY.

Папярэдняя інфармацыя

У Беларусі з 21 траўня па 19 чэрвеня ўключна праходзіць збор подпісаў за вылучэнне кадыдатаў у прэзідэнты. Дзеля рэгістрацыі кадыдатаў у прэзідэнты неабходна сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў паўнагадовых грамадзянаў Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам. Збіраць подпісы могуць члены зарэгістраваных ініцыятыўных групаў. Згодна з Выбарчым кодэксам збор подпісаў можа адбывацца ў форме пікетавання. Пры гэтым падчас сбору подпісаў забароненыя агітацыя і распаўсюд любых матэрыялаў, дапушчальны толькі распаўсюд інфармацыі пра біяграфію кандыдата. Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі вызначыныя месцы, дзе забаронена ладзіць пікетаванні дзеля сбору подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кадыдатаў у прэзідэнты. 

18 чэрвеня ў Мінску побач з Беларускай Дзяржаўнай Філармоніяй адбываўся сбор подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь наступных прэтэндэнтаў: Мікалая Казлова, Юрыя Губарэча, Вольгі Кавальковай. Апроч таго, ў сацыяльных сетках распаўсюджвалі заклікі да ўдзелу ў акцыі “Ланцуг: стоп рэпрэсіі!” з 18:00 да 19:30 ад Філармоніі да праспекта Незалежнасці. Акцыі з’яўляюцца адказам на рэпрэсіі ў дачыннні да актывістаў і палітыкаў, у тым ліку на затрыманне Віктара Бабарыкі 18 чэрвеня 2020 года.

Папярэднія пікеты 31 траўня, 7 і 14 чэрвеня былі шматлікімі і адзначаныя затрыманнямі да, падчас і пасля таго, як яны адбываліся. На працягу тыдня па ўсей краіне адбываліся затрыманні актывістаў і суды за удзел у несанкцыянаваных массавых мерапрыемствах (у тым ліку за ўдзел у сходзе 31 траўня, 7 і 14 чэрвеня 2020), частка актывістаў і палітыкаў знаходзяцца на адміністрацыйным арышце.

Выбарчая кампанія адбываецца ў атмасферы страху, запалохвання выбаршчыкаў і ціску на актывістаў ініцыятыўных групаў. Абдываецца прэсінг актывістаў ініцыятыўнай группы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай, якая была вымушана адменіць пікеты па збору подпісаў у буйных гарадах, а таксама на прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыку. Вылучэнец у кадыдаты на пасаду прэзедэнта Віктар Бабабрыка і кіроўца яго штаба Эрдуард Бабарыка былі затрыманы раніцай 18 чэрвеня і на дадзены момант яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Падчас сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль шэсць назіральнікаў/-ніц, якія прайшлі навучанне і былі адпаведна пазначаныя.

Ход мірнага сходу

Назіральнікі/-цы праводзілі маніторынг выбарчага пікета з 17:45 да 23:00. Напрацягу назірання адзначаны наступныя факты:

1. У 17:45 побач з месцам, дзе адбываліся пікеты, знаходзіліся тры супрацоўнікі ДАІ і адзін аўтамабіль адпаведнай службы. Праз дарогу ад Філармоніі, ля помніка Якубу Коласу знаходзіліся пяць супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным адзенні. На баку Філармоніі былі адзначаныя сем мікрааўтобусаў, два аўтобуса с таніраванымі вокнамі, адзін аўтамабіль, у якім знаходзіліся чатыры супрацоўнікі міліцыі - тры  ў цівільнай форме і адзін у сіняй камізельцы "Бяспека Security". А таксама 13 супрацоўнікаў у грамадзянскай форме па перыметры месца правядзення пікету і два супрацоўнікі міліцыі ў форме за філармоніяй. У 18.00 на месцы пікету знаходзілася не менш за 40 чалавек.

2. У 18:10 побач з Філармоніяй з’явілія пікеты Ю. Губарэвіча, М. Казлова, В. Кавальковай. Адзін з супрацоўнікаў у цывільным карыстаўся ручным лічыльнікам дзеля падліку колькасці ўдзельнікаў пікету. Прэтэндэнты ў кандыдаты выступалі з дапамогай гукаўзмацняльнай апаратуры (гучнагаварыцелі), гаварылі аб тым што колькасць сабраных подпісаў не істотна, а важныя салідарнасць і жывы ланцуг. Заклікалі далучацца да ланцугу ў салідарнасць з тымі, хто знаходзіцца ў ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна. Пачаў з’яўляцца ланцуг уздоўж праспекта Незалежнасці. У 18:20 у ланцугу знаходзіліся не менш за 155 удзельнікаў, на пікеце - не менш за 70 чалавек.

3. У 18:35 у ланцугу налічвалася 280 удзельнікаў. Два супрацоўнікі міліцыі і адзін ў цывільным адзенні падыходзілі да людзей у ланцугу і адсоўвалі іх ў бок тратуару, бліжэй да будынкаў. Ланцуг цягнуўся ад Філармоніі да станцыі метро Плошча Перамогі. У 18:40 удзельнікаў налічвалася 350 чалавек. На скрыжыванні праспекта Незалежнасці і праспекта Машэрава знаходзіўся супрацоўнік ДАІ. Да ланцугу хутка далучаліся ўдзельнікі, у 18:45 іх было не менш за 400 чалавек, на месцы збору подпісаў - 55 чалавек. Удзельнікі ланцугу пляскалі ў далоні, машыны, якія ехалі па праспекце, сігналілі ў знак салідарнасці з удзельнікамі.

4. У 18:50 пачаўся дождж і ланцуг пачаў рассыпацца, на месцы засталася частка ўдзельнікаў з парасонамі. Уздоўж ланцугу хадзіў супрацоўнік у сіняй камізэльцы “Бяспека Security” і інфармаваў, што мерапрыемства несанкцыянаванае і ўдзельнікам варта разыйсціся. Зборшчыкі подпісаў часова зніклі з плошчы перад Філармоніяй. У 19:20 людзі сталі вяртацца назад у "ланцуг салідарнасці", пікеты на зборы подпісаў вярнуліся на былое месца. У пікеце ўдзельнічала 40 чалавек, у ланцугу знаходзіліся 130 чалавек. Па перыметры Філармоніі знаходзіліся не менш 25 супрацоўнікаў у цывільным адзенні.

5. У 19:55 у ланцугу знаходзіліся 520 удзельнікаў, ланцуг цягнуўся ад Філармоніі да Стэлы на Плошчы Перамогі. Недалека ад Плошчы Перамогі знаходзіўся адзін аўтамабіль ДАІ і адзін супрацоўнік гэткай службы. У дадзены перыяд назіральнікі зафіксавалі, што два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным прадстаўляліся як прадстаўнікі назіральнай службы #ControlBY. Падчас спробаў сфатаграфаваць іх, мужчыны адварочваліся і перашкаджалі рабіць здымкі. У 20:05 удзельнікаў "ланцугу салідарнасці" налічвалася 620.

6. У 20:20 некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў сініх камізэльках “Бяспека Security” разам з супрацоўнікамі ў цывільным адзенні пачалі хадзіць уздоўж ланцугу і інфармаваць удзельнікаў аб тым, што мерапрыемства з'яўляецца несанкцыянаваным. Удзельнікаў у ланцугу налічваецца 670 чалавек. У 20:30 каля пікетаў па зборы подпісаў быў заўважаны аўтамабіль хуткай дапамогі, супрацоўнікі якой шпіталізавалі жанчыну.

7. У 21:00 пікеты па зборы подпісаў скончыліся, і зборшчыкі пакінулі плошчу перад Філармоніяй. У гэты час ланцуг салідарнасці расцягнуўся да будынку Цырка, каля Філармоніі ланцуг пачаў распадацца. Каля будынку Цырка зафіксаваны адзін аўтамабіль з гукаўзмацняльнай апаратурай на даху. У 21:20 ланцуг дасягнуў Кастрычніцкай плошчы, удзельнікаў ад Філармоніі і да канца ланцугу налічваецца 1160 чалавек. Па праспекце Незалежнасці ездзілі некалькі мікрааўтобусаў з супрацоўнікамі ў грамадзянскай форме ўнутры.

8. У 21:30 ланцуг дасягнуў ГУМа, каля метро Кастрычніцкая. Супрацоўнікі ДАІ спынілі рух каля будынку КДБ на праспекце Незалежнасці, зафіксаваны адзін рэгуліроўшчык і адзін супрацоўнік ДАІ. У ланцугу ўдзельнічала 1550 чалавек ад Філармоніі да кінатэатра Цэнтральны. Каля Макдональдса на праспекце Незалежнасці супрацоўнік ДАІ спыніў аўтамабіль, які сігналіў, і аштрафаваў кіроўцу. Заўважаныя яшчэ два супрацоўнікі ДАІ і адна машына дадзенага ведамства.

9. У 22.00 ланцуг дасягнуў плошчы Леніна, край ланцуга завярнуў за будынак БДПУ. Удзельнікаў - не менш за 2200 чалавек. Паміж БДПУ і Домам Урада зафіксаваныя два мікрааўтобусы. Ланцуг накіраваўся па вуліцы Мяснікова. Бліжэй да Раманаўскай слабады ланцуг пачынае рассейвацца. У 23.00 назіранне скончанае. Паводле інфармацыі СМІ, асобныя ўдзельнікі фармавалі жывыя ланцугі ў розных частках горада да 01.00 ночы. Таксама ў СМІ ёсць звесткі аб затрыманні як мінімум аднаго чалавека.

10. На мерапрыемстве прысутнічалі наступныя прадстаўнікі СМІ: Белсат, TUT.BY, Радыё Свабода, БелаПАН і іншыя.

11. Скарыстаная сімволіка: адзін сцяг БХД, сем бел-чырвона-белых сцягоў, два сцягі бел-чырвона-белых з выявай герба Пагоня, два сцягі руху "За Свабоду", адзін сцяг "Народнай Грамады", адзін маленькі бел-чырвона-белы сцяжок, адзін сцяг "Еўрапейская Беларусь".

12. Плакаты, лістоўкі і атрыбутыка: плакат, прымацаваны на галаўны ўбор аднаго з удзельнікаў - "Прама зараз на Акрэсціна (ЦІП) катуюць людзей..."; плакат "Лукашэнка пакарай злачынцаў: Казлова, Пушкарова, лекараў Дзяржынска і Фаніпаля"; плакаты "Праект Pizdau degeniration. 1984 (=) 2020", "BELARUSSIANS LiveS matter!". Інфармацыйныя стэнды М. Казлова, Ю. Губарэвіча, стэнды "Падрабязная інфармацыя аб праграме АГП...", "Падпішы петыцыю за перанос выбараў...".

На пікетах распаўсюджвалі газету "Працоўная салідарнасць" - інфармацыйны выпуск Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і іншых галінаў грамадскай гаспадаркі; лістоўкі "Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) запрашае вас лічыць галасы выбаршчыкаў і сачыць за працэсам..."; лістоўкі  "Свабодныя выбары! Свабоду Бабарыка!". Банер - "Патрабую распачынання крымінальнай справы. Каты павінны паўстаць перад судом. Ахвяры гестапаўскай сістэмы". Футболкі з надпісам "3%", "Віктар Бабарыка", з гербам "Пагоня".

13. Лозунгі: "Жыве Беларусь", “Ганьба”, “Выпускай”, “Фашысты”, “Свободу”. 

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам/-цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас пікетаў па зборы подпісаў у форме, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);

  • прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі/-цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/-цамі пікету па зборы подпісаў, людзей;

  • не перашкаджаць рэалізацыі правоў на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркавання;

  • не перакрываць доступ людзей і машын да месцаў правядзення мірных сходаў.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў заканадаўстве з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства