“Закавалі ў кайданкі, жорстка прэсавалі, пагражалі”. Затрыманых журналістаў “Ганцавіцкага часу” збілі Дапоўнена

2020 2020-06-21T01:12:15+0300 2020-06-21T19:51:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/2020-06-20_gancavichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 чэрвеня ў горадзе Ганцавічы, што ў Брэсцкай вобласці, каля цэнтральнай плошчы прайшоў невялікі ланцуг салідарнасці. Стрым з месца падзеяў вялі журналісты мясцовага незалежнага выдання “Ганцавіцкі час” Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк. Неўзабаве прыехалі міліцыянты і затрымалі каля дзесяці удзельнікаў, а затым і саміх журналістаў.

Скрын са стрыму
Скрын са стрыму "Ганцавіцкага часу"

Як паведаміў "Вясне" галоўны рэдактар "Ганцавіцкага часу" Пётр Гузаеўскі, ён пабачыў у РАУСе Аляксандра Пазняка, якога ячшэ не дапыталі пасля трох гадзін з моманту затрымання.

"У Аляксандра пад левым вокам [гематома]. Ён расказаў, што яго закавалі ў кайданкі пры затрыманні, білі, жорстка прэсавалі, пагражалі — карацей, поўны набор. Што тычыцца аператара і рэдактара, які здымаў (Сяргей Багроў) – то сваякі затрыманых, якія сабраліся каля РАУС, казалі, што чулі праз адчыненае вакно, што адзін з міліцынтаў крычаў на яго: "гэта ўсё з-за цябе,  гэта ты трансліраваў гэтае відэа!" Потым аператар крычаў — відаць яго таксама білі. Гэта людзі мне перадалі”, —распавёў Пётр Гузаеўскі.

Пётр Гузаеўскі напісаў заяву на імя начальніка міліцыі аб тым, што Багроў і Пазняк — штатныя супрацоўнікі газеты, зарэгістраванай у Міністэрстве інфармацыі, і яны выконвалі сваі абавязкі згодна з Законам аб сродках масавай інфармацыі і мелі права знаходзіцца ў месцы масавага мерапрыемства — таму іх затрымалі незаконна.

На дадзены момант журналісты і прыкладна дзесяць затрыманых чалавек знаходзяцца ў Ганцавіцкім РАУС.

Дапоўнена: як паведамляе "Першы рэгіён", стала вядомая афіцыйная прычына затрымання журналістаў Сяргея Багрова і Аляксандра Пазняка — непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў (артыкул 23.4 КаАП РБ).

"Ім вырашылі «прышыць» непадпарадкаванне, на мой погляд, па загадзе зверху. Хто ўважліва глядзеў апошнія секунды стрыму, калі камера была адабрана ў журналістаў, падпалкоўнік дакладваў камусьці па тэлефоне – «так точна, таварыш...»", — пракаментаваў Пётр Гузаеўскі. —"Застрашваючы ўсіх людзей, яны дамагаюцца толькі зваротнай рэакцыі. Для збіцця людзей ўчора дакладна ніякіх падстаў не было".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства