viasna on patreon

0 з 19. Вярхоўны суд працягвае разглядаць скаргі "кандыдатаў пратэсту”

2020 2020-05-26T13:36:27+0300 2020-05-26T13:36:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/statkevich_vybory_q1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вярхоўны суд працягвае разглядаць скаргі "кандыдатаў пратэсту" групы палітыка Мікалая Статкевіча на рашэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах аб адмове ў рэгістрацыі іх ініцыятыўных груп выбаршчыкаў па вылучэнні іх кандыдатамі ў прэзідэнты. На дадзены момант вынесена ўжо 19 рашэнняў па скаргах "кандыдатаў пратэсту", аднак усе – аб адмове ў іх задавальненні.

«Кандыдаты пратэсту» Статкевіча падаюць заявы ў ЦВК 14 траўня. Фота:

У панядзелак 25 траўня Вярхоўны суд разгледзеў скаргу Мікалая Статкевіча. Цэнтральная камісія, як і іншым, адмовіла ў рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы 19 траўня. Але ў адрозненне ад іншых падставай для адмовы стала наяўнасць у яго судзімасці. На думку Мікалая Статкевіча, Цэнтральная камісія ўсё ж перавысіла свае паўнамоцтвы пры вынясенні рашэння аб адмове ў рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы, таму ён прасіў суд адмяніць пастанову ЦВК і зарэгістраваць яго ініцыятыўную групу па вылучэнні яго кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Сам палітык у суд не з'явіўся, затое на судовым пасяджэнні прысутнічаў прадстаўнік Цэнтральнай камісіі Г. Хмялёў. Як паказвае практыка, прадстаўнікі ЦВК практычна не прыходзяць на судовыя паседжанні ў Вярхоўны суд па такіх справах. Хмялёў прасіў пакінуць скаргу Статкевіча без задавальнення, спасылаючыся, што высновы Цэнтральнай камісіі аб парушэнні патрабаванняў выбарчага заканадаўства з'яўляюцца правільнымі і Камісія прыняла рашэнне ў дачыненні да заяўніка ў адпаведнасці з законам.

Вярхоўны суд пагадзіўся з довадамі ЦВК і адмовіў Мікалаю Статкевічу ў задавальненні скаргі:

"Паколькі рэгістрацыя ініцыятыўнай групы Статкевіча звязаная з падтрымкай вылучэння яго ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, а наяўнасць судзімасці не дае права на такое вылучэнне, адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы заяўніка суд лічыць адпаведным закону".

Было адмоўлена ў задавальненні скаргі і іншым "кандыдатам пратэсту". У рашэннях па скарзе Аляксандра Абрамовіча і Уладзіміра Кійко суд пазначыў, што ў іх склад ініцыятыўных груп былі ўключаныя грамадзяне, якія не давалі сваёй згоды на ўдзел у ёй альбо зусім не ведаюць пра яе існаванне. Гэта адно з асноўных падставаў для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп, а потым адмовы ў задавальненні скаргі ў судзе.

Былі і іншыя прэтэнзіі ЦВК, з якімі пагадзіўся суд. Так, у рашэнні па скарзе Аляксандра Якушкова Вярхоўны суд звярнуў увагу, што па справе бачна, што ў дачыненні да некаторых грамадзян пазначаны не адпаведныя рэчаіснасці звесткі. У прыватнасці, няправільна пазначаныя прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства, серыя і нумар пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым яны не падлягалі ўліку ў агульнай колькасці членаў ініцыятыўнай групы.

Пры разглядзе скаргі Алены Давыдавай Вярхоўны суд адзначыў, што пры афармленні спісаў членаў ініцыятыўнай групы па вылучэнні яе кандыдаткай у прэзідэнты былі дапушчаныя парушэнні патрабаванняў ч. 2 арт. 61 ВК, якія прама прадугледжваюць указанне ў спісах, якія прадстаўляюцца ў Цэнтральную камісію, асабістых звестак аб члене ініцыятыўнай групы, кіраўніку ініцыятыўнай групы і каардынатарах па раёнах, гарадах абласнога падпарадкавання, раёнах у гарадах, калі збор подпісаў будзе праводзіцца на іх тэрыторыі. 

Па справе Наталлі Стрэльчанкі суд прыйшоў да высновы, што паколькі пры разглядзе яе заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні яе кандыдаткай у прэзідэнты былі ўстаноўлены парушэнні дзеючага Выбарчага заканадаўства, звязаныя з неадпаведнымі рэчаіснасці звесткамі ў дачыненні да некаторых членаў ініцыятыўнай групы, адсутнасцю згоды асобных грамадзян удзельнічаць у зборы подпісаў у складзе ініцыятыўнай групы, уключэннем у спісы членаў ініцыятыўнай групы грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які не з'яўляецца выбаршчыкам, адмова Цэнтральнай камісіі ў рэгістрацыі з'яўляецца законнай і абгрунтаванай (ч. 5 арт. 61 Выбарчага кодэкса).

Вярхоўны суд па кейсу "кандыдатаў пратэсту" стаў на бок Цэнтрвыбаркама

Нягледзячы на інцыдэнт з затрыманнямі ў Вярхоўным судзе 19 траўня, скаргі некаторых "кандыдатаў пратэсту" групы палітыка Мікалая Статкевіча суд усё ж такі разгледзеў. Але ўсім пяці незарэгістраваным "кандыдатам пратэсту" было адмоўлена ў іх задавальненні.

Рашэнні Вярхоўнага суда ўступаюць у законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння, а значыць што гэтыя "кандыдаты пратэсту" не змогуць ужо рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы быць абраным на гэтай выбарчай кампаніі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства