viasna on patreon

Суд адмовіў Уладзіміру Кацору ва ўключэнні ў Гомельскую абласную камісію

2020 2020-05-25T12:29:14+0300 2020-05-25T12:53:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kacora-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Кацора. Фота: gomelspring.org

Уладзімір Кацора. Фота: gomelspring.org

Суд не задаволіў скаргу сябры АГП з Гомеля Уладзіміра Кацоры на неўключэнне яго ў склад Гомельскай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта.

Яшчэ 18 траўня прайшло сумеснае паседжанне прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага аблвыканкама аб утварэнні Гомельскай абласной выбарчай камісіі. На 13 месцаў членаў камісіі прэтэндавалі 19 чалавек, сярод якіх Галіна Бялова ад Партыі БНФ, Таццяна Канеўская ад БНФ “Адраджэнне” і Уладзімір Кацора ад АГП.

Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Судаленка і Віктар Адзіночанка назіралі за ходам фармавання камісіі анлайн. Яны адзначаюць, што падчас паседжання вялікая ўвага надавалася асабістым якасцям вылучэнцаў і іх папярэдняму вопыту ўдзелу ў выбарчых кампаніях.

“Было выразна бачна, як ішло галасаванне. У тых выпадках, калі старшыня Генадзь Салавей, ён жа старшыня аблвыканкама, уздымаў руку “за”, усе іншыя таксама галасавалі аднагалосна, у тых выпадках, калі ён не ўздымаў руку, галасавалі па некалькі чалавек”, - падкрэсліў Леанід Судаленка.

Віктар Адзіночанка адзначыў:

“Склалася ўражанне, што было загаддзя вядома, хто ўвойдзе ў камісію, бо як толькі скончылася галасаванне, старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей, не запінаючыся і без нейкіх намаганняў, зачытаў склад камісіі”.

У выніку ніхто з апазіцыйных прадстаўнікоў у склад камісіі не патрапіў.

Уладзімір Кацора падаў скаргу ў Гомельскі абласны суд, які правёў пасяджэнне 22 траўня ў 15 гадзін. Суддзя Ягорава С. прыйшла да высновы пакінуць скаргу без задавальнення.

Хто ў складзе Гомельскай АВК? 

Такім чынам ў Гомельскую абласную выбарчую камісію абраныя:

Ярмак Сяргей ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай Згоды

Жукевіч Міхаіл ад ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”

Зубец Васіль ад грамадзянаў шляхам падачы заявы

Курыленка Аляксандр ад Камуністычнай партыі Беларусі

Ліпоўская Юлія ад ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”

Лук'яненка Тамара ад ГА “Беларускі саюз жанчын”

Нявераў Аляксей ад Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму

Руеў Мікалай ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці

Сіроткін Кірыл ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі

Старасценка Дзмітрый ад грамадзянаў шляхам падачы заявы

Сусарэнка Ала ад грамадзянаў шляхам падачы заявы

Чарнаштан Уладзімір ад Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў

Чумакоў Дзмітрый ад РГА “Белая Русь”

У параўнанні з выбарамі прэзідэнта ў 2015 годзе, у цяперашні склад камісіі патрапілі пяць чалавек (трошкі менш за палову) з тых, хто лічыў галасы выбаршчыкаў у папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства