«У разгоне ўдзельнічаў сваяк з АМАПу». Гродзенка распавяла, як на пікеце 29 траўня затрымлівалі яе хлопца

2020 2020-06-03T09:27:26+0300 2020-06-03T09:27:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/serhei-1024x683.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяўчына затрыманага Сяргея  Калмыкова - Ірына. Фота: hrodna.life

Дзяўчына затрыманага Сяргея Калмыкова - Ірына. Фота: hrodna.life

Сяргея Калмыкова затрымалі 29 траўня на Савецкай плошчы. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманні ў Мінску. Яго дзяўчына Ірына кажа, што ён невінаваты. Падчас затрыманняў на плошчы быў сваяк Сяргея з АМАПа, піша hrodna.life

Увечары 29 траўня Сяргей і Ірына прыехалі на Савецкую плошчу, каб паставіць подпіс за вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі. За каго падпісацца, яны хацелі вырашыць ужо на месцы. У той дзень на плошчы збіралі подпісы адразу за некалькіх прэтэндэнтаў. Паставіць свае подпісы пара не паспела — на пікеце пачаліся затрыманні.

Затрымалі проста «за кампанію»?

«Мы наогул ніякага дачынення не маем да Ціханоўскага і не факт, што за яго б падпісаліся ў той дзень, — кажа Ірына. — Калі пачаліся затрыманні, мы не ўмешваліся і проста стаялі на парапеце, сачылі за тым, што адбываецца. Пасля адышлі - і ў адзін момант каля аўтобуса АМАПа затрымалі ўжо майго хлопца Сяргея».

Ірына кажа, што Сяргей нічога супрацьпраўнага не рабіў. Гэта бачна на відэа, якое апублікавала БТ праз два дні.

«Цяпер яго абвінавачваюць па частцы 3 арт. 364 КК „Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў“. Як такое можа быць? Ад месца, дзе ўпаў супрацоўнік, Сяргей быў далёка. Яго проста затрымалі „за кампанію“. Я не разумею, навошта яны яго трымаюць».

Дома правялі ператрусы

Ірына кажа, што з-за затрымання хлопца яна ўжо трэці дзень не можа ні спаць, ні есці. У кватэры, дзе яна жыве з Сяргеем, праходзіў ператрус — канфіскавалі старыя тэлефоны. Ператрусы прайшлі і па месцы прапіскі ў Мастоўскім раёне.

«У кватэры шукалі нейкую тэхніку і дакументы, як я зразумела, якія б маглі пацвердзіць, што Сяргей з каманды Ціханоўскага. А ён жа звычайны чалавек, які прыйшоў паставіць подпіс за вылучэнне кандыдата».

У момант затрымання Ірыну здзівіла, што на плошчы быў сваяк Сяргея, які працуе ў гродзенскім АМАПе.

«Калі ўсё пачалося на плошчы, Сяргей казаў: калі ва ўсёй гэтай сітуацыі замяшаны сваяк, яму будзе сорамна. Так атрымалася, што ён там быў, але Сяргея не затрымліваў».

Адвакат: у бліжэйшы час перавязуць у Гродна

Ірына чакала, што Сяргея выпусцяць праз трое сутак, але гэтага не адбылося. Цяпер яго трымаюць у ізалятары часовага ўтрыманні ў Мінску. Як сказаў дзяржаўны адвакат, яго павінны будуць у бліжэйшы час перавезці ў Гродна.

«Я не ведаю, што будзе далей. Цяпер я прашу ўсіх аб’яднацца і дапамагчы вызваліць майго хлопца і іншых затрыманых. Не толькі Сяргей Ціханоўскі стаў палітвязням, але і іншыя, якіх затрымалі ў той дзень. Іх усіх памылкова затрымлівалі. Сёння нам патрэбныя добрыя адвакаты».

Што адбылося ў Гродне?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства