viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу мірнага сходу 14 чэрвеня ў Мінску

2020 2020-06-15T14:00:00+0300 2020-06-16T11:32:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pikety_minsk_14.06_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 чэрвеня ў Мінску на плошчы перад Камароўскім рынкам прайшлі пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Высновы:

  1. Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" згодна з Кіруючымі прынцыпамі па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асобаў.
  2. Падчас мірнага сходу адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць большую частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, так як яны былі ў цывільным адзенні, без ідэнтыфікацыйных знакаў. 
  3. Мірны сход праводзіўся ў межах выбарчага заканадаўства.
  4. Перашкодаў у працы СМІ і назіральнікаў не зафіксавана, адзначаны нетактоўныя паводзіны з боку аднаго з супрацоўнікаў праваахоўных органаў у дачыненні да назіральнікаў.
  5. Затраманняў удзельнікаў і арганізатараў не зафіксавана.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/-цамі і журналістамі/-камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў.

Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/-ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам #СontrolBY.

Папярэдняя інфармацыя

У Беларусі з 21 траўня па 19 чэрвеня ўключна праходзіць збор подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Для рэгістрацыі, кандыдатам у прэзідэнты неабходна сабраць не меньш за 100 тыс. подпісаў паўналетніх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, валодаючых выбарчым правам. Збіраць подпісы могуць члены зарэгістраваных ініцыятыўных груп. Згодна з Выбарчым кодэксам, збор подпісаў можа проходзіць у форме пікетавання. Пры гэтым, падчас збора подпісаў забаронена агітацыя і раздача любых матэрыялаў, дапушчальна толькі раздача біаграфічнай інфармацыі прэтэндэнта. Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі вызначаныя месцы, дзе забаронена правядзенне пікетавання для збора подпісаў  выбаршчыкаў за вылученне кандыдатаў у прэзідэнты.

У Мінску традыцыйным месцам для пікетаў стала плошча перад Камароўскім рынкам. 14 чэрвеня тут збіралі подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты наступных прэтэндэнтаў: Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Андрэя Дзмітрыева, Мікалая Казлова, Сяргея Чэрачэня, Ганны Канапацкай, Юрыя Губарэвіча, Вольгі Кавальковай

Папярэднія пікеты 31.05 і 07.06 былі шматлюднымі і адзначаліся затрыманнямі перад, падчас і пасля іх правядзення. Цягам тыдня па ўсёй краіне праходзілі затрыманні актывістаў і суды за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (у тым ліку за ўдзел у мірным сходзе 31 траўня і 7 чэрвеня 2020), частка актывістаў  і палітыкаў адбываюць адміністратыўныя арышты.

Выбарчая кампанія праходзіць у атмасферы страха, запалохванняў выбаршчыкаў і ціску на актывістаў ініцыятыўных групаў. Адбываецца прэсінг актывістаў ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай, якая была вымушаная адмяніць пікеты па зборы подпісаў у буйных гарадах краіны, а таксама на прэтэндэнта на прэзідэнскую пасаду - Віктара Бабарыку.

У час правядзення мірнага сходу вочна і бесперапынна здзяйснялі грамадзянскі кантроль 11 назіральнікаў/-ніц, якія прайшлі навучанне і былі адзначаны адпаведным чынам.

Ход мірнага сходу

Назіральнікі/-цы праводзілі маніторынг выбарчага пікета з 11.50 да 15.00. Падчас назірання былі адзначаныя наступныя факты:

  1. У 11.50 недалёка ад Камароўскага рынка знаходзілася чатыры машыны ДАІ і 11 супрацоўнікаў дадзенай службы ў форме. Былі зафіксаваныя чатыры супрацоўніка міліцыі ў форме, двое з якіх каля Дома Мэблі правяралі человека, што знаходзіўся, як мяркуецца, у стане алкагольнага ап’янення. На самой плошчы перад Камароўскім рынкам праходзілі пікеты па зборы подпісаў за В. Бабарыку, В. Цапкалу, А. Дзмітрыева, С. Чэрачэня. У дадзены прамежак часу ў пікеце ўдзельнічала каля 50 чалавек. У дварах насупраць Камароўской плошчы знаходзіліся два супрацоўніка міліцыі ў цывільным і сем мікрааўтобусаў з людзьмі ўнутры. Па перыметры самой плошчы зафіксавана не менш як 23 супрацоўніка ў грамадзянскай форме адзення. 

  2. У момант фіксацыі назіральнікамі/-цамі мікрааўтобусаў, якія знаходзіліся ў дварах насупраць Камароўскага рынку, супрацоўнік міліцыі ў цывільным, які знаходзіўся на месцы кіроўцы, у грубай форме спытаў: "Што ты тут здымаеш?". Такія паводзіны супрацоўніка органаў унутраных спраў у дачыненні да назіральнікаў, якія ажыццяўляюць законную дзейнасць па назіранні за мірнымі сходамі, мы разглядаем як некарэктныя.

  3. У 12.20 на плошчы з’явіліся пікеты па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты М. Казлова, Ю. Губарэвіча, В. Кавальковай. У гэты час агульная колькасць удзельнікаў пікету складала не менш за 75 чалавек. На плошчы і ў найбліжэйшых дварах прысутнічала больш за 35 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. На супрацьлеглым баку вуліцы ад Камароўскай плошчы два супрацоўніка ў цывільным з дапамогай камеры са штатывам праводзілі фіксацыю ўсіх аўтамабілей, якія праязджалі ў той час каля плошчы, дзе размяшчаліся пікеты.

  4. А 13 гадзіне на плошчы каля Камароўскага рынка зафіксавана 115 чалавек. Прэтэндэнты ў кандыдаты выступалі з дапамогай гучнагаварыцеля, заклікалі ставіць подпісы і запісвацца ў назіральнікі за выбарамі, а таксама выступалі з прамовай аб важнасці дэмакратыі, казалі пра салідарнасць з тымі, хто зараз знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. У 13.15 збоку плошчы, у кірунку да метро Якуба Коласа, з'явіўся пікет Г. Канапацкай. Зафіксавана больш за 40 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Каля пікетаў па зборы подпісаў жанчына зачытвала ліст-зварот з просьбай аб дапамозе дзейснаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.
  5. А 14 гадзіне на пікеце прысутнічала 125 удзельнікаў. У гэты час на Камароўскай плошчы зафіксавана каля 20 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Адна ўдзельніца пікета  збірала подпісы пад заявай, накіраванай Старшыне ЦВК РБ Ярмошынай Л.М., з патрабаваннем "выключыць г-на РБ Лукашэнку А.Р. са спісу прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду Прэзідэнта". У 14.50 на пікеце прысутнічала каля 100 чалавек.

  6. На пікеце прысутнічалі прадстаўнікі СМІ: Радыё Свабода, TUT.BY, Белсат, БелаПАН, Еўрапейскае прэс-фотаагенцтва (ЕРА) і інш.
  7. Выкарыстаная сімволіка: адзін сцяг "Гавары праўду", тры сцягі з сімволікай В. Цапкалы, адзін сцяг з сімволікай С. Чэрачэня, адзін сцяг "Рух за свабоду", адзін сцяг АГП, тры бел-чырвона-белыя сцягі, сцяг "Еўрапейская Беларусь", сцяг БХД, сцяг "Я зраблю" Г. Канапацкай. Адна кепка з гербам "Пагоня", дзве футболкі з гербам "Пагоня", стужачка колеру ўкраінскага сцяга на заплечніку.
  8. Плакаты, улёткі і атрыбутыка: стэнд з інфармацыяй пра вылучэнца на пасаду прэзідэнта А. Дзмітрыева, два стэнды В. Бабарыкі, па адным стэндзе В. Цапкалы, М. Казлова, Ю. Губарэвіча, два стэнды Г. Канапацкай; стэнд з праграмай АГП, стэнд "Падпішы петыцыю За перанос выбараў". Улёткі: "За выбары без Лукашэнкі. Мы хочам сумленных і бяспечных выбараў...", "Ламаем сцэнар фальсіфікацый. Паставілі подпісы "за перамены" і "супраць аднаго" з кандыдатаў?.."
    Чатыры плакаты фармату А4 у руках у мужчыны з наступнымі тэкстамі: "КДБ і МУС. Вы абавязаныя цяпер затрымліваць грамадзяніна Лукашэнку, калі ён будзе гаварыць пра палітыку і выбары...", "Пераможам Лукашэнку - выратуем Ціханоўскага", "Лукашэнка! Мы цябе парадзілі, мы цябе і прыбяром!..", "Лукашэнка! Хто ты ўсё ж па нацыянальнасці?..". Дзве маскі з надпісам "Ха-ха я тут жыву", кепка і маска "Краіна для жыцця".

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам/-цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас пікетаў па зборы подпісаў у форме, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);

  • прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі/-цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/-цамі пікету па зборы подпісаў, людзей;

  • не перашкаджаць рэалізацыі правоў на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркавання;

  • не перашкаджаць законнай дзейнасці назіральнікаў і назіральніц па ажыццяўленні маніторынгу мірных сходаў.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў заканадаўстве з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Органам судовай улады:

  • не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пікетах па зборы подпісаў, паколькі гэта з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства і адвольным абмежаваннем права на мірныя сходы, прадугледжанага міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства