viasna on patreon

Праваабаронца заявіў у Мінінфарм на факт дыскрымінацыі ромаў у журналісткім матэрыяле

2020 2020-06-17T20:24:31+0300 2020-06-17T20:59:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/roma_img.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі і ў пракуратуру Докшыцкага раёна з заявай па факце размяшчэння на сайце газеты "Родныя вытокі" артыкула з прыкметамі распаўсюджвання экстрэмізму.

Праваабаронца адзначае, што артыкул пад назвай "Чарговай ахвярай ашуканцаў стаў пенсіянер з Докшыцкага раёна", аўтарам якога з'яўляецца Алена Несцяронак, распальвае нацыянальную варожасць, прапагандуе непаўнавартаснасць грамадзянаў па прыкмеце іх нацыянальнай прыналежнасці.

Так, тэкст пачынаецца наступнымі сказамі:

"Раней па нашым невялікім вёсачкам "шумным натоўпам" вандравалі цыганы. У больш буйныя, якія цяпер называюцца аграгарадкамі, совацца пабойваліся – там работнікі сельвыканкамаў з участковымі міліцыянтамі прымалі меры па іх хутчэйшай "дэпартацыі". А вось у аддаленых людзі пажылыя, даверлівыя і ў цэнах не занадта "прасунутыя" – гэта ж як раз тое, што трэба. І "ўцюхівалі" ім розныя няякасныя і непатрэбныя рэчы, і абкрадалі ў прыдачу.

Зараз чарнагаловай браціі менш, але на змену ім прыйшлі ашуканцы куды больш інтэлігентнага выгляду. А вось прынцып дзейнасці той жа".

Павел Сапелка звяртае ўвагу міністэрства інфармацыі і пракуратуры на тое, што Алена Несцяронак пры апісанні спосабу ўчынення злачынства ў дачыненні да жыхароў Докшыцкага рэгіёна грэбліва адклікаецца пра прадстаўнікоў цыганскага народа. У артыкуле яна выкарыстоўвае стэрэатыпы, паказваючы на іх схільнасць да здзяйснення злачынстваў, стыгматызуе грамадзянаў і жыхароў Беларусі – ромаў, і распаўсюджвае забабоны аб крымінальнасці прадстаўнікоў цыганскай народнасці, не прыводзячы канкрэтных прыкладаў правапарушэнняў.

"Варта адзначыць: няма звестак пра тое, што сярод цыганаў узровень злачыннасці вышэй, чым у сярэднім сярод прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія насяляюць Беларусь. Тым самым аўтар распальвае нацыянальную варожасць, супрацьпастаўляючы цыган іншым жыхарам Беларусі", – піша ў заяве праваабаронца "Вясны".

Ён асобна падкрэслівае, што ўсім, а асабліва журналістам варта ўстрымлівацца ад распаўсюджвання інфармацыі, якая спрыяе ўзмацненню забабонаў, дыскрымінацыі, нянавісці ці гвалту ў дачыненні да ромаў.

"Дзякуючы ў тым ліку і такога роду безадказным, але сур'ёзна парушаючым закон выказванням, цыганы ў Беларусі пакутуюць ад шырока распаўсюджаных забабонаў і стэрэатыпаў і з'яўляюцца ахвярамі дыскрымінацыі. Гэта спрыяе ізаляцыі цыганскіх суполак і сур'ёзна перашкаджае любым ініцыятывам, накіраваным на паляпшэнне іх становішча", – заключае Павел Сапелка.

У адпаведнасці з артыкулам 6 Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", праваабаронца просіць міністэрства інфармацыі і пракуратуру Докшыцкага раёна прыняць меры па процідзеянні распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства