Людміла Кучура баіцца за жыццё мужа ў турме

2020 2020-05-27T15:24:12+0300 2020-05-27T15:24:13+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kuchura_vsn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура. Фота: ПЦ "Вясна"

Людміла Кучура. Фота: ПЦ "Вясна"

Асуджаны Пётр Кучура, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме №4, паведаміў сваёй жонцы Людміле пра пагаршэнне стану здароўя.

Мужчыну турбуе боль у жываце, пякота ў грудной клетцы, слабасць у руках і нагах. Асуджаны звярнуўся па меддапамогу, але лекар належным чынам яе не аказаў.

Усе названыя сімптомы сталі выразна выяўляцца пасля таго, як Пятру Кучуру сталі выдаваць еду ў асобнай, загадзя падрыхтаванай, талерцы, а не з агульнай каструлі.

"Мой муж і я лічым, што ў ежу яму нешта падкладаюць. А так як у Пятра Кучуры хворае сэрца, то давесці яго да смяротнага зыходу працы не складзе", – падкрэслівае ў сваёй заяве ў Дэпартамент выканання пакаранняў Людміла Кучура.

Жанчына адзначае, што такое стаўленне з боку адміністрацыі турмы да яе мужу звязана з тым, што асуджаны Кучура абскарджвае вынесеныя яму спагнанні і адстойвае свае правы.

"У лісце мой муж падкрэсліў: у турме яго папярэдзілі, што адбяруць здароўе, калі яшчэ хоць слова напіша пра турму. І як ён піша: "робяць гэта яны павольна і ўпэўнена; мне ўжо перадалі, што паступіла каманда з мяне вока не спускаць, і каб гнабілі мяне, як толькі можна, і што ўсё роўна я нічога не дакажу", – паведаміла Людміла Кучура.

Жанчына сур'ёзна баіцца за жыццё і здароўе Пятра Кучуры.

"Баюся, каб з ім нічога не здарылася", – кажа жонка асуджанага.

Таксама Людміла Кучура распавяла, што некалькі разоў на тыдзень у камеры яе мужа праводзяць ператрус, прымушаючы Пятра Кучуру выносіць усе рэчы і матрац у пакой ператрусу. Асуджаны заявіў супрацоўнікам турмы, што ў яго па стане здароўя ёсць абмежаванні ва ўзняцці цяжараў – да 4 кг. Пасля гэтага мужчыну адвезлі ў лячэбна-дыягнастычны цэнтр, дзе медычна-кансультацыйная камісія дала заключэнне аб тым, што Пятру Кучуры можна падымаць цяжары, вагой да 15 кг. Дадзенае заключэнне Людміла Кучура таксама плануе абскардзіць.

Нагадаем, Пётр Кучура знаходзіцца ў зняволенні больш за 15 гадоў і не раз падвяргаўся жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжанню з боку супрацоўнікаў і адміністрацыі папраўчых устаноў. Мужчыне рэгулярна выносяць дысцыплінарныя спагнанні і адпраўляюць у штрафны ізалятар, лісты на волю перыядычна блакуюць. Пры гэтым Пётр Кучура мае інваліднасць па захворванні сэрца і досыць сур'ёзны ўзрост – яму больш за 60 гадоў.

Каб дапамагчы свайму мужу, Людміла Кучура звяртаецца ў наглядныя інстанцыі, якія павінны рэагаваць на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы. За многія гады ў яе назапасілася некалькі дзясяткаў скаргаў і адпісак на іх.

Суды не сталі разбірацца са скаргамі Людмілы Кучура на парушэнне правоў яе асуджанага мужа

Адразу два пасяджэнні пра скаргах Людмілы Кучура на дзеянні службовых асоб МУС прайшлі ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска ў канцы сакавіка. І абодва працэсы скончыліся вызначэннем аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з непадведамаснасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства