Бюджэтнікі і чыноўнікі. Хто адказвае за арганізацыю выбараў Прэзідэнта ў Беларусі?

2020 2020-05-22T15:24:59+0300 2020-05-22T15:25:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vybory_2020_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота belrynok.by

Ілюстрацыйнае фота belrynok.by

У Беларусі адбыўся важны этап выбарчай кампаніі – фармаванне тэрытарыяльных камісій. Па сутнасці, менавіта чальцы гэтых камісіяў адказваюць за ўсе арганізацыйныя пытанні выбараў. Артыкул 40 Выбарчага кодэкса вызначае паўнамоцтвы тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Так, члены тэрытарыяльных выбаркамаў кантралююць складанне спісаў грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, забяспечваюць участковыя камісіі бюлетэнямі, кантралююць ініцыятыўныя групы пры зборы подпісаў, забяспечваюць дакладнасць дадзеных аб колькасці гэтых подпісаў, падводзяць вынікі аб колькасці прагаласаваўшых грамадзян, устанаўліваюць вынікі галасавання па сваёй тэрыторыі і выконваюць яшчэ шэраг паўнамоцтваў па арганізацыі выбараў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" прааналізавалі склады Фрунзенскай раённай камісіі Мінска, а таксама Старадарожскай і Слуцкай раённых камісій. Мы даведаліся, хто валодае шырокімі паўнамоцтвамі па арганізацыі выбараў, хто займае кіруючы склад і што з гендарным складам у райвыбаркамах.

Склад Фрунзенскага райвыбаркама: Пераважна са сферы адукацыі

Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка прааналізаваў склад Фрунзенскай раённай камісіі Мінска. У склад камісіі ўвайшлі 13 чалавек. Па словах назіральніка, у асноўным – гэта бюджэтнікі, чыноўнікі і пераважна са сферы адукацыі. У асноўным, гэта жанчыны (8 з 13), мужчына займае кіруючую пазіцыю. Так, старшынёй Фрунзенскай камісіі абраны Аляксандр Хіжняк. Ён вылучаўся ад прадзяржаўнай палітычнай партыі "Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці". Наогул ён займае пасаду дырэктара навукова-праектнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белндіпгорадабудаўніцтва". Яго намесніцай абраная Ірына Дрозд. Гэта яна мінулай восенню падчас парламенцкай выбарчай кампаніі стварала перашкоды для кандыдатаў ад "Еўрапейскай Беларусі". Яна з'яўляецца дырэктаркай "Сярэдняй школы №41 г. Мінска". Астатнія адзінаццаць чалавек – гэта прадстаўнікі "Белай Русі", "Беларускага саюза афіцэраў", "Чырвонага Крыжа", "Беларускай асацыяцыі лекараў", БРСМ, "Беларускага саюза жанчын", Камуністычнай партыі.

З наступнага спісу сябращў Фрунзенскага райвыбаркама можна ў цэлым прадставіць карціну тых, хто кантралюе арганізацыю выбараў у Беларусі:

  • Алена Белахвосцік, дырэктарка Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Фрунзенскага раёна Мінска,
  • Таццяна Берасцевіч, старшыня Фрунзенскай раённай г. Мінска камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі,
  • Ірына Бетлей, дырэктарка "Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска "ЗОРКА",
  • Андрэй Лапацкі, гендырэктар Міжнароднага Фонду сацыяльнай і эканамічнай падтрымкі дзеячаў культуры і мастацтваў,
  • Людміла Куляшова, загадчыца "Яслі-сад №318 г. Мінска",
  • Марына Макарэвіч, дырэктарка "Пачатковай школы №103 г. Мінска",
  • Валерый Недзель, галоўны ўрач 7-ай гарадской стаматалагічнай паліклінікі Мінска,
  • Андрэй Палюховіч з Дзяржбудэкспертызы,
  • Аліна Рогава, галоўны ўрач 26-й гарадской паліклінікі,
  • Вольга Рунец, дырэктарка "Мінскага каледжа тэхналогіі і дызайну лёгкай прамысловасці",
  • Наталля Хурсевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры "Сярэдняя школа №23 г. Мінска".

Склад Старадарожскага райвыбаркама: Амаль усе – жанчыны, старшыня – мужчына

Для прыкладу "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прааналізавалі таксама склад Старадарожскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тут адразу кідаецца ў вочы гендэрная няроўнасць: з 13 сябраў камісіі – 11 жанчын. Старшынёй камісіі з'яўляецца мужчына – падпалкоўнік у адстаўцы Аляксандр Данец, ветэран Узброеных Сіл, старшыня старадарожскай райарганізацыі "Беларускага саюза афіцэраў". Яго намеснікам з'яўляецца начальніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Старадарожскага райвыканкама Святлана Каролька.

У Старых Дарогах у склад камісіі таксама ўвайшлі: дырэктарка "Старадарожскага гісторыка-этнаграфічнага музея", загадчыца мясцовай раённай цэнтральнай бібліятэкі, галоўная бухгалтарка Старадарожскага "БРСМ", начальніца аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, старшыня райаб'яднання прафсаюзаў. Як бачна, у склад камісіі тут таксама ўваходзяць, у асноўным, бюджэтнікі.

У адрозненні ад папярэдняй раённай камісіі, дзе толькі два члены камісіі былі вылучаны ад грамадзян, у Старадарожскім выбаркаме ў сваёй большасці (сем з 13) вылучаны шляхам збору подпісаў.

Склад Слуцкага райвыбаркама: Кіруючы склад прадстаўляюць мужчыны

У суседнім раёне ў Слуцкай раённай камісіі кіруючы склад таксама прадстаўляюць мужчыны. Старшынёй камісіі з'яўляецца Андрэй Кунцэвіч, старшыня Слуцкай райарганізацыі "Белая Русь" і дырэктар "Слуцкага цукрарафінаднага камбіната". Яго намеснікам абраны Аляксандр Андрушкевіч, дырэктар Слуцкага філіяла Мінаблпаліва. Сакратаркай камісіі тут абраная Святлана Уласевіч, намесніца начальніка ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слуцкага райвыканкама.

У складзе Слуцкай раённай выбарчай камісіі таксама ў асноўным – бюджэтнікі і супрацоўнікі дзяржустаноў. Сярод іх – дырэктар "Слуцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву", галоўная бухгалтарка Слуцкага БРСМ, начальнік мясцовага філіяла "Мінскаблдарбуд", дырэктарка Слуцкага цэнтра сацабслугоўвання, дырэктар Слуцкай друкарні, начальніца юраддзела райвыканкама.

Як і ў суседнім раёне, большасць былі вылучаныя ад грамадзян шляхам сбра подпісаў. Для гэтага васьмі членам камісі прыйшлося прадаставіць не менш за дзесяць подпісаў ад мясцовых грамадзян.

Як праходзяць першыя паседжанні выбаркамаў у Мінску падчас пандэміі

У Беларусі праходзяць першыя паседжанні толькі што сфармаваных тэрытарыяльных камісій. У Мінску на некаторых паседжаннях ажыццяўляюць назіранне назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Ці паўплывала эпідэміялагічная сітуацыя з COVID-19 на працу выбаркамаў, і ці змянілася нешта ў іх працы ў параўнанні з іншымі выбарчымі кампаніямі – распавялі назіральнік Аляксей Лойка і назіральніца Наталля Сацункевіч.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства